12.02.2020 / 07:11

Віктар Марціновіч: Як зрабіць дзяржаўныя СМІ рэйтынгавымі 24

Фота БелТА

Віктар Марціновіч піша на budzma. by пра папулярнасць дзяржаўных СМІ, тэлеграм-канал «Пул Першага» і свабоду выказвання, як фактар нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі.

Калі па выніках «лёсавызначальнай» нарады цікавым для нас бокам не паварочваецца анічога, глядзі, што менавіта робіцца першым. І з гэтай логікі не словаў, а дзеяў выбудоўвай прадчуванне будучыні.

Адмыслова пачакаў два дні, каб паглядзець, як нас будуць рыхтаваць да новых «лёсаў».

Навіны дзве:

1) Беларусь пачала адбор «тэхнічнай нафты» з нафтаправоду «Дружба».

2) Адбылася нарада з дзяржаўнымі СМІ па інфармацыйнай бяспецы.

Выснову зрабіць проста: па-першае, нафта. Яе зараз зробіцца мала — агучаныя аб’ёмы паставак пакрываюць толькі ўнутраныя патрэбы. Заправіць корч дызелю хопіць, прадаваць вонкі — не. Нафта = грошы. Валютны прыбытак. Рабіце высновы.

І наіўна, дарэчы, чакаць рэформаў.

Не будзе ніякіх рэформаў.

Бо навошта патрэбныя рэформы, калі вонкавых грошай не стае? Маю на ўвазе, у здаровых краінах.

Каб навучыць сістэму жыць на меншым бюджэце. Каб прыцягваць інвестыцыі.

Пагадзіцеся, гэта не наша схема.

Наша схема — яшчэ найлюцейшая вайна з дармаедамі. Каб за камуналку аддавалі ўтрая больш. Нарады з патрабаваннем «здабыць з-пад зямлі». «Барацьба з карупцыяй» — быццам, карупцыя магчымая тут, у настолькі празрыстай сістэме, без узгадненняў з тымі, хто ваюе.

Пры дэфіцыце вонкавых грошай крыніцай паступлення ў бюджэт робяцца грамадзяне.

Мы з вамі.

То я б чакаў, што ўсе незабудаваныя дзіцячыя пляцоўкі, школьныя стадыёны, заказнікі і ўрочышчы будуць канчаткова «ўшчыльненыя». Бо вы ж будзеце набываць гэтыя кватэры.

За грошы.

Я б чакаў, што падаткі стануць яшчэ цікавейшымі. Што бензін хутка пачне даражэць не па капейцы за тыдзень. Вось гэта наша логіка.

І я, дарэчы, не ведаю, што б сам прапанаваў на іхным месцы. Бо часы простых рашэнняў прайшлі.

Рэформы трэба было рабіць замест «Дажынак» і лядовых палацаў.

Але ёсць яшчэ «інфармацыйная бяспека».

«Ці тое яшчэ будзе. Нас чакаюць яшчэ складанейшыя рэчы, якія проста будзе складана абвяргаць. Прынамсі, у кароткім прамежку», — відавочна, што сістэма ўсвядоміла сваю ўразлівасць.

А што з ёй рабіць — не ведае. Бо з медыямі адбылося роўна тое самае, што раней з бізнесам. Калі душыш сваіх, развівацца пачынаюць чужыя. Так мы аказаліся на тым самым перакрыжаванні, якое «прастрэльваецца з усіх бакоў».

І наіўна, праўда, думаць, што пасля строгай нарады, на якой прапанавана «чэсна і аб’ектыўна гаварыць з людзьмі на зразумелай мове», дзяржаўныя СМІ зменяцца і сапраўды пачнуць «гаварыць на зразумелай мове». Бо мова — гэта ж адна з самых складаных для змянення рэчаў, простае адлюстраванне ўнутранага свету.

І калі ў гэтым унутраным свеце дамінуе асцярожнасць, паліткарэктнасць (мякка кажучы) і два няпісаныя прынцыпы: «абы не было чаго» і «вы ж самі разумееце» — дык навошта глядзець такія СМІ? Навошта іх чытаць? Каб падзівіцца глыбіні чужых прагібаў? Паспрабаваць нешта зразумець з недагаворак?

Уласна, у дзяржавы цяпер ёсць толькі адно паўнавартаснае медыя — гэта тэлеграм-канал «Пул Першага», які цікавы дзякуючы супадзенню трох фактараў:

а) вядзе яго адносна маладая асоба, якая не абцяжарвае сябе шпрэханнем на людажэрным савецкім «наваязе» інфармацыйнага чынавенства;

б) гэтая асоба ўвесь час непасрэдна знаходзіцца ў месцах прыняцця рашэнняў, а таму не вымушаная стасавацца з цемрашальскімі «гейткіперамі»;

в) праз асабістую апаратную вагу аўтар «Пула» адчувае сябе свабодным чалавекам хаця б у той ступені, у якой сябе адчувае свабодным Ваня Ургант (насамрэч тая яшчэ свабода, але для мільёнаў узгадаваных праграмай «Время» хапае).

