12.02.2020 / 15:14

Былому мужу вядомай адвакаткі пагражае расстрэл. Але ён можа не дажыць да вынясення прысуду 12

У Мінскім гарадскім судзе ідзе працэс над 48-гадовым Уладзімірам Ляхавым. Непрыкметны мужчына — непасрэдны ўдзельнік бурлівага крымінальнага жыцця 1990-х. Яго біяграфія складаецца са злачынстваў, адсідак і прыгодаў, вартых серыялу. Са сціплых фактаў і гісторый знаёмых не да канца зразумела, што праўда, а што — мастацкая дадумка. Але абвінавачванні максімальна сур'ёзныя: рабаўніцтвы, бандытызм, забойствы… За такое могуць прысудзіць і расстрэл.

Вось што «Наша Ніва» даведалася пра асобу Уладзіміра Ляхава.

Спецназ, наркотыкі, чачэнцы

Уладзімір родам з Буда-Кашалёва. У канцы 1980-х ён адслужыў у спецназе. Як кажуць, нібыта паспеў паўдзельнічаць і ў Карабахскім канфлікце. Пасля войска не ведаў, куды прыткнуцца: вярнуўся ў Буда-Кашалёва, але там заняткаў не знайшоў.

«Пасля пераехаў у Мінск. Звязаўся з крымінальнікамі. Нейкі час быў у групе Шалая», — кажа знаёмы Уладзіміра.

Праўда, лёс Шалая (сапраўднае імя — Валерый Шэлаеў) быў кароткім. 19 чэрвеня 1996 года каля мінскага ўніверсама «Рыга» яго машыну ўзарвалі. 35-гадовы аўтарытэт загінуў. Версіі вакол забойства хадзілі розныя: выглядала, што выбух — вынік крымінальных разборак, але некаторыя лічылі, што забойства Шалая было працай тых самых дзяржаўных «эскадронаў смерці», якія зачышчалі крымінальнікаў.

Але яшчэ да смерці «начальніка» Ляхаў супрацоўнічаў з бандай Іслама Амагава, вядомага пад мянушкай Бяспалы.

Іслам Амагаў — чачэнец. Меў шэраг судзімасцяў, яшчэ з 1989 года быў ва ўсесаюзным вышуку. Але ў пачатку і сярэдзіне 90-х хаваўся ў Беларусі. Тады, як пісалі СМІ, чачэнская групоўка змагалася за аўтарынак у Малінаўцы.

Адным з самых гучных беларускіх «подзвігаў» Амагава з’яўляецца забойства крымінальнага аўтарытэта Сяргея Шырокага, вядомага як Боцмана. Боцман выйшаў з калоніі вясной 1993 года. Пасля кантраляваў нелегальны валютны рынак Мінска, ужо праз пару месяцаў пасля адсідкі набыў трохпакаёвую кватэру. Але ужо 7 жніўня 1993 года Боцмана забілі.

«У суботу Шырокі адправіўся адпачыць на Вячу з жонкай, сынам, сабакам па мянушцы Бакс, жонкай і дзецьмі свайго знаёмага. На зваротным шляху яго «васьмёрку» падрэзала машына, з якой выйшаў мужчына і ва ўпор расстраляў Боцмана, які быў за рулём. Тры кулі патрапілі аўтарытэту ў вобласць сэрца, яшчэ некалькі прайшлі наскрозь, зачапіўшы яго жонку. Аб здарэнні ў міліцыю паведаміла знаёмая, якая знаходзілася на заднім сядзенні з дзецьмі і не пацярпела. Аднак нічога карыснага аператыўнікам шакаваная жанчына не магла сказаць. Усё, што яна запомніла, — пасля таго, як забойца разрадзіў пісталет, ён не спяшаючыся пайшоў да сваёй машыны, павярнуўся і некаторы час стаяў і глядзеў на аўтамабіль аўтарытэту. Затым сеў за стырно і з'ехаў», — пісала «Белгазета».

Гэтым мужчынам і быў Іслам Амагаў. Праўда, высветліцца гэта толькі праз два дзясяткі гадоў.

Ляхаў, кажуць, быў на добрым рахунку ў крымінальным асяроддзі. Але ўся гэтая рамантыка мела і мінусы. Уладзімір пачаў ужываць наркотыкі.

«Чачэнцы яго і падсадзілі. Некалькі разоў ён злазіў з наркаты, ішоў, клаўся ў бальніцу… Пасля ізноў пачынаў. Лёс у Ляхава — ціхі жах, як той казаў», — кажа знаёмы Уладзіміра.

Нібыта праз тыя наркотыкі Уладзімір і падхапіў невылечную хваробу (дыягназ вядомы «Нашай Ніве», але заканадаўства забараняе раскрываць медыцынскую таямніцу).

У 1998 годзе Амагаў з паплечнікамі з’ехалі ў Чачню. З імі паехаў і Уладзімір Ляхаў.

«Але там пачаліся праблемы. Ляхаў хацеў вярнуцца ў Беларусь, а яго не адпускалі. Чаму — не ведаю, можа, таму, што шмат ведаў. Карацей, яго там утрымлівалі сілай. І, кажуць, Уладзімір там скраў футра сястры Амагава, неяк прадаў яго і пасля на перакладных змог даехаць да Мінска».

У 1999 годзе Ляхаў прыехаў у Беларусь. У Мінску яго затрымалі: падазравалі ў забойстве жанчыны. Некаторы час ён правёў пад вартай. Затым яго выпусцілі, пасля зноў змясцілі пад варту. Але пазней суд усё ж яго апраўдаў.

Праўда, па іншай версіі, у 1999 годзе Ляхаў сам прыйшоў у міліцыю. Нібыта хацеў распавесці, што ведае пра забойства жанчыны і хоча зняць з сябе падазрэнні.

«Ляхаў чым адрозніваецца ад іншых: ён добраахвотна усё расказвае. Ён не перакладвае віну, не ўвільвае. Як было — так і кажа. Ён вельмі неадназначны чалавек: у ім колькі дзярма, столькі ж і плюсаў. Дзярма нямерана: жорсткасці, іншага… Але хапае і станоўчага, паверце. Бывалі сітуацыі, калі ён ратаваў людзей», — запэўнівае знаёмы Уладзіміра.

Дарэчы, Іслам Амагаў у канцы 1990-х перабраўся ў Маскву. Там забіў міліцыянта, у 2002 годзе яго затрымалі. Цяпер ён за кратамі.

Спачатку грошы вымагаў, пасля следчым дапамагаў

Пасля таго, як суд прызнаў, што Ляхаў не вінаваты ў забойстве жанчыны, надоўга на волі Уладзімір усё роўна не затрымаўся. Праз пару гадоў ён сеў за разбойны напад на прадпрымальніка.

«Ляхаў з паплечнікамі хацелі ад прадпрымальніка грошай. У дом пайшлі паплечнікі, сам ён чакаў у машыне непадалёку… Але павязалі усіх», — кажа знаёмы Ляхава.

У 2004 годзе Уладзімір атрымаў 8 гадоў. Сядзеў у бабруйскай калоніі №2. Там жа падчас адбыцця пакаранння ён і даведаўся пра сваю невылечную хваробу. Там і заразіў першую жонку, якая прыязджала да яго на працяглае спатканне. Праўда, сам Ляхаў гэта катэгарычна адмаўляе. Па яго словах, жанчына ведала пра хваробу. «Ды і нават каб я не сказаў, яе б папярэдзілі супрацоўнікі калоніі», — заяўляў у сваіх паказаннях Ляхаў.

У 2007 годзе да Ляхава прыйшлі следчыя — у іх былі пытанні па яшчэ адной гучнай справе канца 1990-х. Тады ў Мінску знайшлі забітым сірыйскага бізнэсмена.

«Ляхаў — адзіны, хто аказаў дапамогу следству ў раскрыцці забойства. Праўду высветлілі менавіта праз яго паказанні», — запэўнівае «Нашу Ніву» знаёмы Уладзіміра.

У студзені 1998 года Аль-Фрэйджы Анвар Адай прыехаў у сваю кватэру на праспекце Машэрава, 13 (цяпер гэта праспект Пераможцаў). Праз некалькі гадзін цела сірыйца са шматлікімі ранамі знайшлі ў падвале дома. Пазней расказвалі, што бізнэсмена забілі сякерай. Па гарачых слядах забойцаў знайсці не змаглі. Не дапамагло нават тое, што справу узяў на асабісты кантроль Лукашэнка.

Аль-Фрэйджы быў дырэктарам кампаніі «Эмір Мотарс», якая займалася продажам аўтамабіляў праз «Таёта Цэнтр Мінск». Сярод актываў кампаніі было і казіно «Эмір». Менавіта перадзел маёмасці казіно і стаў прычынай забойства сірыйскага прадпрымальніка. Толькі праз 10 гадоў сілавікі вызначылі падазраваных: пяцярых беларусаў і аднаго чачэнца. І дапамог міліцыі нібыта якраз Уладзімір Ляхаў.

«Ён распавёў усё, што ведаў: дзе быў офіс, як планавалі, як сачылі за бізнэсменам. Але ў самім забойстве Ляхаў нібыта адмовіўся ўдзельнічаць», — кажа знаёмы Уладзіміра.

Шлюб з адвакаткай

Калі Ляхаў пагадзіўся даць паказанні, яго перавялі ў Мінск. З 2007 па 2010 год Уладзімір сядзеў на Валадарцы. У гэты перыяд яго жонка зацяжарыла і даведалася, што заразілася хваробай. У 2009, пакуль Ляхаў яшчэ сядзеў, яны развяліся.

Улетку 2010 года Уладзімір Ляхаў выходзіць на волю. І ў тым жа годзе афармляе другі шлюб — з адвакаткай Ганнай Дакуцькай, якая раней абараняла яго. Дзіўная гісторыя: раптоўны шлюб паспяховай адвакаткі з рэцыдывістам, які толькі-толькі «адкінуўся». Тым больш Дакуцька была абаронцай Ляхава, то-бок дакладна ведала пра ўсе яго прыгоды.

Адвакатка Ганна Дакуцька. Фота Kp.by

Але ж тут справа была не ў каханні. Знаёмыя сям'і кажуць, што шлюб быў фіктыўным. Калі Ляхаў вызваліўся, яму была патрэбная дапамога — тая ж прапіска. Адвакатка пайшла насустрач былому кліенту. Гэта была яе падзяка за нейкую старую паслугу.

Ганна Дакуцька сёння асоба вядомая. Удзельнічала ў гучнай «Справе 17», абараняла ашмянскіх мытнікаў, топ-менеджара «Беларусбанка» Мікалая Цырто. Таксама яна прадстаўляла інтарэсы Ілоны Герашчанка (тая судзілася з Люцыяй Лушчык), прадстаўляла інтарэсы Валянціны Губарэвіч, настаўніцы, якую парэзаў 9-класнік Данат Скакун.

Але Ганна Дакуцька больш не практыкуе. Яна працягвае працаваць у адвакацкім бюро, але ў 2019 годзе яе пазбавілі ліцэнзіі: Дакуцька за свае паслугі ўзяла наяўныя грошы без квітанцыі. Гэта сур’ёзнае парушэнне, праз яго Дакуцьцы давялося выйсці з калегіі адвакатаў.

Пасля выхаду на волю ў 2010 годзе Ляхаў падумваў з’ехаць з Беларусі. Але ж грошай у яго не было. І ў наступным годзе Уладзімір ідзе на махлярства. «Аднаго комерса ён раскалоў на $10 тысяч, — паведаміў «Нашай Ніве» знаёмы Ляхава. — Але ж падчас перадачы грошай яго затрымала КДБ».

