14.02.2020 / 19:28

У Пінску ў маленькай дзяўчынкі знайшлі ВІЧ. Ні ў каго з членаў сям'і ён не знойдзены 14

Святлана з Пінска нарадзіла дачку ў лютым мінулага года. Па словах жанчыны, падчас родаў малой зламалі ключыцу. З радзільні дзіця перавялі ў дзіцячую бальніцу: Святлану разам з малечай не паклалі праз тое, што яна жыве ў горадзе і можа наведваць яе ўвесь час. Жанчына хадзіла да дачкі праз дзень: акрамя нованароджанай, у яе ёсць і іншыя дзеці, піша «Брестская газета».

«Грудзьмі я яе не карміла, таму што па стане здароўя мне забаранілі», — распавядае жанчына.

Праз некалькі тыдняў малую выпісалі дадому. А ў жніўні мінулага года дзяўчынку зноў паклалі ў шпіталь — на гэты раз з сыпам. Да выпіскі аналізы былі добрыя, гемаглабін у норме.

«А ў кастрычніку мы трапілі ў бальніцу. У яе гемаглабін упаў, а ХАЭ паднялася. Вось з гэтага моманту мы ўсе лечымся і лечымся. Потым нас адправілі на Брэст да гематолага. Аналізы паказалі тое самае — гемаглабін нізкі, ХАЭ высокая. Мы вазілі яе на ўколы, праз дзень ёй калолі ўколы, каб падняць гемаглабін. Гемаглабін не паднялі. Потым мы былі дома. Здарыўся прыступ — курчы, вочы закочваліся. Хуткая забрала нас у бальніцу. У Брэсце кардыёлаг даў накіраванне на аналізы платныя і бясплатныя здаць. Здалі платныя. На наступны дзень нам тэлефануе інфекцыяніст і кажа, каб мы пад'ехалі з дзіцём», — распавядае Святлана.

Вось тады бацькі і даведаліся, што ў іх дзіцяці — ВІЧ. Натуральна, усю сям'ю, у тым ліку і астатніх дзяцей, адправілі на аналізы.

«Усе здалі. Ва ўсіх вынікі адмоўныя. Потым у яе ўзялі паўторна аналіз, адправілі на Брэст, адправілі на Мінск. З Брэста вынікі прыйшлі хутчэй, а пра вынік з Мінска нам сказалі, ужо калі нас паклалі ў шпіталь. Усе чатыры аналізы ў дачкі аказаліся станоўчымі», — кажа жанчына.

Яна схіляецца да версіі, што дзяўчынку маглі заразіць або ў радзільні, або ў бальніцы. Другі варыянт здаецца ёй больш верагодным, таму што там малая ляжала без мамы.

Паводле інфармацыі блогера Сяргея Пятрухіна, да якога Святлана звярнулася з просьбай асвятліць гэтую сітуацыю першаму, гэта не адзінкавы выпадак выяўлення ВІЧ у дзяцей у дзіцячай бальніцы ў Пінску. Больш за тое, спасылаючыся на свае крыніцы, Пятрухін сцвярджае, што ведамствы, якія праводзілі праверку, схіляюцца да версіі, што гэтым спецыяльна займаецца нехта, звязаны з бальніцай.

Мяркуючы па словах галоўнага лекара медустановы Мікалая Целяціцкага, да якога «Брестская газета» звярнулася па каментар, крымінальная версія не выключаецца.

«Наконт дыягназу дзіцяці — не магу нічога пацвярджаць, гэта ўрачэбная таямніца. Калі бацькі лічаць патрэбным агучыць гэта — яны агучылі. Але я не маю такога права. Праводзіцца ўнутраная службовая праверка на ўзроўні горада, вобласці, Следчага камітэта. Разглядаюцца розныя медустановы, не толькі наша бальніца», — сказаў галоўны доктар.

На пытанне аб тым, ці праўда, што ў Пінску з пачатку года гэта ўжо не першы выпадак выяўлення ВІЧ у дзяцей, Мікалай Іванавіч адказаў, што нічога не можа на гэты конт сказаць — дзеці з ВІЧ ёсць і ў Пінску, і ў Брэсце і гэтак далей.

Што тычыцца выпадку з дачкой Святланы, паводле яго слоў, нельга выключаць сацыяльна-бытавыя моманты і нават крымінальны характар.

Цяпер дзяўчынка з татам ляжыць у шпіталі.

32
Палкоўнiк Зэман. / Адказаць
14.02.2020 / 19:35
Тэст на ДНК рабiлi???
1
Ну что сказать / Адказаць
14.02.2020 / 19:51
Это ужас. Наверное, трясут всю больницу и всех в ней лечившихся.
7
Жвір / Адказаць
14.02.2020 / 20:27
Палкоўнiк Зэман., u maci chvaroba nie vyjaūliena. Chutčej za ūsio dzicia trymala heta praz pryščepki ci inšyja miedpracedury. 
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру