14.02.2020 / 18:52

У Нацыянальным аэрапорце сталі дзейнічаць электронныя пасадачныя талоны

У Нацыянальным аэрапорце Мінск нароўні з папяровымі сталі дзейнічаць электронныя пасадачныя талоны.

Электронны дакумент змяшчае тую ж інфармацыю, што і папяровы, — асабістыя даныя пасажыра, назву авіякампаніі і двухзначны код перавозчыка, нумар рэйса, назвы аэрапортаў адпраўлення і прызначэння, дату і час палёту, а таксама іншыя важныя даныя.

Электронны талон можна атрымаць пасля самастойнай анлайн-рэгістрацыі на сайце авіякампаніі, калі яна мае такую паслугу, або праз праграму. Талон даступны для запампоўкі і можа быць адпраўлены па электроннай пошце.

Каб прайсці перадпалётны дагляд, неабходна прад'явіць супрацоўніку службы авіяцыйнай бяспекі электронны пасадачны талон, і спецыяліст зробіць адпаведную адзнаку ў базе даных па аналогіі са звыклым штампам у папяровым дакуменце. Калі смартфон або планшэт, на экране якога можна ўбачыць электронную версію пасадачнага талона, выключыцца або разрадзіцца, пасажыру прыйдзецца раздрукаваць звычайны пасадачны талон на стойцы рэгістрацыі.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру