6 сакавіка ўвечары сябры «Маладога Фронту» ў Берасьці й Баранавічах адзначылі Дзень салідарнасьці.

Скандуючы «Жыве Беларусь!», 15 актывістаў трымалі на галоўнай плошчы Берасьця — плошчы Леніна — расьцяжку «Свабоду палітвязьням!», піша старонка mfront.net.

Адначасова маладыя людзі раздавалі мінакам улёткі зь інфармацыяй пра гвалтоўна прызваных у войска моладзевых лідэраў і самагубства салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай.

Акцыя доўжылася каля 15 хвілінаў. Нягледзячы на спробы міліцыі перашкодзіць мерапрыемству, пікет прайшоў без затрыманьняў.

Баранавіцкія актывісты «Маладога Фронту» ўчора зладзілі некалькі акцыяў памяці.

Моладзевыя актывісты сталі ў цэнтры гораду, ля каменя гарадам‑пабрацімам, з партрэтамі зьніклых беларускіх палітыкаў. Яны ўсклалі на камень бел‑чырвона‑белы сьцяг і ўшанавалі памяць загінулых апазыцыйных дзеячоў хвілінаю маўчаньня.

Таксама па вуліцах гораду былі распаўсюджаныя ўлёткі зь інфармацыяй пра палітычных рэпрэсаваных Юрыя Захаранку, Зьмітра Завадзкага, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенку і Віктара Ганчара, Яну Палякову, палітзьняволеных Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку, «палітычных» прызыўнікоў Івана Шылу, Зьмітра Хведарука і Франака Вячорку.

Пасьля маладыя людзі традыцыйна ўсклалі кветкі да помніка ахвярам камуністычных рэпрэсій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?