Абсталяванне для аховы мяжы беларускім памежнікам перадалі прадстаўнікі Мінэнерга ЗША, паведамляе тэлеканал СТБ. Афіцыйная цырымонія прайшла на ўчастку паста «Нароўля» у радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

Гэта мабільныя сістэмы выяўлення і радыяцыйнага кантролю. Акрамя таго, амерыканскі бок праводзіць тэхнічнае абслугоўванне пастаўленага абсталявання і навучае памежнікаў.

Дапамогу аказалі ў рамках Мемарандума аб узаемаразуменні паміж двума ведамствамі. Беларусь і ЗША супрацоўнічаюць у пытаннях прадухілення незаконнага абароту ядзерных і іншых радыеактыўных матэрыялаў.

«Дзякуючы дадзенай праграме мы атрымалі сродкі кантролю, якія працуюць аўтаномна. Абсталяванне дазволіць нам назіраць за тэрыторыяй, кантраляваць яе і ў выпадку неабходнасці рэагаваць на абстаноўку, якая ўзнікае на дадзенай тэрыторыі. З упэўненасцю можна сказаць, што гэта толькі пачатковы этап вялікай праграмы па ўдасканаленні аховы дзяржаўнай мяжы з дапамогай нашых амерыканскіх калегаў», — кажа першы намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Буткевіч.

Пагранічны пост «Нароўля» — першае падраздзяленне «зялёнай» мяжы, мадэрнізаванае ў рамках праекта. Пост абсталяваны сістэмай дыстанцыйнага маніторынгу, адмысловымі аўтамабілямі, цеплавізар, біноклямі і іншым абсталяваннем радыяцыйнага кантролю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0