Адна незадача: супольны ўплыў «Пула» цяпер несупастаўны нават з мікраскапічным «Трыкатажам»: у «Трыкатажа» 17 тысяч чытачоў, у Пула — 10 тысяч (у «Нехта» — 200 тысяч).

Уласна, задача, пастаўленая перад сістэмай, — зрабіць усіх бюджэтных мастадонтаў «Пулам Першага». А сам «Пул» — хаця б настолькі ж папулярным, наколькі ў YouTube папулярныя сія-тыя выпускі «Белсата».

Як гэтага дамагчыся?

У адрозненне ад сітуацыі з грашыма, у мяне ёсць адказ.

Трэба даць журналістам у пінжаках болей свабоды.

Памятаеце, якой папулярнай зрабілася тэлевізія часоў Перабудовы? Якія ўзніклі там персанажы — Лісцьеў, Кісялёў (каторы з вусамі), Неўзораў (гэты дзядзёк яшчэ барахтаецца ў Інсце). Усе яны не былі «апазіцыяй», яны ўзніклі з рэдакцый савецкага ТБ. І пры гэтым людзі ім верылі. Яны сталі тымі самымі «лідарамі думак», якімі прэзідэнт пажадаў бачыць сучасных беларускіх медыйных службоўцаў?

Шукайце сваіх Ваняў Ургантаў. Вяртайце «Беларускія маладзёжныя». Паверце, вечаровае шоу «Макаёнка, 9», мякка кажучы, не канкурэнт «Першаму». І гэта ўсё, як вы самі разумееце, ужо не пытанне «спадабацца Захаду, каб той зняў санкцыі». Свабода цяпер патрэбная, каб супрацьстаяць тым самым «стрэлам у спіну».

Яна мусіць успрымацца не як выклік сістэме, а як адзіны сродак здабычы нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі. Зрабіце свой выбар і не памыліцеся.

17
Баршчэўскі / Адказаць
12.02.2020 / 07:51
адказ просты: дзяржаўных СМІ ў шырокім сэнсе быць не павінна ў прынцыпе! Адміністрацыя прэзыдэнта можа выпускаць інфармацыйныя бюлетэні/праграмы хоць кожны дзень, але ня можа быць "прэзыдэнцкай" публіцыстыкі або аналітыкі. Эканомія дзяржбюджэту выйшла б немалая. 
Грамадзкім тэлебачаньнем павінна апекавацца  грамадзкая рада, у якую павінны ўваходзіць прадстаўнікі ўсяго спэктру поглядаў - ад лібэралаў да артадаксальных камуністаў, ад нацыяналістаў да рускаміраўцаў. І з прысутнасьцю аднаго чалавека ад дзейнай улады.
Віктар Марціновіч у гэтым выпадку ніяк не адыдзе ад савецкіх або гітлераўскіх шаблёнаў.
10
Таки вот / Адказаць
12.02.2020 / 07:55
Наивный Мартинович. "Памятаеце, якой папулярнай зрабілася тэлевізія часоў Перабудовы? Якія ўзніклі там персанажы — Лісцьеў, Кісялёў (каторы з вусамі), Неўзораў (гэты дзядзёк яшчэ барахтаецца ў Інсце). Усе яны не былі «апазіцыяй», 
https://nn.by/?c=ar&i=245963
Оппозицией н е были. Но сделали для развала СССР больше всякой оппозиции. Что не понимает Мартинович, то прекрасно понимает Лукашенко. Так что "перестройки" не жду. Скорее поверю в скоротечную перестрелку. А впрочем существовать этому режиму, этому государству осталось немного. А мертвому припарки бесполезны. Потому что элементарно поздно уже что либо улучшать. Все сгнило.
33
Дэміург / Адказаць
12.02.2020 / 08:11
Правільна я ня чытаў Віктара Марьціновіча, які дапамог раскруціцца здрадьніку Радзімы з Нямеччыны "рэжысэру" з кантрафактным прадуктам, парушаючым прозу В.Марьціновіча - нясе небясьпеку сваімі "рэформамі", ды толькі адно правільна кажа - аб свабодзе дьля СМІ дзяржаўных. Але да чаго давядзе свабода Жукоў з Эйсмантамі і Давыдзькамі - жах падумаць! Адзіны нармалёвы - Азаронак малодшы - хаваецца ад мяне!..
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру