09.02.2020 / 18:39

Сёння ўначы пройдзе раздача «Оскараў»: прагноз пераможцаў ад кінааглядальніка «Нью-Ёрк таймс»

Аўтарытэтная ва ўсім свеце газета «Нью-Ёрк таймс» папрасіла скласці прагноз уладальнікаў Оскара-2020 свайго кінааглядальніка Кайла Б'юкенена. Дзелімся з вамі ідэямі журналіста. 

Што да галоўнай намінацыі — фільм-пераможца — эксперт аддае перавагу ваеннаму фільму «1917» Сэма Мендэса (які стане і найлепшым рэжысёрам па выніках прэміі, лічыць Кайл Б'юкенен). 

Найлепшым акцёрам прызнаецца выканаўца ролі Джокера ў аднайменным фільме Хаакін Фенікс, а найлепшай актрысай — Рэнэ Зелвегер, выканаўца ролі актрысы Джудзі Гарленд у баёпіку «Джудзі». 

Запаветную статуэтку як найлепшы акцёр другога плана атрымае Брэд Піт за ўдзел у фільме «Аднойчы ў Галівудзе», а найлепшай актрысай другога плана стане Лора Дэрн за ролю ў стужцы «Шлюбная гісторыя». 

Фільм «Паразіты» рэжысёра Пон Чжун Хо атрымае прыз і за найлепшы арыгінальны сцэнар, і як найлепшы замежны фільм, перакананы кінакрытык «Нью-Ёрк таймс». 

Што ж, гэта толькі прагноз, хай і ад дасведчанага чалавека, а ўжо ў ноч на 10 лютага ў Лос-Анджэлесе назавуць сапраўдных пераможцаў. Чакаем! 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру