Нават з каронамі Міхалок умудраўся дэманстраваць непрыстойнасць. Фота generation.by

Нават з каронамі Міхалок умудраўся дэманстраваць непрыстойнасць. Фота generation.by

Ганна Хітрык стала рок-князёўнай. Photo.bymedia.net

Ганна Хітрык стала рок-князёўнай. Photo.bymedia.net

Між выступамі рокераў даваў джазу сімфанічны аркестр. Фота gazetaby.com

Між выступамі рокераў даваў джазу сімфанічны аркестр. Фота gazetaby.com

Хопіць. Трэба ўжо прызнацца, у нас не самая лепшая краіна. Як у іншых дзяржавах трэцяга свету, у нас буяе дзіцячае «Еўрабачанне», але досыць неразвіты дуэт «Гук і Чэк» (у простамоўі — шоў‑бізнэс). У дадатак годзе хлусіць, што Мінск — сталіца. Піша Павал Касцюкевіч.

Тыя, хто прыехаў на «Рок‑каранацыю» ў маладзечанскі Дом культуры, маглі бачыць, дзе ў рытме року грукае сэрца Беларусі. Спрытны беларускі бамонд як міленькі сеў на электрычку «Мінск—Маладзечна». Вы веры не дасьцё: тут ёсць вялікі сімфанічны аркестр імя Міхала Клеафаса Агінскага (гучыць, гучыць як!), а таксама блюз‑бэнд. А пасля псіхадэлічнага сольнага выступу на «Рок‑каранацыі» кампазітара Андрэя Іванова, наўзбоч якога стаяла бандура, якая замяняла ўвесь гурт «Зарціпо», зразумелася, што вялікі адронны калайдэр краіны таксама месціцца тут. Ну і, вядома, сталіца ў Маладзечне, бо менавіта тут, у паўнюткай зале на 900 месцаў, быў каранаваны новы рок‑кароль.

Як заўсёды адстароненая «Троіца», узброеная неспасцігальным жалем, а таксама ўсімі сваімі жалейкамі і жалеечкамі атрымалі прыз «Традыцыі і сучаснасць». Віталік Артыст з «Без білета», які атрымаў кароны за «Выканаўца году» і «Кліп году», пацвердзіўшы рэнаме, узрушыўшы залу рэфрэнам «У‑у, Афрыка!». «Нейрадзюбелі» панкавалі і «гузікавалі». Пра жыццё, што як дзіўны сон, цягнулі яшчэ першыя рок‑каралі «Крама». Прызнавалася вясне ў каханні па‑дзецідзіцячаму непасрэдная Ганна Хітрык, новаспечаная рок‑князёўна.

І тут з’явіўся ён. Ва ўніформе шпанюка, накачаны і такі малады. Наш кароль. Небалюча ўкусіў за ногу вядучую, слоўна падкусіў прэсу, прымераў рок‑карону паміж ног. З першымі яго крокамі па сцэне зала ўспомніла, што яна не абы‑дзе, а на рок‑канцэрце і жвава паднялася. А ён чытаў вершы, пабудаваныя на супрацьпастаўленні тытанаў і пацукоў. Хацелася набіць сабе ягоную татуяванку і пайсці ў трэнажорную залу. Гэта хлопчыкам. Дзяўчатам, што пусціліся ў імпэтныя скокі, хацелася ўс(яго) і цалкам.
Нават блюз‑бэнд, які забыліся на сцэне, ківаў у такт ракенрольным песням саксафонамі і трамбонамі. Пеліся «Маніфест», а таксама ўсебеларускія (і як пакрысе высвятляецца, усерасійскія) баевікі, больш вядомыя пад назвамі «У правай руцэ «Снікерс», у левай руцэ «Марс» і «у.е. — б’ютыфал смайл». Хай жыве новы кароль!

Пераможцы ў намінацыях

Адкрыццё году — гурт «Esprit»

Традыцыі і сучаснасць — гурт «Троіца»

Рок‑князёўна — Ганна Хітрык («ДзеціДзяцей»)

Выканаўца году — Віталь Артыст («Без білета»)

Кліп году — «Мечтатели» («Без білета»)

Песня году — «Зорачкі» («Ляпіс Трубяцкой»)

Альбом году — «Маніфест» («Ляпіс Трубяцкой»)

Рок‑карона (гурт году) — «Ляпіс Трубяцкой»

Дыпломам «За вялікі ўнёсак у разьвіццё беларускага рок‑н‑ролу» адзначаны Андрэй Іваноў (гурт «Зарціпо»). Адмысловыя ўзнагароды атрымалі: «Авангардшкола» — ад «Нашай Нівы», «Троіца» — ад грамадскае ініцыятывы «Будзьма!», IQ48 — ад Generation.bY, Esprit — ад univer.by, «Крама»; — ад пісьменьніка і выдаўца Ўладзіміра Сіўчыкава, «Сад» — ад Эўрапейскага радыё, «Князь Чарадзей» — ад Global CD.

Галасы:

Пятнаццаты рок‑кароль Сяргей Міхалок: «Дзякуй усім лечашчым дактарам, якія вярнулі людзям весялосць».

Дзяўчаты, якія прарваліся ў грымёрку і сфатаграфаваліся з Міхалком: «Цяпер тут з намі ўсе фатаграфавацца будуць!»

Чалавек у цывільным, спрабуючы прайсці за кулісы: «Пусціце я хоць з краёчку стану, пагляджу. Я міліцыянер. Вось пасведчанне». Не пусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0