16.03.2009 / 21:44

Спадарыня Лета 19

З Сібіры вярнулася яна ў Беларусь. Цяпер гэтую мініяцюрную мінчанку ў вышываным адзенні і карункавай палярыне ў твар ведаюць тысячы людзей. Хоць яна не з тых, каго паказваюць па тэлебачанні.

З Сібіры вярнулася яна ў Беларусь. Цяпер гэтую мініяцюрную мінчанку ў вышываным адзенні і карункавай палярыне ў твар ведаюць тысячы людзей. Хоць яна не з тых, каго паказваюць па тэлебачанні.

Лета, восень, зіма... Ці жыццё цячэ так хутка для ўсіх, ці толькі для мяне? Стаіш, як на пагорку, паміж маці і дачкой, паміж бацькам і сынам, і ўглядаешся ў неба, і ідзеш за сонцам... А сёння вечны калаўрот супыніўся: у «НН» у гасцях спадарыня Лета. Завітала ў «НН» Лета. Так усе называюць гэтую чароўную жанчыну. Яна вельмі маладая: тварам, душой, вопраткай сваёй цудоўнай. Значкам з «Пагоняй», зялёнай шапачкай, карункавай палярынай на плячах. Карэнная мінчанка. Сяброўка БНФ. Спадарыня Лілета Юстыновіч — спадарыня Лецейка.

— Ой, гэта такая неспадзеўка... Для «Нашай Нівы» гутарка?.. Кажаце, у мяне незвычайнае жыццё дый нават імя — Лілета... Нарадзілася я тут, у Мінску, у 1939 годзе. Імя мне даў татка. Ён загінуў на пачатку 1940-га на фінскім фронце. У мяне аскепачкі ўспамінаў...

Мама была настаўніца, а тата — інжынер з першага выпуску Політэхнічнага інстытуту, будаўнік — cветлы рай ім абаім. Да адпраўкі на фронт ён працаваў пяць гадоў у Мінску, не было ніводнага выхаднога... Але яго на лінію Манергейма кінулі... 12 сакавіка... 12 сакавіка ён загінуў, нам абвестка прыйшла...

Мама расказвала, што жылі мы на Койданаўскім тракце — цяпер гэта вуліца Чкалава — у старым дзедаўскім доме, і не было чым паліць грубкі, то маці з бабуляй секлі старыя венскія крэслы... Аднойчы бацька прыйшоў на абед разам з прарабам з будоўлі, і прараб, бачачы гэта, без ведама бацькі распарадзіўся прывезці нам воз нейкіх абрэзкаў на дровы. То бацька так сварыўся тады, такія вымовы даваў маці: «Як ты магла, ты ж ведаеш, якая цяжкая абстаноўка, цяпер усе так жывуць, як ты магла ўзяць гэтыя дровы!»

Бацька не быў партыйным, але шчыра верыў у ідэал. Як і многія з тых, хто ў 1937-м стаяў на краі гэтай ямы Курапацкай, шчыра верыў у савецкую ўладу.
У бацькі быў малодшы брат, Стась, дык вось ён, як я цяпер гэта разумею, якраз быў у супраціве савецкай уладзе, і бацька яго яшчэ ўшчуваў: «Як цябе зямля савецкая носіць!»

Некаторыя бацькавы лісты з фінскай вайны захаваліся: «Клавачка, я не разумею, чаму нам кожны дзень даюць гарэлку? Марозу ж няма».

Па прафесіі я інжынер. Не прынесла мне гэтая прафесія задавальнення. Але мама мне раіла так далікатна, не настойваючы: вось татка быў інжынерам, добра б, каб і ты... То я і скончыла Політэхнічны інстытут па спецыяльнасці кераміка. Мне гэтыя шкробы, чарапы і падабаюцца, але ж займацца прыйшлося больш цэглай... Божа, Божа, так і праскочыла жыццё, так хутка, так імгненна, без следу, і адзінае, што мяне трымае на плыву: удзячна лёсу, Богу перадусім, што я паспела яшчэ ускочыць у гэты цягнік часу. Нягледзячы ні на што. Час наш цудоўны! Я аптыміст. Калі мы дасёння не зніклі, то застанемся, пакуль зямля ёсць... Я спасцігаю гэта цяпер, хаця, можа, мне гэта і ненадоўга спатрэбіцца.

Пасля інстытуту я паехала ў Брацк, працавала там пяць гадоў.
Многа мне дала гэтая работа: сяброў адусюль, вялікую бібліятэку — бо там грошай плацілі няблага, то я выдаткоўвала іх на кнігі. Я везла вялікі кантэйнер з Сібіры сюды. А за апошнія гады я раздала бібліятэку сябрам: я ўсё гэта ўжо прачытала, хай цяпер, можа, людзі хто прыкладзецца да гэтага таксама. Так і цяпер: што купляю з кніжак, то раздаю моладзі па прачытанні.

Адным словам, я ўжо рыхтуюся да непазбежнага шляху. Спакойна гляджу на гэта. Пра адно малю Бога: каб даў час ведаць загадзя, час на пакаянне... Мяне хрысцілі пры немцах, таму ў мяне сваё стаўленне да акупацыі, як і ў многіх людзей.

Ведаеце, калі мне было дваццаць адзін, я ехала праз Сібір, з акна цягніка бачыла ўсе гэтыя бясконцыя драўляныя астрогі, то віхура пытанняў мучыла. Гэты неспакой, гэтыя пытанні, гэтыя няпэўнасць — яны чакалі свайго часу. Таму

ў 1989-м, калі пачалося Адраджэнне, я кінулася ў яго з галавой. Гэтыя дваццаць гадоў ім і жыву.

Мы, тыя, што без бацькоў раслі, разумелі, што гэта ненармальна, ненатуральна. У Мінску, у цэнтральных школах, мы вучыліся побач з дзецьмі партыйных вялікіх начальнікаў. У гэтых дзяцей былі бацькі, яны атрымлівалі кватэры, вялікія, з выгодамі. А сем’і карэнных мінчукоў доўга жылі нават у зямлянках. Таня Зычук, Лёня Карповіч, светлы рай яму... Настаўніца ўсё пыталася: чаму ў цябе, Лёня, плямы тлустыя на сшытку? А яны жылі бедна-бедна, мусіць, на адным століку і елі, і пісалі... Такія, як мы, усё імкнуліся зашыцца, затаіцца. Цяпер я думаю, што гэта такая была характэрная беларуская рыса.

Мы былі боўдзіламі — я асабіста пра сябе — у школьныя гады, усё было запраграмавана... Мы хадзілі шыхтамі, як салдаты: у культпаход у кіно, на суботнік, на дэманстрацыю. Нам давалі гэтыя партрэты на шчоглах, пасля дэманстрацыі мы іх адзін аднаму спіхвалі, не ведалі, куды падзець. Зусім не так цяпер: калі нясеш наш сцяг у Курапаты дзесяць кіламетраў і нехта з ветлівасці прапануе дапамагчы, заўсёды адказваеш: не, дзякуй, ад гэтага рукі не баляць...

Маці на ўсё была здольная, сама ўсё рабіла, а я не, а я не. І

дачка мая, дзяўчына мая такая. У 1990-м яна пераехала на Валожыншчыну, у Лоск, ужо пабраўшыся, з маленькай дачкой сваёй. Цяпер трое дзяцей у яе. Яна там жыве і ў Мінск нават не прыязджае. Яна адвучылася ва універсітэце нашым два гады, на біяфаку, і кінула — бо не яе гэта было. А цяпер яна пасвіць статак у Лоску…

Яна заўсёды была вельмі самастойнай. Так і ў школе, і з адукацыяй, і з мужам сваім сама ўсё вырашала. І печ сама сабе складзе, і абкосіць, і забарануе. А школку ў Лоску зачынілі ў тым годзе. І музей Сымона Буднага, адзіны, мусіць, у Беларусі, што быў пры школе, зачыніўся. Унукі мае туды хадзілі. А Верачка, старэйшая, так добра паступіла ў коледж, вучыцца цяпер на дызайнера тут у Мінску.

А я хачу скончыць жыццё ў Лоску — наша гэта зямелька, віленская, напалову бліжэй да Вільні.

Мама ўсё жыццё шкадавала, што мы не пераехалі ў Вільню…

А яшчэ мама любіла тэатр. І я таксама. Ён быў мне выратаваннем ад усяго крывога і злыдушнага. Галубок [адзін з бацькоў-заснавальнікаў сучаснага беларускага тэатру, забіты саветамі — Рэд.] у мамінай школе драматычны гурток вёў.

З тэатрам у нашай сям’і многа звязана... Бацькава сястра адна, Гэля Маеўская — светлы рай ёй! — была другой жонкай Фларыяна Ждановіча
[слынны актор тэатру імя Янкі Купалы. — Рэд.]. Ждановіч быў такі вельмі донжуаністы. А Гэля была прыгожая-прыгожая. І вось Ждановіч на час пакінуў сям’ю, у якой ужо была маленькая Ірына, потым славутая артыстка — не так даўно памерла, — і пайшоў да нашай Гэлі... Ох, яна таксама пахавана на гэтых Вайсковых кладах, каля самай царквы, трэба мне ёй шыльдачку паправіць, як сцяплее. Дык вось, яе радзіна была строга такая каталіцкая, і яна пасля гэтага адвярнулася ад Гэлі. А Ждановіч потым усё ж такі ацверазеў і яе кінуў. Ёй тады было 25 гадоў. І Гелена застрэлілася. Гелена Ждановіч, так і на шыльдачцы старой напісана...
Толькі ў тэатры я і бачыла сапраўдныя пачуцці... За сценамі тэатру людзі іграюць, часта кепска, цынічна.
У жыццё прыходзіш, каб верыць. А яно, бывае...

