Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, гэта зроблена для дадатковай прафілактыкі і з улікам пажаданняў навучэнцаў, якія не выязджалі ў Кітай. У лагеры БДУ «Брыганціна» дадаткова выдзяляць месцы для моладзі, якая прыездзе ў Беларусь з тых абласцей Кітая, якія не закрыты на каранцін і дзе не зарэгістраваны выпадкі захворвання.

«Размова ідзе пра дадатковыя меры для студэнтаў, якія не былі ў кантакце з хворымі і не наведвалі эпідэмічна-небяспечныя раёны», — адзначаюць у ведамстве.

Прымаць на ўмоўны каранцін у «Брыганціну» будуць ад сёння і не толькі навучэнцаў з БДУ, але і з іншых універсітэтаў, удакладніла «Нашай Ніве» прэс-сакратарка міністэрства Юлія Барадун.

Цяпер у «Брыганціну» накіраваны спецыялісты. Там усё падрыхтавана, каб навучэнцы маглі правесці 14 дзён. Медыцынскія супрацоўнікі, якія будуць працаваць у лагеры, прайшлі дадатковую падрыхтоўку.

Студэнты, што прыедуць з Кітая, будуць навучацца ў «Брыганціне» па індывідуальнай форме ў анлайн-рэжыме. Такія ж меры бяспекі ўведзены ва ўсіх абласцях краіны, дзе навучаюцца студэнты з Кітая.

Па дадзеных міністэрства, у нас навучаецца каля 5 тысяч кітайскіх студэнтаў. На канікулы за межы Беларусі выехалі 920 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0