Меркаванні99

Нямеччына і Францыя вяртаюць культурныя каштоўнасці краінам Афрыкі. Беларусь можа выкарыстаць гэты прэцэдэнт?

Піша Вера Дзядок.

Бенінская бронза: галава караля-продка. Фрагмент. Bristol Museum & Art Gallery. Фота Wikimedia commons. Глядзі таксама: Head of an Oba in The Metropolitan Museum of Art.

У студзені 2020 года Польшча звярнулася да Расіі з просьбай аб вяртанні 20 мастацкіх твораў і архіваў, вывезеных падчас Другой сусветнай вайны, а ў лютым беларускі дэпутат Ігар Марзалюк заявіў, што было б правільна і «па-саюзніцку» вярнуць Беларусі вывезеныя на часовае захаванне каштоўнасці.

Ігар Марзалюк: Прыйшоў час вярнуць тыя каштоўнасці, якія захоўваюцца ў Расіі

Спрэчкі аб культурных каштоўнасцях займаюць усё большае месца ў дыпламатычных адносінах. Як жа яны вырашаюцца? І што трэба вяртаць: толькі нарабаванае або таксама вывезенае са згоды ўласніка? толькі вывезенае з іншай краіны ці таксама з таго, што было часткай адной дзяржавы?

У 2020 годзе ў Берліне мусіць адкрыцца Гумбальт-форум. У самым цэнтры сталіцы, у адноўленым Берлінскім палацы — былым гэдээраўскім палацы рэспублікі, — маюць быць прадстаўленыя іншыя культуры. Аснову экспазіцыі гэтага (не толькі музейнага) культурнага цэнтра павінны, паводле плана, скласці калекцыі з Афрыкі і Акіяніі.

Тут і разгарэўся скандал. Акадэмічная і інтэлектуальная грамадскасць задалася пытаннем пра правамоцнасць знаходжання і экспанавання гэтых калекцый на фоне іх з’яўлення ў Германіі ў каланіяльным кантэксце і таго, у якім святле пра іх будзе распавядаць будучы Гумбальт-форум.

Адбывалася гэта ўсё на фоне поспехаў правенансу — даследавання паходжання аб’ектаў мастацтва. У сувязі з тым, што падчас нацыянал-сацыялізму цэлыя мастацкія зборы і калекцыі гвалтам былі прысабечаны калекцыянерамі, іх паходжанне цяпер не лічыцца «чыстым» і музеі не лічаць маральным мець такія рэчы ў калекцыі.

Так Гумбальт-форум і калекцыі каланіяльнага часу разгайдалі дыскусію пра каланіялізм і ягоныя наступствы, а таксама — пра канкрэтныя прадметы, што знаходзяцца ў нямецкіх музеях.

Падліў смалы ў агонь прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, які, выступаючы ўвосень 2018 года ва ўніверсітэце ва Уагадугу (сталіцы Буркіна-Фасо), заявіў, што за наступныя 5 гадоў трэба стварыць умовы для рэстытуцыі афрыканскай спадчыны. Пасля гэтага французскі прэзідэнцкі офіс замовіў навуковае даследаванне — вызначыць мэты і стратэгію вяртання твораў. Аўтары дакладу прыйшлі да высноваў, што рэстытуцыя — гэта толькі маленькая частка праблемы, а глабальная задача заключаецца ў тым, што будаваць адносіны з Афрыкай трэба нанова. Яны мяркуюць, што трэба прыняць прынцыповае рашэнне — вяртаць як раўнапраўнаму ўсё, што было вывезена з Афрыкі, і не браць на сябе ролю сачыць за тым, наколькі адпаведна еўрапейскім стандартам будуць прынятыя на радзіме калекцыі.

Нямецкія палітыкі прынялі рашэнне, што музеі павінны актыўна заняцца даследаваннем паходжання аб’ектаў і іх вяртаннем, не чакаючы адпаведнага патрабавання ад афрыканскіх музеяў.

