Жыхары шматкватэрнага дома ў індыйскім горадзе Чалакуды паскардзіліся ўладам, што не могуць памыцца і набраць пітной вады, таму што з іх кранаў льецца алкаголь, піша Бі-Бі-Сі. Ён трапіў у адкрыты калодзеж і прасачыўся ў вадаправод.
Фота Joshy Maliyekkal
Аказалася, што шэсць гадоў таму побач з домам знаходзіўся бар. Ён даўно зачыніўся, а ўсё спіртное было канфіскавана і апячатана. Толькі на мінулым тыдні чыноўнікі горада атрымалі дазвол на яго ўтылізацыю. Яны не прыдумалі нічога лепшага, чым выліць 6000 літраў алкаголю ў яму побач з калодзежам.
Спачатку бліжэйшы жылы дом проста прапах спіртам, а потым з кранаў палілася сумесь лікёру, піва, брэндзі, рому і вады.
Свідравіну пачалі чысціць ад спіртнога, а пацярпелым арганізавалі дастаўку пітной вады. Жыхары патрабуюць пакарання для чыноўнікаў: перад утылізацыяй яны павінны былі паклапаціцца пра тое, каб не нанесці шкоду людзям і наваколлю.