Першыя палявыя жаўрукі і кулікі прыляцелі з зімоўкі, паведамляе «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Першымі звычайна вяртаюцца птушкі, якім для зімоўкі не патрэбна ляцець у Афрыку. Яны жывяцца насеннем ці чарвякамі, а на зіму адлятаюць у Заходнюю ці Паўднёвую Еўропу, дзе звычайна няма снегу, а дзень узімку даўжэйшы, чым у Беларусі.

Сябра арганізацыі Вадзім Пракапчук адзначыў: «16 лютага ў вёсцы Вугляны Камянецкага раёна ўвесь дзень — пралёт палявых жаўрукоў, першая рудахвостка-чарнушка ў двары, на вакольных палях і рацэ больш за два дзясяткі шэрых гусей, шэсць шэрых жураўлёў, дзве вялікія белыя чаплі (гэтыя, праўда, зімавалі), каля паўтары тысячы качак на рацэ (у асноўным, звычайная качка-крыжанка, але ёсць і свіцьвы, якія звычайна адлятаюць у вырай».

Дырэктап АПБ Дзмітрый Вінчэўскі кажа: «У нядзелю 16 лютага я з братам таксама назіраў першыя чародкі палявых жаўрукоў пад Гродна. На многіх лужынах ужо сядзелі кнігаўкі, чулі мы й жураўлёў. Бывае, што ў лютым з’яўляюцца першыя жаўрукі, але каб так дружна, чародкамі — не памятаю.

Вясна будзе ранняя, і нават халады ўжо не змогуць спыніць птушак. Калі вы дрэнна ведаеце птушак, паспрабуйце пачаць назіраць за імі цяпер: штодня будуць з’яўляцца новыя віды, і вы зможаце, не спяшаючыся, дадаваць іх у сваю скарбонку. Вясна ідзе!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0