Грамадства4242

«Яго ідэалам быў Каліноўскі». Мама палітвязня Емяльянава расказала пра сына-анархіста і сваю працу ў міліцыі

Асуджаны на сем гадоў турмы Мікіта Емяльяняў.

Анастасія Емяльянава — дачка следчага, які загінуў. І сама стала следчай па слядах бацькі. І муж у яе следчы — яны пазнаёміліся, калі вучыліся ў Акадэміі МУС. Сышла Анастасія са Следчага камітэта, каб гадаваць дзяцей — іх у сям'і чатыры, усе сыны. Дзяцей гэтая пара следчых гадавала ў беларускім духу і хрысціянскай веры. Усе дзеці прыслужвалі ў храме, у сям'і ніколі не святкавалі 23 лютага і 8 сакавіка: «ды і мае бацькі іх не святкавалі ніколі», — тлумачыць яна. Анастасія з мужам ведалі, што іх 19-гадовы сын анархіст, але не здагадваліся, што ён задумаў зрабіць. Арышт сына стаў для сям'і страшным выпрабаваннем. Як патлумачыць 5-гадоваму сыну, куды падзеўся яго брат? Але калі мама пачула жорсткі прысуд, яна ўспомніла адказ Тэадора Нарбута генералу Мураўёву.

Анархістам Івану Комару і Мікіту Емяльянаву далі па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі суворы прысуд яны атрымалі за тое, што кінулі лямпачкі з фарбай у сцяну Мінскага гарадскога суда і за тое, што кінулі кактэйль Молатава у дзверы турмы Валадаркі (праўда, нічога не загарэлася). Так хлопцы пратэставалі супраць рэпрэсіўнай сістэмы.

«У барацьбе за свабоду, справядлівасць і правы чалавека мэта апраўдвае сродкі», — сказаў Мікіта Емяльянаў у сваім апошнім слове ў судзе.

Шкоду ацанілі ў 140 рублёў за сцяну суда і ў 1,5 рубля — за дзверы СІЗА. 

«Наша Ніва» сустрэлася з мамай аднаго з хлопцаў, Мікіты. Анастасія Емяльянава распавяла пра выхаванне сына, працу ў міліцыі і сваю рэакцыю на рашэнне суда.

Анастасія Емяльянава гадуе чатырох сыноў.

«Наша Ніва»: Вы былі ў зале суда падчас абвяшчэння прысуду. Што вы адчулі, калі суддзя сказаў: «7 гадоў»?

Анастасія Емельянава: Я, вядома, не чакала такога выніку. Не страчвала да апошняга моманту надзею, што будзе больш адэкватнае пакаранне. Думала, можа, будзе ўмоўны тэрмін ці адтэрміноўка — нешта такое, што б утрымлівала чалавека, вісела над ім як дамоклаў меч. Пакаранне, якое б матывавала яго да законапаслухмянай дзейнасці, каб чалавек ведаў, што калі яшчэ штосьці зробіць, то атрымае пакаранне.

Ну і я думала, што самым горкім выракам будзе пазбаўленне волі, але ж у нейкіх адэкватных межах. Баялася, што дадуць год ці два, ну максімальна, ужо зусім жахлівае пакаранне — тры гады. Сем гадоў — гэта было вельмі нечакана. Я разгубілася…

Іван Комар (злева) і Мікіта Емяльянаў падчас суда.

Адразу нахлынулі думкі пра сям’ю. У нас чацвёра дзяцей, Мікіта найстарэйшы з іх. Самаму малодшаму хлопцу — 5 гадоў. І дзеці мусяць расці разам, у адной сям’і, камунікаваць… А тут проста вырываецца адзін з братоў з сям’і — і што рабіць яго малодшым братам? Можа, ён забудзе Мікіту, пакуль той будзе сядзець? Я не ведаю.

Прыйдзецца, напэўна, фотаздымкі паказваць, што вось гэта твой старэйшы брат. Бо малы чакае яго, пытаецца: «А дзе Мікіта? Калі ён прыйдзе дадому?» Я пра турму не казала, адказвала, што Мікіта далёка, але мы чакаем яго і молімся, што ён вернецца. Спадзеў, што Мікіта вернецца, быў да апошняга. Малы пытаўся: «Мама, мы Мікіту чакаем?» Я адказвала: так, вядома, мы яго чакаем.

Нават такі банальны побытавы момант: я набывала дзецям печыва і казала, каб усё не з’ядалі, бо, можа, хутка Мікіта вернецца, каб яму пакінулі пакаштаваць… Цяпер тое печыва я перадала яму ў СІЗА.

Мы атрымлівалі пагрозы ў адрас нашай сям’і, што калі наш сын не будзе сябе паводзіць так, як патрэбна, то будуць наступствы. Я бачу, што пагрозы здзейсніліся, і прыходжу да высновы, што суд не быў незалежным, што на суд быў уплыў. Бо пакаранне неадэкватнае, яно несувымернае.

«НН»: Ад каго паступалі пагрозы? 

АЕ: Я не магу гэтага сказаць, бо не адчуваю сябе ў бяспецы.

«НН»: У гэтых пагрозах быў канкрэтны тэрмін? Што «будзе яму 7 гадоў»?

АЕ: Не. Проста казалі: «Атрымае тэрмін».

«НН»: І як цяпер вы патлумачыце малодшым дзецям, дзе Мікіта?

АЕ: Сёння ўвечары скажу малому. Буду казаць, што ён за кратамі…

«НН»: А як патлумачыць такое 5-гадоваму дзіцяці?

АЕ: Буду тлумачыць усё, як ёсць. Старэйшыя хлопцы ўжо разумеюць і самі, што адбываецца, яны ўсё ведаюць.

«НН»: На ваш погляд, што гэта ўвогуле быў за ўчынак: кіданне фарбай, кактэйлем Молатава… Падлеткавая дурная дзёрзасць ці што?

АЕ: Ведаеце, можа, штосьці і падлеткавае… Але Мікіта мае ідэалы. Я хрысціянка, таму, напэўна, нельга казаць «кумір», але ідэалам у майго сына заўсёды быў Кастусь Каліноўскі. І можа, у яго была нейкая мара, нейкая рамантыка, штосьці такое. Але ж тое, што Мікіта патрыёт і што ён быў нязгодны з тым, што парушаюцца правы ў Беларусі — гэта факт. І гэта таму, што мы яго так выхоўвалі. Таму і атрымалася, што як сапраўдны патрыёт ён хацеў штосьці зрабіць. Вядома, не хацеў паліць тое СІЗА, каб яно згарэла і пацярпелі людзі. Ён хацеў зрабіць штосьці эфектнае. Падчас суда ён казаў, што хацеў проста такім чынам прыцягнуць увагу на праблемы.

Ды і анархісты ж бароняць правы жывёлаў, веганы, за экалогію… Калі яны пчолак там шкадуюць, то як будуць планаваць нейкую шкоду людзям? Канечне, нейкай шкоды ў яго думках не было.

«НН»: Пасля затрымання сына у вас быў вобшук?

АЕ: Так. З дзяцей тады быў толькі малодшы сын, я проста сказала яму: вазьмі цацкі, канструктар, пагуляй пакуль у іншым пакоі.

Забралі флэшку, здаецца. Але нічога падазронага не знайшлі.

«НН»: Чаму, на вашу думку, прысуд быў такі жорсткі?

АЕ: Мікіта сам казаў на судзе, што гэта была палітычная акцыя. І такім прысудам улада пацвердзіла, што справа палітычная. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем — менавіта праз гэты неадэкватны тэрмін, які яму прысудзілі.

Анастасія Емяльянава ў судзе. Фота «Радыё Свабода»

«НН»: Ці будзеце падаваць апеляцыю? Ці ёсць у гэтым сэнс?

АЕ: Нічога не магу сказаць. Я не ведаю.

***

«НН»: А раскажыце трохі пра сябе. Вы самі мінчанка?

АЕ: Так. Нарадзілася тут.

«НН»: Вы скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Што вас натхніла туды пайсці? Была нейкая рамантыка: хацелі працаваць у міліцыі, расследаваць злачынствы?

АЕ: Не, не рамантыка…

Мой бацька працаваў следчым. І загінуў. А я збіралася паступаць у Лінгвістычны на англійскую мову і рыхтавалася да гэтага. І раптам мне сказалі, што магу паступіць у Акадэмію МУС па-за конкурсам як дачка загінулага супрацоўніка Міністэрства унутраных спраў.

Я вырашыла паспрабаваць.

«НН»: Хацелі быць следчым, як бацька?

АЕ: Не, наадварот. Я падумала: бацька быў такі разумны чалавек, а я ж, напэўна, не такая… Я не ведаю, хто быў разумнейшы за бацьку. І падумала, што я не вартая быць следчай, таму пайшла на крымінальны факультэт. А ўжо калі скончыла, пераехала ў Віцебск. І так здарылася, што там пачала працаваць следчым. Але я не марыла пра гэта і не думала, што так атрымаецца.

«НН»: А як трапілі ў Віцебск?

АЕ: Мой муж з Віцебска. Мы ажаніліся на апошніх курсах, пасля вучобы ён вярнуўся туды. Я паехала за ім.

«НН»: З мужам пазнаёміліся падчас вучобы?

АЕ: Так, ён таксама вучыўся ў Акадэміі.

[Больш ніякіх пытанняў пра мужа Анастасія папрасіла не задаваць — Рэд.]

Пасля мы вярнуліся ў Мінск, недзе ў 2005 годзе, здаецца.

«НН»: Вы цяпер не працуеце ў міліцыі ўжо?

АЕ: Не. Я хатняя гаспадыня, займаюся дзецьмі.

«НН»: А чаму сышлі з працы?

АЕ: Следчым працаваць цяжка, маючы сям’ю. А і ў мяне, і ў мужа ужо не было бацькоў.

Некаторым жанчынам дапамагаюць сваякі, матулі, якія могуць пасядзець з дзецьмі. А мне сумяшчаць было вельмі цяжка. Крымінальныя справы маюць тэрміны, і калі ты сядзіш дома з хворым дзіцём, не працуеш, то тэрмін ідзе ўсё роўна… Кіраўніцтва не любіць такое.

Калі ўтварыўся Следчы камітэт, кіраўніцтва не вельмі хацела мець такога следчага як я, у якога трое дзяцей. Бо сумяшчаць было рэальна цяжка. Мне прапанавалі больш сціплую пасаду — перакладваць паперкі, можна так сказаць. Я пагадзілася. І пасля сышла.

«НН»: У вас не ўзнікала праблем на гэтай глебе з сынам? Мікіта — левы, анархіст, а яго бацькі не проста працуюць на дзяржаву, а яшчэ і міліцыянты.

АЕ: Не, такога не было. Мы заўсёды нармальна размаўлялі з сынам. Ён расказваў пра сваю цікавасць да анархісцкіх камунаў, да ідэалаў анархісцкага руху.

Я ведала, што анархісты не прызнаюць улады, хоць, на мой погляд, гэта тупіковая галіна развіцця грамадства. Я сама прыхільніца дэмакратыі. Але Мікіта казаў, што яму падабаецца, як жывуць па-за ўладай людзі ў камунах, мы дыскутавалі пра гэта.

Можа, я ці бацька мусілі яго пераканаць неяк… Не ведаю. Але мы не думалі, што ён будзе ў чымсьці ўдзельнічаць, ладзіць нейкія акцыі… Мы проста размаўлялі, абмяркоўвалі, спрачаліся наконт розных палітычных сістэм, развіцця грамадства. Нам з мужам, напрыклад, вельмі падабаецца сацыяльная мадэль Скандынавіі. Мы прыводзілі свае аргументы, Мікіта — свае.

Канфліктаў ніякіх не было. У нас вельмі дружная сям’я, зноў жа, можа, бо няма бабуляў-дзядуляў, толькі мы і дзеці. І мы трымаемся адно за аднаго.

Мікіта з мамай у Тэатры юнага гледача. «Глядзелі спектакль па п'есе Мальера «Не па сваёй ахвоце лекар», — узгадвае Анастасія.

«НН»: А не страшна было заводзіць чацвярых дзяцей? Сваякоў няма, беларуская эканоміка — штука нестабільная, заробак у міліцыі таксама не касмічны…

АЕ: Мы як хрысціяне проста радаваліся дзецям. Прымалі іх з радасцю.

«НН»: А вы праваслаўныя ці каталікі?

АЕ: Каталікі. Мы ходзім у касцёл, дзеці ходзяць.

«НН»: Мікіта таксама хадзіў?

АЕ: Так, кожную нядзелю мы ходзім у касцёл. Мікіта ж увогуле быў міністрантам, цяпер стаў лектарам, яго пасвяцілі. Цяпер міністранты нашы малодшыя дзеці.

Анастасія з сынам каля Чырвонага касцёла

[Міністранты — хлопчыкі, якія дапамагаюць падчас набажэнстваў. А лектар — той, хто зачытвае чытанне падчас імшы. — НН]

***

«НН»: Наколькі вы кантралявалі сына?

АЕ: Ды я ніколі не заўважала ў Мікіты чагосьці падазронага ці таго, што б насцярожыла. Нармальны, разумны хлопец. 19 гадоў, ужо дарослы. Тым больш ён вучыўся — на інжынера, спецыяльнасць звязаная з караблебудаваннем, эксплуатацыяй воднага транспарту — а пасля вучобы падпрацоўваў кур’ерам. Таму быў дастаткова самастойны.

Сацсеткі яго не пільную, але, здаецца, іх і не было ў яго — я сама нейкі час таму парэкамендавала сыну выдаліцца з Укантакце. Мне вельмі не падабаецца гэтая сацсетка, яна супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі. Калі ўжо хочаш сядзець у сацсетках — сядзі ў іншых.

Так што былі звычаныя адносіны. Яго сяброў я не ведала. Але сын заўсёды начаваў дома. Мог пазнавата прыйсці, але гэта максімум. Калі затрымліваўся, званіў. Першая ноч, якую ён правёў не дома, — гэта калі яго затрымалі.

«НН»: Як і калі вы ўвогуле даведаліся пра тое, што зрабіў Мікіта? Толькі пасля затрымання?

АЕ: Так. Што там было ў тыя дні, калі яны кідалі лямпачкі з фарбай ці «кактэйль молатава», я ўжо і не памятаю. Здаецца, былі звычайныя дні, нічога такога, што б звярнула маю ўвагу, я не заўважыла.

«НН»: А як даведаліся, што сына затрымалі?

АЕ: Патэлефанавалі раніцай з міліцыі, паведамілі. Муж гаварыў. Пасля муж з’ехаў туды, я засталася дома. Дэталяў я ўжо не памятаю, калі шчыра.

«НН»: Што рабілі?

АЕ: Малілася. Я заўсёды малюся за сваіх дзяцей. Што я яшчэ магла зрабіць?

«НН»: Ці сустракаліся з ім за гэты час?

АЕ: Не, я ўбачыла яго толькі на судзе, калі мяне выклікалі як сведку. Гэта быў першы раз за тры з паловай месяцы.

«НН»: Лісты ён пісаў?

АЕ: Так, але там быў накладзены арышт на карэспандэнцыю, і пэўны час, пакуль ішла справа, не праходзілі лісты.

* * *

«НН»: Вы вельмі добра гаворыце па-беларуску, узгадваеце, што сын захапляўся асобай Каліноўскага…

АЕ: Мы так выхоўваем усіх дзяцей. Ну малыя, можа, пакуль не разумеюць гэтага, бо ёсць яшчэ ўплыў з боку школы, дзіцячага садка. У дзяржаўных установах адукацыі няма беларушчыны, мне падаецца. Там ранішнікі прысвечаныя 23 лютага, 8 сакавіка… Савецкая культура, якая і дагэтуль тут застаецца.

«НН»: А вы не святкуеце гэтыя святы?

АЕ: Не, ды і мае бацькі іх не святкавалі ніколі. 23 лютага — гэта ж дзень Савецкай арміі, што тут святкаваць.

«НН»: Пасля прысуду вы працытавалі Тэадора Нарбута…

АЕ: Гэтая гісторыя ці паданне, якое расказваў у адной са сваіх перадач Жыгамонт.

Калі ў Тэадора Нарбута загінуў сын, да яго прыйшоў генерал Мураўёў і сказаў: «Ну што, можа, зараз ты ўжо супакоішся?» Бо Нарбут быў гісторыкам і так выхоўваў дзяцей… супраць Расіі, карацей кажучы, за незалежнасць. І вось Мураўёў спытаў: ну што, можа зараз ты супакоішся, калі твой сын загінуў? А Нарбут адказаў яму: я маю яшчэ сыноў!

І я маю яшчэ трох сыноў і таксама выхоўваю іх патрыётамі і ў любові да Беларусі.

«НН»: Вам не сорамна за ўчынак сына?

АЕ: Не. Я не магу назваць сябе прыхільніцай анархізму. Але я ганаруся тым, што Мікіта хоць штосьці паспрабаваў зрабіць. Паспрабаваў прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі ёсць палітвязні, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека. Як мог, ён паспрабаваў прыцягнуць увагу. І я шаную ягоны выбар.

«НН»: Але ці не шкадуеце…

АЕ: Вядома, я шкадую. Гэта ж мой сын! Вядома, я хачу, каб ён зараз быў са мною, дома, каб яго абняць! Вядома, я хачу гэтага! Але то быў яго выбар.

Каментары42

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Славацкі палітолаг, былы кіраўнік амерыканскага фонду PACT лабіруе збліжэнне з Лукашэнкам6

Славацкі палітолаг, былы кіраўнік амерыканскага фонду PACT лабіруе збліжэнне з Лукашэнкам

Усе навіны →
Усе навіны

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай5

Пуцін назваў расійскую атаку на дзевяціпавярховік у Кіеве, падчас якой загінулі 23 чалавекі, ударам па ваенным заводзе1

Канапацкая прызналася, што гэта яна арганізавала візіт Келага ў Беларусь22

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна2

Алексіевіч: Ціханоўская сімпатычная, шмат зрабіла, Латушка і Вячорка разумныя. Але няма адчування трываласці апазіцыі36

Іран запусціў новую серыю ракет па Ізраілі, адна ўдарыла па бальніцы

Міністр асветы Расіі павіншаваў «Артэк» з памылкай5

Украінская спявачка Ані Лорак атрымала расійскае грамадзянства3

Пуцін назваў заявы пра жаданне Расіі напасці на НАТА трызненнем3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Славацкі палітолаг, былы кіраўнік амерыканскага фонду PACT лабіруе збліжэнне з Лукашэнкам6

Славацкі палітолаг, былы кіраўнік амерыканскага фонду PACT лабіруе збліжэнне з Лукашэнкам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць