Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў працоўную паездку на Віцебшчыну, каб чарговы раз абрынуцца на праціўнікаў.

Ён заявіў журналістам: «Гэта не апазіцыя, гэта «пятая калона», гэта ворагі беларускага народа».

Паводле А.Лукашэнкі, калі б «мы апублікавалі, як працуе апазіцыя ў Брусэлі, Страсбургу, іншых еўрапейскіх сталіцах і ў Амерыцы, то вы б жахнуліся». Маўляў, «як толькі мы паспрабавалі дамовіцца з еўрапейцамі і працэс гэты пайшоў у патрэбным кірунку, то гэта выклікала ў іх істэрыю.

У іх ці то па п’яні, ці ад нейкай дурноты ўсё гэта палезла праз вушы, праз іншыя месцы, праз усе дзіркі. Некаторыя вялікія дзеячы, якіх мы з турмаў павыпускалі, вызвалілі, ажно верашчаць у адкрытую, што трэба патрабаваць ад уладаў, ад Лукашэнкі, ціснуць, цкаваць у гэты час крызісу».

Ён паабяцаў давесці да грамадскасці некаторыя дакументы, у якіх «яны пішуць еўрапейцам, чаго Еўропа павінна патрабаваць ад Беларусі».

«Ім нехта падкідае ідэю, і яны пачынаюць плявузгаць. Вось гэта пазіцыя нашай вашывай апазіцыі.
Ніякая яна не апазіцыя», — заявіў А.Лукашэнка. — «Гэта пятая калона. Я гэта адказна заяўляю. Яны гатовыя прадацца любому, каб толькі скруціць галаву Лукашэнку, ускочыць у крэсла самім і разбамбіць краіну. Гэтага не атрымаецца, пакуль я жывы. Сёння дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі нікому ня ўдасца».

Таксама кіраўнік Беларусі станоўча ацаніў рашэнне Рады міністраў замежных спраў Еўрасаюзу аб падаўжэнні тэрміну прыпынення санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў.

«Дзякуй, добра. Але пытанне не ў чыноўніках і не ў Лукашэнку. Калі еўрапейцы думаюць, што нас можна трымаць на кручку, атрымоўваючы сігналы ад нашых «адмарожаных», і ўвесь час нас тузаць і панукаць без справы, то мы на такой пазіцыі дыялог весці не будзем», — заявіў А.Лукашэнка.

Паводле А.Лукашэнкі, «калі Еўропа сёння хоча супрацоўнічаць з Беларуссю на тых прынцыпах, на якіх мы вызначыліся з Хаўерам Саланам, хоча бачыць Беларусь у гэтай еўрапейскай сям’і, то мы гатовыя да гэтага. Але мы не хацелі б, каб еўрапейцы тузалі нас па дробязях. Трэба, каб мы бачылі галоўнае, каб за гэтымі хмызамі мы бачылі лес».

Паводле кіраўніка краіны, «Вялікабрытаніі, Нідэрландам, яшчэ некаму ня хочацца супрацоўнічаць. Што ж, мы іх сёння пакуль ня можам пераканаць. Але тое, што нас падтрымалі буйнейшыя еўрапейскія краіны — гэта факт. Нас, напэўна, упершыню падтрымалі нашы суседзі. У нас цудоўна развіваецца дыялог з Украінай».

Таксама А.Лукашэнка адзначыў, што развіццё дыялогу з ЕС адбываецца не на шкоду стасункам з Расеяй. Маўляў, «мы ніколі ўбок ад Расеі ня сыдзем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?