А ў тэатры я знаходзіла прытулак, прыстанак. Глядзела спектаклі, вяла дзённікі. Адзін і той жа спектакль магла глядзець процьму разоў, бо кожны раз гэта быў новы спектакль! Але тэатр быў мне патрэбны толькі тады, у тыя гады, калі рэальнае жыццё было такім фальшывым. Усё змянілася ў 1988 годзе.

Я перанесла страшныя сухоты, у мяне распадаліся лёгкія. Бог схацеў, каб я выкараскалася.

І вось

Дзяды 1988-га. Перадаць уражанне немагчыма. Жыццё сапраўднае пачалося з гэтага.
Публікацыі, сустрэчы, сябры-аднадумцы сталі заводзіцца. Якія аўдыторыі збіраў тады Пазняк! Якія масы людзей. Ад маці яго ў яго гэтыя рысы лідэра, гэты аскетызм. У яе, спадарыні Ганны, у вачах — мужнасць і мудрасць.

І як адрэзала ў мяне з тэатрам. Прапала патрэба. У мяне з’явілася замена. Бо чалавек не можа жыць без падпарадкавання ўсяго сябе нейкай галоўнай ідэі, патрэбе. Мы такіх словаў не ўжывалі ніколі, але гэта так. У каго гэта матэрыяльная патрэба: дня не пройдзе, каб не забег у краму, проста так, абы зайсці. У каго патрэба чытаць. Вось Ядзя Пятроўская — вы яе ведаеце? — яна ходзіць на тры імпрэзы ў дзень! Дзе што адбываецца — яна там. Потым ганіць мяне: чаго ты не прыйшла туды і туды? І я ёй адказваю: дык я яшчэ не пераварыла таго, што было тры дні да таго! Я пераварваю павольна…

Я жыла па жарсцях, па пачуццях — але не зусім бяздумна. Крытычных дурнотаў не было. Наканаванасць нейкая мяне вяла. І з замужжам так адбылося: я выйшла замуж у 28 гадоў за былога аднакласніка, не з вялікіх пачуццяў, не з роспачы. Вось менавіта нейкае наканаванне.

Вялікае каханне было ў мяне таксама — з 10 гадоў... І гэты чалавек зрабіў мне прапанову ў 2006 годзе, ужо незадоўга да смерці... І я сказала тады: а дзе ж ты быў 50 гадоў таму?
Гэта было патаемнае, чыста маё каханне…

А сухоты мае скончыліся тым, што здароўе сабе я вярнула. А спадара свайго страціла... Пакуль я была ў лякарні год, ён вельмі сышоўся з маёй сяброўкай. Мы ніколі не сварыліся, не ганілі адзін аднаго... Так выйшла. Напісаў цыдулку: «Лета, дай пісьмовую згоду на развод»... Спакойна я цяпер пра гэта расказваю, а тады... Пачуцці тыя словамі не перадаць.

…Бог не можа дапусціць, каб чалавек назапашваў веды і розум, і раптам гэта абрывалася... Сочыш за сабой, каб зусім не ператварыцца ў пытальнік. Вы гэтага пакуль не разумееце.

Я хачу паслужыць. Паслужыць сітуацыі. Чым? Я заўсёды кажу сяброўкам: мы можам гаварыць з людзьмі. Мы можам дзяцей глядзець: я вось глядзела сыночка Піта Паўлава, Яна Вінцэнта. І сваіх унукаў у мяне трое.

Я ўвесь час думаю: чаму пасля пад’ёму пачатку 1990-х настаў такі спад адраджэнскага руху? Калі ў 1999 годзе быў раскол Фронту, мы былі ў шоку, у роспачы! Зараз, калі пачынаеш шукаць, то відна вельмі яскрава, адкуль ногі растуць! Але

я цвёрда ведаю, што Пазняк вернецца, і вернецца з трыумфам, так, як вярнуўся ў свой час у Чэхію Ян Масарык.

Наталка Бабіна

0
Ірына Л. / Адказаць
16.03.2009 / 21:58
Дзякуй, дзякуй вялікі за гэтую размову, за чысціню...Ведаю гэтую мілую кабету ад канца 80...і заўжды хацела даведацца: хто яна, адкуль... Яна так чыста й прыгожа спявае. Вось яно..як. Дзякуй, Наталка, што дала магчмыасць і..
0
Пячорка / Адказаць
16.03.2009 / 22:21
Выдатна!
0
Таццяна Елавая / Адказаць
16.03.2009 / 22:27
дзякую Наталцы за цудоўны артыкул. спадарыні Вілеце - вялікая павага і ўдзячнасць за тое многае, што Вы робіце для Беларусі.
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру