Прэм'ера харэаграфічнай пастаноўкі «En souvenir de Шагал» («Успамінаючы Шагала») расійскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага адбудзецца 14 і 15 сакавіка, наступныя паказы — 26 і 27 сакавіка, паведамляе прэс-служба Купалаўскага.

Фота прэс-службы Купалаўскага

Фота прэс-службы Купалаўскага

Мойша Сегал або Марк Шагал — імя, якое мастак узяў ўжо ў Парыжы —адзін з самых адметных еўрапейскіх авангардыстаў таго часу. Ён ніколі не забываў пра родны Віцебск, бо гэты горад падарыў яму не толькі ўспаміны, якія ён пазней увасобіў у сваіх палотнах, але і вялікае каханне. Спектакль на Купалаўскай сцэне — гісторыя лёсу Марка Шагала, ад самага нараджэння мастака да смерці яго музы Бэлы. Сяргей Зямлянскі і Купалаўскі тэатр знайшлі адно аднаго: рэжысёр на працягу многіх гадоў паглыбляўся ў шагалаўскую тэму, вывучаў яго творчасць і аўтабіяграфічныя крыніцы, а спектакль пра аднаго з самых значных мастакоў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, відавочна, павінен быў з'явіцца ў рэпертуары Купалаўскага тэатра. Спектакль будзе ўяўляць сабой вольную інтэрпрэтацыю жыцця і творчасці мастака, згодна з агульнавядомымі фактамі.

Над стварэннем спектакля працавала вядомая расійская пастановачная каманда. Сяргей Зямлянскі — рэжысёр і харэограф. Стварыў больш за 20 спектакляў у драматычных тэатрах Расіі, Латвіі, Ізраіля, а таксама працуе над пастаноўкай ў Паўднёвай Карэі. Жанр, у якім рэжысёр прадставіць спектакль у Купалаўскім тэатры, унікальны — гэта «спектакль без слоў», у якім уся гісторыя будзе расказана мовай цела без вербальных сродкаў.

Мастак па касцюмах і аўтар сцэнаграфіі — заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі, галоўны мастак Вахтангаўскага тэатра і двухразовы намінант прэміі «Залатая маска» Максім Абрэзкаў. Лібрэта да спектакля на аснове агульнавядомых фактаў з жыцця Марка Шагала напісаў Андрэй Шчоткін. Аўтар арыгінальнай музыкі да спектакля — Павел Акімкін. Мастак па святле — Аляксандр Сіваеў. Відэапраекцыю да спектакля з выкарыстаннем работ Максіма Абрэзкава створыць Сяргей Рылко.

Ролю Марка Шагала ў спектаклі выконваюць Павел Харланчук-Южакоў і Іван Кушнярук, ролю Бэлы — Марта Голубева і Вікторыя Чаўлытка. Таксама ў спектаклі задзейнічаны Кацярына Алейнікава, Ева Анікей, Павел Астравух, Андрэй Градабоеў, Таццяна Дзянісава, Андрэй Дробыш, Крысціна Дробыш, Антаніна Дубатоўка, Аляксандр Зелянко, Міхаіл Зуй, Дзіяна Камінская, Яўгенія Кульбачная, Юльяна Міхневіч, Настасся Навіцкая, Раман Падаляка, Павел Паўлюць, Міхаіл Світа, Іван Трус, Сяргей Чуб, Іларыя Шашко, Юлія Шпілеўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0