17.02.2020 / 20:19

«Расія зноў напала на нас». Чаму прымітывізацыя гісторыі раздражняе 35

Гісторык Аляксандр Казакоў піша на gazeta.arche.by.

Пасля прагляду ток-шоу на Белсаце «Кожны з нас», прысвечанага «беларуска-расійскім» узброеным канфліктам, у мяне адразу ўзнікла жаданне напісаць пра свае ўражанні.

Другой думкай, аднак, было не рабіць гэтага, бо ўдзельнікі перадачы — калегі па цэху (усе, акрамя аднаго, кандыдаты гістарычных навук) і могуць не ацаніць крытыкі.

Вырашыў усё ж напісаць, трымаючыся максімы, што першая задача гісторыка — імкненне да ісціны, а мы з гасцямі вышэйзгаданага ток-шоу «адной крыві».

У канцы перадачы вядоўца Глеб Лабадзенка сцвердзіў, што яе мэта — асветніцкая, то-бок мелася на ўвазе проста распавесці публіцы пра гісторыю расійска-беларускіх войнаў.

Што ж атрымалася? На жаль, доля састарэлых тэзісаў, сумнеўных сцверджанняў і проста фактычных памылак непрыстойна высокая.

Перад тым, як перайсці да канкрэтыкі, агаваруся, што я ацэньваю выключна ўбачанае і пачутае. Дапускаю, што пэўныя недарэчнасці маглі ўзнікнуць з-за рэдактарскай «рэзкі» адзнятага матэрыялу. Няхай чытач прабачыць мне тое, што я не буду пазначаць аўтарства канкрэтных выказванняў; цікаўныя могуць звярнуцца да самой перадачы. Адзначу толькі, што госці ток-шоу зрабілі вельмі няроўны ўнёсак у маё негатыўнае ўражанне.

У перадачы паслядоўна, вайна за вайной, разглядаліся канфлікты паміж Вялікім Княствам Літоўскім (Рэччу Паспалітай) і Маскоўскай дзяржавай (Расіяй), уключна з антырасійскімі выступленнямі канца ХVIII — пачатку XX стагоддзя.

Чырвонай лініяй прайшло стэрэатыпнае ўяўленне, што маскавіты ваявалі вялікай колькасцю і нізкай якасцю, масамі «не так добра ўзброеных» ваяроў, якія выкарыстоўвалі «састарэлую тактыку». Гэтаму супрацьпастаўлялася інавацыйнае (на пачатак XVI стагоддзя) войска Вялікага Княства Літоўскага, якое было «больш прафесійнае» і «лепш кіравалася».

Чаму ж мы прайгравалі Маскве вайну за вайной?

Вядома чаму: малалікае войска пры ўсіх перавагах не магло супрацьстаяць незлічоным ордам з усходу. Напрыклад, у вайне 1492-1495 гадоў маскавіты дасягнулі поспеху дзякуючы не менш як 10-разовай перавазе (!).

Хочацца спытаць, на якіх крыніцах грунтуецца апошняе сцверджанне, а таксама задаць шэраг іншых рытарычных пытанняў. Напрыклад, ці не варта было хаця б згадаць, што апошнія даследаванні вядуць пачатак той вайны не з 1492, а з 1486 года?

Асобнага каментара просіць «кепскае» маскоўскае камандаванне ў параўнанні з «добрым» кіраваннем у войску ВКЛ. Ілюструецца гэта толькі адным прыкладам: у бітве пад Оршай 1514 года маскоўскія ваяводы дзейнічалі няўзгоднена, бо паміж імі існаваў «местнический» канфлікт (што само па сабе інтэрпрэтацыя; ніводная крыніца менавіта пра такі характар канфлікту не кажа). Але ёсць прыклады ўзорнага кіравання і каардынацыі дзеянняў у буйнамаштабных аперацыях, як падчас пераможнай кампаніі 1500 года. Тады маскоўскія войскі ўзгоднена дзейнічалі на розных напрамках па фронце ад Вялікіх Лукаў на поўначы да Пуціўля на поўдні, выконваючы агульны план.

Нічога падобнага ваенная сістэма ВКЛ не магла прадэманстраваць. Наадварот, падчас Старадубскай вайны (1534-1537 гады) выявіліся істотныя праблемы з каардынацыяй дзеянняў і субардынацыяй, што добра задакументавана.

Апафеозам перадачы чакана стала бітва пад Оршай 1514 года. Спынюся на некалькіх тэзах, што прыцягнулі маю ўвагу.

«Не падлягае сумневу» (!), што маскоўскае войска ўтрая колькасна пераважала войска Астрожскага. Няма ніякіх крыніц, што дазволілі б рабіць такія катэгарычныя сцверджанні. На сённяшні дзень можна выказваць хіба што гіпотэзы пра суадносіны сіл.

«Бітву пад Оршай цягам некалькіх стагоддзяў вывучалі ў падручніках па вайсковай тактыцы ва ўсёй Еўропе». Гэта стары міф. Пакажыце мне хоць адзін такі «падручнік». Ці хаця б навуковую публікацыю са спасылкамі на «падручнікі». Баюся, mission impossible.

Астрожскі спецыяльна абраў месца для бітвы ў лукавіне Дняпра, каб не было куды адступаць. Варта было хаця б агаварыцца, што дакладнае месца бітвы з’яўляецца дыскусійным у сучаснай гістарыяграфіі і існуе некалькі версій, пра што пісаў ваш непакорны слуга тут і тут.

Бітва была «сутыкненнем еўрапейскай цывілізацыі і еўразійскай, зусім іншай, варожай… і таму гэтую перамогу святкавала ўся Еўропа». Баюся, што ў Лісабоне, Лондане, Парыжы і шмат якіх іншых сталіцах нават не сачылі за тым, што адбываецца на берагах Дняпра, не кажучы пра нейкія святкаванні. Інтарэс існаваў у тых краінах, якія былі ўключаныя ў геапалітычную гульню з удзелам дзяржаваў Ягелонаў і Масковіі. Міжнародны розгалас бітва набыла ў асноўным дзякуючы намаганням ягелонскай дыпламатыі.

На карціне «Бітва пад Оршай» ёсць бел-чырвона-белыя сцягі, і хоць на самай справе гэта чырвоныя крыжы на белым полі, «у той час гэта, у прынцыпе, адное і тое ж»(!). Нават не наважваюся каментаваць, sapienti sat.

Так званыя «бел-чырвона-белыя сцягі» на карціне «Бітва пад Оршай»

Мастак «Бітвы пад Оршай» быў удзельнікам бітвы і намаляваў сябе на карціне. Старая, нічым не пацверджаная гіпотэза, якая сёння не ўспрымаецца даследчыкамі ўсур’ёз. Асобным ляпам перадачы стала дэманстрацыя ў якасці «мастака» не таго чалавека. «І праўда, без зброі сядзіць, яўна мастак!» — кажа вядоўца, тады як даспехі ляжаць побач з гэтай постаццю. На самай справе, асоба, якую лічылі выявай мастака, знаходзіцца трошкі правей і ніжэй.

Меркаваны аўтар карціны «Бітва пад Оршай» (сядзіць злева)

Можна працягваць выказваць дробныя заўвагі па іншых сюжэтах, закранутых у перадачы.

Напрыклад, паміж бітвай пад Палонкай (1660) і Кушлікамі (1661) прайшло не некалькі месяцаў, а каля паўтара года.

Але хочацца сказаць пра канструяванне самога наратыву.

Галоўная ідэя ў тым, што беларусы (ВКЛ, Рэч Паспалітая) — выключна ахвяры агрэсара з усходу. Пры гэтым, паводле вядоўцы, у 1534 годзе «Расія зноў напала на нас». На самай жа справе Старадубскую вайну (1534—1537 гадоў) пачало якраз Вялікае Княства Літоўскае. Вайна 1609—1618 гадоў таксама была наступальнай для Рэчы Паспалітай і вялася на тэрыторыі непрыяцеля. Аднак вядоўца вырашыў яе не разглядаць, а адразу перайсці да канфлікту 1654—1667 гадоў.

На завяршэнне адзін з удзельнікаў выказаў думку, з якой цяжка не пагадзіцца: «Трэба ўсё ўзважваць і паказваць людзям рэальную гісторыю». Што ж, будзем спадзявацца, што іншым разам атрымаецца лепей. Хочацца бачыць якасны кантэнт на гістарычную тэматыку, тым больш калі да яго вытворчасці спрычыняюцца прафесійныя гісторыкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

14
Вацлаў / Адказаць
17.02.2020 / 20:37
геапалітычную гульню з удзелам дзяржаваў Ягелонаў і Масковіі
Геапалітыка - квазінавуковая мэтадалёгія палітычнай думкі сярэдзіны XIX-XX стагодьдзяў. Пан Казакоў яе ў пачатку XVI стагодьдзя шукать зьбіраецца?
У люстэрка варта глянуць, перш чым іншым вымаўляць за анахраністычнае спажываньне папулярнае гісторыі ў нацыянальным наратыве. Люцічаў з этнакасманаўтыкай не прыцягнулі - ужо нармальна.
17
Henry / Адказаць
17.02.2020 / 20:41
Базарны лямант.
7
Кажыма праўду / Адказаць
17.02.2020 / 20:45
Бясспрэчны гістарычны факт:

ваявода Канстанцін Астрожскі (1460-1530) – велічны праваслаўны русін, «рускі Сцыпіён»

Сумленныя беларусы, будзьма годныя нашых слаўных продкаў!
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру