Анархісты Іван Комар і Мікіта Емяльянаў у судзе. Фота Надзеі Бужан

Анархісты Іван Комар і Мікіта Емяльянаў у судзе. Фота Надзеі Бужан

У Савецкім раённым судзе прайшлі судовыя спрэчкі па справе аб нападзе на будынкі Менгарсуду і СІЗА на Валадарскага. Эпізоды справы адбываліся 25 верасьня, 13 і 20 кастрычніка мінулага году. На лаве падсудных — актывісты анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў і Іван Комар, якіх вінавацяць у шэрагу злачынстваў, зьвязаных з нападамі. 11 лютага ў першай палове дня дзяржаўны абвінаваўца Максім Сеніў заявіў, што віна абодвух падсудных даказаная, і запатрабаваў ім ад суду па 7 гадоў зьняволеньня, піша «Радыё Свабода».

«Мэта перасьледу можа быць дасягнутая безь зьняволеньня»

Адвакат Дзьмітрый Лепрэтар лічыць пашкоджаньне будынку Менгарсуду, ва ўдзеле ў якім абвінавачваюць ягонага падабароннага Мікіту Емяльянава, а таксама Івана Комара, нязначным злачынствам. Паводле абаронцы, шкода ў 142 рублі, нанесеная будынку суду Емяльянавым, ужо кампэнсаваная, таму гэтае злачынства варта кваліфікаваць як малазначнае. Віну Емяльянава і Комара ва ўдзеле ў пашкоджаньні будынку СІЗА адкат лічыць недаказанай, бо, на думку абаронцы, не былі дасьледаваныя рэшткі прыстасаваньня, якое выкарыстаў Емяльянаў для нападу. Таксама адвакат мяркуе, што Емяльянаў і Комар ня ведалі пра тое, што адміністрацыйны корпус СІЗА № 1 — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Да таго ж гэтая каштоўнасьць, на думку абаронцы, не была пашкоджаная істотна: страты складаюць усяго 1 рубель 48 капеек.

«10 гадоў я наведваю ізалятар як адвакат. Што Пішчалаўскі замак — помнік гісторыі, мне гэта было вядома, але што прыбудова да ізалятара і адміністрацыйны корпус таксама помнікі, пра гэта даведацца было немагчыма, пачуў гэта ўпершыню», — сказаў суду адвакат Дзьмітрый Лепрэтар.

«У выніку з усяго абвінавачаньня толькі па частцы 1 артыкула 295-3 (выраб небясьпечнага прыстасаваньня) прашу суд прызначыць майму падабароннаму мінімальнае пакараньне, але ўлічыць, што Емяльянаў прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці ўпершыню. Лічу, што мэта крымінальнага перасьледу Емяльянава можа быць дасягнута без рэальнага зьняволеньня», — скончыў выступ у спрэчках адвакат Дзьмітрый Лепрэтар.

«Прашу па ўсіх абвінавачаньнях апраўдаць»

Адвакат Людміла Казак лічыць, што ніводнае абвінавачаньне Івана Комара ў судзе не было даказанае.

Адвакат заявіла суду, што Іван Комар ня кідаў лямпачкі з фарбай у будынак Менгарсуду і ня ведаў, што будзе рабіць Емяльянаў пры нападзе на будынак «Валадаркі», а іншае не даказана.

Сам Іван Комар не вырабляў «кактэйль Молатава» і не перавозіў яго па горадзе, мяркуе абаронца. Тое, што Іван Комар на просьбу Мікіты Емяльянава набыў лямпачкі, чырвоную фарбу і распушчальнік ды перадаў гэтыя пакупкі Емяльянаву, нельга лічыць падрыхтоўкай да злачынства, бо ён нічога ня ведаў пра пляны Емяльянава, зазначыла адвакат Казак.

Ня лічыць абаронца даказаным удзелам у нападзе на СІЗА тое, што Комар на просьбу Мікіты Емяльянава зьняў на відэа падзеі на вуліцы Валадарскага каля ізалятара. Тое, што будынак СІЗА — гісторыка-культурнайя каштоўнасьць, Івану Комару не было вядома, і таму намеру яго пашкодзіць у яго не было, лічыць адвакат Людміла Казак.

Адвакат нагадала суду пра заяву яе падабароннага Комара аб псыхалягічным ціску на яго адразу пасьля затрыманьня, шантаж з боку сьледчых, а таксама зьбіцьцё і пагрозы гвалту ў камэры ізалятара. Комар казаў пра сукамэрніка з татуіроўкамі, які патрабаваў ад яго «патрэбных паказаньняў». «Гэтыя заявы майго падабароннага ў судзе ніхто не абверг», — зазначыла адвакат Людміла Казак.

Што нападу на будынак Менгарсуду, то абвінавачаньне ў ім, паводле абаронцы Людмілы Казак, трэба зьняць з Івана Комара з прычыны «малазначнасьці злачынства».

Пракурор Максім Сеніў адмовіўся ад рэплік у адказ на аргумэнты адвакатаў.

Апошнія словы падсудных

Іван Комар у апошнім слове заявіў, што добра ведае судовую сыстэму ў краіне і не разьлічвае на апраўдальны прысуд.

«Матыў выстаўленага абвінавачаньня ўсім відавочны, але ўсё ж прашу суд не пазбаўляць мяне волі», — сказаў Іван Комар.

Апошняе слова Мікіты Емяльянава таксама было вельмі кароткае.

«У барацьбе за свабоду, справядлівасьць і правы чалавека мэта апраўдвае сродкі», — сказаў малады анархіст, якога вінавацяць у кіданьні «кактэйля Молатава» ў «Валадарку» і нападзе на Менгарсуд. Падсудны заявіў пра нязгоду з патрабаваньнем пракурора пазбавіць яго волі, але непасрэдна ў суду нічога не прасіў.

Прысуд анархістам Емяльянаву і Комару абвесьцяць 12 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?