Ізноў краты, следства, суд… У красавіку 2012 года Уладзіміру Ляхаву прысудзілі 5,5 года за таго «расколатага комерса». Ён сядзеў у Ваўкавыску, але ўжо у канцы 2014 года вызваліўся ўмоўна-датэрмінова.

Праз год Ляхаў развёўся з адвакаткай Ганнай Дакуцькай, аформіў інваліднасць праз сваю хваробу. Здавалася б, колькі там засталося, трэба сядзець ціха і лячыцца.

Але ж пачынаецца новая справа. За Уладзіміра зноў бярэцца Следчы камітэт. Прычына — забойствы 1990-х гадоў. Гэта забойства аўтарытэта Боцмана ў 1993 годзе, забойствы бізнэсменаў Ермаловіча і Харытонава ў 1995-м.

«Ён жа ўсё сам расказваў пра гэта, калі сядзеў з 2007 па 2010. Пра забойствы бізнэсменаў, пра забойства Боцмана… А пасля тое, пра што расказваў, яму самому і павесілі», — запэўнівае знаёмы Ляхава.

Але ж чаму тады не павесілі раней? Адказ можа быць у гісторыі яго старэйшага брата Ігара.

«Шнар» і «Манах»

Па словах блізка знаёмага з Уладзімірам чалавека, Ляхаў меў аўтарытэт у крымінальным асяроддзі. Да Уладзіміра нібыта нават прыязджалі ад злодзея ў законе Дзеда Хасана: прапаноўвалі Ляхаву таксама «карону».

«Але ён адмовіўся. Не захацеў. Казаў так: як мяне карануюць, то мяне хуценька прыбяруць нашы органы», — кажа знаёмы Ляхава.

Суразмоўца сцвярджае, што Ляхаў меў статус «палажэнца», які яго цалкам задавальняў. На крымінальным жаргоне «палажэнец» — гэта №2 у іерархіі, штосьці кшталту намесніка злодзея ў законе. Такі чалавек мае аўтарытэт вырашаць пытанні крымінальнай супольнасці і на волі, і ў турме.

«Уладзімір нават меў адпаведныя татуіроўкі, зоркі на плячах. Пасля, праўда, перабіў іх нейкімі іншымі малюнкамі, каб не мець праблем», — кажа знаёмы Ляхава.

Мянушка Уладзіміра была Шнар. Бо ў яго сапраўды быў шнар на лбе — трапіў неяк у ДТЗ, разбіў галаву.

Але разам з Уладзімірам у цёмных справах 1990-х удзельнічаў і яго брат Ігар. Як кажуць, Уладзімір сам перацягнуў Ігара з Буда-Кашалёва ў Мінск, калі пачаў «рабіць справы». Ігар на пару гадоў старэйшы, але ж характарызуюць яго зусім інакш, чым малодшага брата.

«Ігар — пальцы веерам, «поўны наперад!», корчыў з сябе нейкага сур’ёзнага і суворага злачынцу, хоць сам па сабе побач з Уладзімірам і не стаяў у іерархіі. Ён і розуму столькі не меў, і аўтарытэту, — кажа знаёмы Ляхава. — Ігар, можа, і быў выканаўцам. А роля Уладзіміра была іншая — ён на курок не націскаў».

У Ігара была мянушка Манах: бо ён пасля крымінальных 90-х працаваў у манастыры кіроўцам.

Цяпер Ігар адбывае пакаранне.

«Яго затрымалі ў 2007 годзе, калі займаліся забойствам сірыйца. Пасля раскруцілі яшчэ нейкія забойствы ў Віцебску, да якіх Ігар меў дачыненне. Ён атрымаў, здаецца, 11 гадоў», — расказвае знаёмы Ляхавых.

Па словах суразмоўцы, падчас адсідкі Ігар Ляхаў напісаў «маляву» — ліст. Па непацверджанай версіі, ён пісаў лісты з пералічэннем сваіх подзвігаў у 90-х, спадзяваўся, што яго карануюць як злодзея ў законе. Апісваў падрабязнасці забойстваў. Але ж гэтыя «малявы» трапілі ў рукі праваахоўнікаў — і вытворчасць па старых справах аднавілі.

У выніку, у 2016 годзе Уладзіміра змясцілі пад хатні арышт. І ён, і яго брат сталі фігурантамі крымінальнай справы па тых забойствах.

«Ігар панапісваў сабе лістоў на 25 гадоў», — падводзіць вынік суразмоўца «Нашай Нівы».

Быў новы суд. Ігара прызналі вінаватым у забойствах. Суразмоўца кажа, што Ляхаў-старэйшы ў выніку сапраўды атрымаў 25 гадоў. Да таго ж яго прызналі вінаватым і ў забойстве жанчыны, у якім раней падазравалі Уладзіміра.

«Была жанчына, якая вазіла прастытутак у Турцыю. І вось аднойчы яна прыляцела з Турцыі з грашыма — і знікла. Пасля яе рэчы знайшлі недзе ў полі.

Тады падазрэнні ўпалі на Уладзіміра Ляхава. Але ж яго апраўдалі. Яго брат Ігар тады ўвогуле выйшаў сухім з вады. Але пазней Ігар прагаварыўся ў сваіх «малявах». Бо высветлілася, што міліцыя не ведала нават асобу забітай — проста знайшлі труп. Толькі ў 2010 годзе, пасля «малявы» Ігара, правялі экспертызу ДНК і вызначылі асобу», — кажа знаёмы братоў Ляхавых.

Пасадзяць, калі дажыве

Цяпер па старых забойствах судзяць і Уладзіміра Ляхава. Працэс ідзе павольна — Уладзімір мае вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Журналіст «Нашай Нівы» наведаў адно з пасяджэнняў. На ім Уладзімір Ляхаў адмовіўся даваць паказанні.

Але, як кажуць яго знаёмыя, нібыта сам Уладзімір удзельнічаў толькі ў арганізацыі забойстваў. Выконвалі нібыта іншыя людзі.

Пра гэта ж кажа і адна з пацярпелых па справе — жонка забітага бізнэсмена Ермаловіча.

«Калі судзілі Ігара Ляхава, зачытвалі яго лісты. І прынамсі ў эпізодзе з забойствам майго мужа Ігар пісаў, што яны з братам толькі дапамагалі арганізоўваць забойства. Непасрэдна забіваў нібыта той чачэнец — Амагаў», — распавяла «Нашай Ніве» жанчына.

Знаёмы Ляхава кажа пра суд наступнае:

«Цікавае жыццё. Змагар са злодзеямі ў законе Ціхіня шмат хадзіў да Уладзіміра, размаўляў, Ляхаў многа чаго яму расказваў. А цяпер і Ціхіня сядзіць, і Ляхава пасадзяць… Калі дажыве, канечне».

Калі адбудзецца чарговае пасяджэнне па справе Уладзіміра Ляхава пакуль не паведамляецца. Апошняе што вядома на сёння — Уладзімір трапіў у рэанімацыю. 

Улад Швядовіч, фота Надзеі Бужан

13
Виноградов Павел / Адказаць
12.02.2020 / 15:44
Слушайте, любимая редакция, материал шикарный. Я вот только не понимаю, как его, отслужившего в армии (автоматная голова, так сказать) и сотрудничающего со следствием, кто-то там собирался короновать. Так же не бывает.
19
Жвір / Адказаць
12.02.2020 / 16:26
Matar`jal i nia varty NN.
9
Ліцьвін металіст / Адказаць
12.02.2020 / 16:58
Виноградов Павел, бывае, усё бывае. Вы што знаёмыя са сьветам злодзеяў, мабыць толькі па фільмах, дзе яўна прыўкрасілі яго, у рэальнасьці гэта брудны злачынны сусьвет, дзе паўсюль здрада і на кожным кроку кідалава
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру