Паміж Беларуссю і Расіяй існуе пагроза вайны, бо Масква можа не дазволіць беларусам заставацца незалежнымі. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Вадзім Прыстайка ў інтэрв'ю чэшскаму выданню Respekt.
Вадзім Прыстайка, фота Укрінформ
«Некалькі гадоў таму я размаўляў з некалькімі беларускімі журналістамі, і, калі я афіцыйна заявіў ім, што калі яны захочуць застацца незалежнымі, то сутыкнуцца з такой самай вайной, такімі ж цяжкасцямі і такімі ж пакутамі, як і мы, яны не паверылі мне. Магчыма, цяпер яны менш сумняваюцца», — сказаў украінскі міністр.
Пры гэтым ён дадаў, што ўсё яшчэ спадзяецца, што гэтага не адбудзецца.
«Беларусы спакойныя і цярплівыя. Але мы былі спакойнымі і цярплівымі людзьмі — і гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль яны не пачнуць забіваць вас», — дадаў Прыстайка.
На яго думку, у Беларусі ёсць два варыянты: «з дапамогай замежных партнёраў быць разважлівымі і спакойнымі — і прайграць або пачаць змагацца проста цяпер».