Германская Афрыка

Перад Першай сусветнай вайной Германія была трэцяй у свеце каланіяльнай дзяржавай пасля Англіі і Францыі, ёй належалі, сярод іншага, тэрыторыі Нямецкай Усходняй Афрыкі (сёння Танзанія) і Нямецкая Паўднёва-Заходняя Афрыка (сёння Намібія).

Гісторыя нямецкіх калоній поўная трагічных старонак. Так, у Нямецкай Паўднёва-Заходняй Афрыцы (сённяшняй Намібіі) у перыяд з 1904 па 1908 год былі забіты і даведзены да галоднай смерці дзясяткі тысяч людзей з плямён герэра і нама. Ужо тады нямецкія каланіяльныя ўлады выкарыстоўвалі працоўныя лагеры.

У калоніі Германская Усходняя Афрыка (Танзанія) у 1905—1907 было жорстка раздушана паўстанне маджы-маджы супраць каланіяльнай улады.

Аднак самая вядомая і паказальная калекцыя мастацтва трапіла ў Еўропу не з нямецкіх, а з брытанскіх калоній — гэта т.зв. Бенінская бронза.

Бенінская бронза ў Амстэрдаме, фота Аляксея Ластоўскага. 

«Аб бязмытным гандлі»

Гэтыя творы мастацтва былі нарабаваны брытанцамі ў 1897 годзе падчас т. зв. карнай экспедыцыі ў Бенінскім царстве (сёння гэта Нігерыя). Нагодай для экспедыцыі стаў узброены адпор бенінцаў брытанскай дэлегацыі, што прыехала з мэтай патрабаваць выканання падпісаных раней пагадненняў аб бязмытным гандлі. Дэлегацыя была папярэджана аб недарэчным тэрміне — адбываліся культавыя ўрачыстасці. Тым не менш яны паспрабавалі дасягнуць сваёй мэты, але былі забітыя бенінцамі. Тады з Брытаніі даслалі падмацаванне для карнай экспедыцыі, падчас якой быў разбураны палац цара, а творы мастацтва з бронзы і слановай косткі, якія часткова паходзілі аж з 15 ст., разрабавалі і вывезлі ў Еўропу, прадаючы там часам па кошце матэрыялу. Многія з вывезеных аб’ектаў мелі рытуальны характар, былі прысвечаны продкам пэўных сем’яў і распавядалі пра ўчынкі і жыццяпісы гэтых продкаў. Таму рабаванне мела не толькі эканамічнае значэнне, але яшчэ і перажывалася як ганьба і прыніжэнне.

Нямецкія музеі, разумеючы мастацкую каштоўнасць гэтых рэчаў, актыўна набывалі іх. Гамбург стаў вядомы як добрае месца для збыту каланіяльнага мастацтва.

Менавіта нямецкія музеі і зрабілі бенінскую бронзу знакамітай. Тагачасны дырэктар музея мастацтваў і рамёстваў у Гамбургу Юстус Брынкман, насуперак распаўсюджанаму меркаванню пра прымітыўнасць афрыканскага мастацтва, адстойваў яго мастацкую вартасць, параўноўваючы гэтыя скульптуры з еўрапейскім мастацтвам часоў Рэнесансу.

Т.зв. Бенінскія бронзы захоўваюцца і выстаўлены для агляду ў гамбургскім Музеі культуры і рамёстваў, яшчэ некалькі — у Заморскім музеі Брэмена. У межах так званага Бенінскага дыялогу музеі Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Швецыі ды Аўстрыі ў супрацоўніцтве з бенінскай каралеўскай сям’ёй працуюць над часовай выставай у Нігерыі. З нямецкага боку ў дыялогу ўдзельнічае Берлінскі этналагічны музей, які валодае значнай калекцыяй артэфактаў з колішняга Бенінскага царства — каля 500 прадметаў. У калекцыю Берлінскага этналагічнага музея Бенінскія бронзы трапілі праз куплю ў гандляроў мастацтвам.

У выніку грамадскіх дыскусій на сённяшні дзень да стандартаў музейнай працы належыць не толькі экспанаваць прадметы з каланіяльнага мінулага, але і абавязкова раскрываць складаныя абставіны набыцця праметаў і трапляння іх у калекцыю музея.

Ці быў абмен правамерным

Калі ў выпадку з Бенінскай бронзай гісторыя трапляння ў Еўропу адназначна звязана з гвалтам, то ў многіх іншых выпадках гэта не так. Многія прадметы з Афрыкі была набыты або абменены. Таму ў кожным канкрэтным выпадку даследчыкі адсочваюць, хто і на якім караблі прывёз каштоўнасці і каму іх прадаў, ці быў абмен правамерным і г.д.

Гамбург, колішні цэнтр гандлю рабамі і творамі каланіяльнага мастацтва, сёння імкнецца да асвятлення гэтых змрочных старонак гісторыі горада. Тут склалася кола даследчыкаў і актывістаў, якія адстойваюць патрабаванне пра вяртанне каштоўнасцей на іх радзіму. Сенат Гамбурга прыняў прынцыповае рашэнне вяртаць усе прадметы, якія будуць запатрабаваныя афрыканскімі краінамі. Крытыкі рэстытуцыі задаюць рэзонныя пытанні: хто з’яўляецца спадчыннікам вывезеных прадметаў і каму іх вяртаць — народу або царскай сям’і? Якія наступствы можа пацягнуць за сабой вяртанне? Таксама ў ходзе дыскусіі высветлілася, што ў афрыканскіх краінах пануе зусім іншае разуменне гэтых каштоўнасцей.

Напрыклад, самі прадметы, вывезеныя ў Еўропу, часта былі толькі часткай перфарматыўных мастацтваў і ў многіх выпадках наогул не прызначаліся для доўгага захавання і кансервацыі. Логіка прадметаў мастацтва была зусім іншая: часта яны прысвячаліся мёртвым і трывалі столькі, колькі і памяць пра іх.

Тагачасныя ж еўрапейскія этнолагі меркавалі, што зборам праметаў мастацтва яны ратуюць для навукі веды пра аўтэнтычныя культуры, якія, тады лічылася, хутка знікнуць. І толькі значна пазней на змену збору экспанатаў прыйшлі іншыя навуковыя метады: назіранне, запіс, палявое даследаванне.

Вяртанне рытуальнай сілы

Да таго ж для афрыканцаў ідэнтычнасць аб’ектаў змяняецца, калі яны трапляюць у музей. Яны могуць губляць сваю рытуальную сілу, калі выкарыстоўваюцца па-за рытуальным кантэкстам. Добрая навіна — можна правесці рытуал для надання новай сілы. У адрозненне ад еўрапейскай культуры, у Афрыцы і Акіяніі вельмі моцная вусная традыцыя перадачы ведаў, і нават ва ўмовах адсутнасці саміх прадметаў мастацтва веды пра іх перадаюцца праз пакаленні. На ўзроўні ідэі гісторыя гэтых аб’ектаў добра вядомая, як і вядомыя правы на ўладанне. Гэта як крыж Ефрасінні Полацкай, які ніхто не бачыў, але які прысутнічае ў культурным полі.

Таму для шмат каго з крытыкаў рэстытуцыі памкненне еўрапейцаў вярнуць самі аб’екты з’яўляецца толькі пацвярджэннем іх адчування перавагі, а памкненне «заступіцца» за еўрапейцаў — праявай «комплексу белага выратавальніка» — менавіта таго комплексу, які некалькі стагоддзяў таму прывёў у Афрыку місіянераў. Такія паводзіны лічацца патэрналісцкімі. На змену ім неабходна больш уключаць саміх прадстаўнікоў афрыканскіх краін у дыялог, даваць ім слова і даць ім магчымасць «тлумачэння гісторыі» — магчымасць голасу і расказу пра свой бок гэтай гісторыі. Танзанійцы кажуць пра «нашу супольную гісторыю» і хочуць, каб у Германіі больш ведалі пра паўстанне маджы-маджы.

Вяртаюць нават парэшткі

Адным з асноўных патрабаванняў да Германіі з боку Намібіі стала вяртанне чалавечых парэшткаў, вывезеных для вывучэння з мэтай пацвердзіць расавыя тэорыі. Парэшткі знаходзіліся ў Музеі гісторыі медыцыны ў клініцы Шарытэ. Дагэтуль партыі парэшткаў перадаваліся тройчы ў 2011, 2014 і 2018 годзе. Першачарговай палітычнай задачай для Намібіі з’яўляецца прызнанне Германіяй за генацыд злачынстваў, здзейсненых у 1904—1908 гадах.

Артэфакты з Берлінскага этналагічнага музея паходжаннем з Намібіі плануецца паказаць у краіне паходжання ў межах часовай выставы.

Актывісты з нацыянальных супольнасцей гавораць пра тое, што важнейшым за вяртанне прадметаў мастацтва з’яўляецца пераназванне вуліц, названых у гонар каланізатараў. У Берліне існуе ініцыятыва па пераназве вуліцы Карла Петэрcа, вядомага ў Танзаніі пад мянушкай «Крывавая рука» або Петэрс-вешальнік — вядомага сваёй жорсткасцю камісара вобласці Кіліманджара ў Нямецкай Усходняй Афрыцы. Посткаланіяльныя аб’яднанні прапаноўваюць назваць алею ў гонар паўстання маджы-маджы (1905—1907). У той жа час пераназыванне вуліц заўсёды натыкаецца на супрацьстаянне жыхароў. У Гановеры і Кілі вуліцы, названыя ў гонар Петэрса, ужо атрымалі новыя імёны.

Вуліцы таксама пераймяноўваюць

Сенат Гамбурга выпусціў буклет з кароткімі біяграфіямі людзей, якія «адзначыліся» ў часы каланіялізму і ў гонар якіх названыя вуліцы ў Гамбургу. У 2014 годзе сенат выпусціў дакладную запіску пра працу над каланіяльным мінулым, у якой раяць падключаць да асветніцкай працы і асвятлення гістарычных падзей шырокія колы грамадства, асабліва моладзь і школьнікаў. Тады ж горад вырашыў стварыць Гістарычны сад Германія — Танзанія на месцы былой казармы, названай у гонар камандзіра, што падаўляў паўстанне маджы-маджы.

У Гамбургу, як і ў іншых буйных нямецкіх гарадах, дзейнічае ініцыятыва postcolonial, якая правозіць экскурсіі з тлумачэннем каланіяльнага мінулага горада. Адна з цэнтральных вуліц у партовай частцы Гамбурга названая імем танзанійскай сталіцы — побач з вуліцамі, названымі ў гонар Магелана і Марка Пола.

І хаця Гумбальт па-ранейшаму заўжды жывы, усё ж дэкаланізацыя пачалася. Этыка змянілася незваротна, і ў еўрапейскім музеі немагчыма больш распавядаць пра галовы бенінскіх каралёў, не гаворачы пра тыя злачынствы, на фоне якіх адбываўся іх вываз у Еўропу.

Наколькі каланіяльныя нашы музеі?

Паводле крытыкаў каланіялізму, яўнай яго прыкметай з’яўляецца падзел мастацтва на еўрапейскае (месца якому — у музеі мастацтва) і каланіяльнае (месца якому — у этнаграфічным (краязнаўчым) музеі). А што з гэтым у нас?

Ці можа практыка рэстытуцыі ў афрыканскія краіны быць перанесеная ў беларускія рэаліі і пры якіх умовах?

«Для таго, каб пераносіць на беларускія рэаліі нейкія посткаланіяльныя схемы, спачатку трэба правесці інтэлектуальную і палітычную працу па абмеркаванні посткаланіяльнага статусу Беларусі і вызначэння, якім быў характар залежнасці Беларусі ад СССР і Расіі, — кажа кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі. — Такой працы праведзена не было, мы не бачым канферэнцый і публікацый, пытанне пра посткаланіялізм не сфармулявана ў самой Беларусі, і не пачута, і не прызнана звонку. У 1990-я гады вялася досыць жвавая дыскусія, папулярызаваў посткаланіяльную павестку Ігар Бабкоў, але ўжо доўгі час у гэтым кірунку нічога не робіцца. Праводзіць поўную аналогію паміж кантынентальнымі імперыямі і імперыямі з заморскімі калоніямі нельга. У СССР, у сваю чаргу, характар эксплуатацыі таксама меў свае асаблівасці. Матэрыяльныя каштоўнасці размяркоўваліся не толькі з перыферыі ў цэнтр, але і наадварот (праўда, апошняе тычылася менш важных каштоўнасцей). Флагман дыскусіі пра вяртанне каштоўнасцей у постсавецкай прасторы — гэта Украіна, якая сфармулявала патрабаванне аб вяртанні з Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве археалагічных знаходак з Украіны.

Што з вывезенага з Беларусі рэальна вярнуць?

Ёсць вялікія шанцы на вяртанне з Заходняй Еўропы калекцыі габрэйскай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея, якая была вывезена падчас Другой сусветнай вайны і, хутчэй за ўсё, апынулася ў Вене. Асобныя прадметы з гэтай калекцыі ўсплылі ў Музеі Ізраіля ў Іерусаліме.

Кан’юнктура ў Заходняй Еўропе такая, што музеі актыўна даследуюць паходжанне аб’ектаў, канфіскаваных у габрэяў, і ахвотна вяртаюць іх спадчыннікам уладальнікаў. Гэтым можна скарыстацца», — мяркуе Аляксей Ластоўскі.

Чытайце таксама: «Для рэстытуцыі трэба дамагчыся прызнання, што Беларусь была калоніяй Расійскай Імперыі»

«Асабіста я мяркую, што вяртаць трэба найперш у галовы, — кажа Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску. — І ў гэтым сэнсе віртуальнае вяртанне скарбаў не менш важнае за фізічнае. Калі гэтага няма, то адбываецца проста перамяшчэнне скарбу — ён перасякае мяжу. А вяртанне — гэта калі грамадства хоча вярнуць скарб, чакае яго і займаецца працай па яго вяртанні», — кажа Суша.

«Зусім свежы прыклад: у лютым у Беларусь прыехалі кнігі з бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах. Іх перадаў нашчадак нямецкага салдата з Першай сусветнай вайны, які разбіраў архіў свайго бацькі і па экслібрысе высветліў паходжанне кнігі.

Ён звярнуўся ў Фонд Храптовічаў з тым, што хоча вярнуць гэту кнігу. Гэтая кніга будзе перададзена на дэпазіт у Нацыянальную бібліятэку, а ў будучыні вернецца ў музей у Шчорсах (над стварэннем такога музея працуе Фонд Храптовічаў). Гэта кніга — французскае выданне 18 ст., але для нас яна мае значэнне перш за ўсё як знак таго вялізнага кнігазбору Храптовічаў, ад якога мала што засталося. У 1913 годзе ўся іх бібліятэка была перададзена ў Кіеўскі ўніверсітэт самімі ўладальнікамі з умовай вяртання, калі адкрыецца ўніверсітэт на радзіме. Бібліятэка і дагэтуль знаходзіцца ў Кіеве, але пасля дзвюх эвакуацый колькасць асобнікаў значна скарацілася. Мастацкая літаратура, што засталася ў Шчорсах, загінула ў 1939 годзе. Некалі бібліятэка налічвала да 20 тысяч тамоў.

Германія сама актыўна перадае нашы каштоўнасці. Некалькі гадоў таму ў Берлінскім батанічным садзе была знойдзена кніжная калекцыя з Горацкай акадэміі, больш за 100 кніг. Пры дапамозе пасольства яны былі вернуты ў Горкі, праца адбывалася вельмі карэктна.

Еўрапейскае заканадаўства аб вяртанні досыць ліберальнае, расійскае не настолькі спрыяльнае. Таму з Германіяй працаваць у гэтай галіне вельмі проста.

Вельмі перспектыўны напрамак вяртання каштоўнасцей—гэта іх набыццё ва ўладальнікаў праз аўкцыёны. Прычым на нямецкіх аўкцыёнах рэчы аднолькавай вартасці з нашых краёў каштуюць менш, чым яны б каштавалі на параўнальных расійскіх ці ўкраінскіх аўкцыёнах», — кажа Алесь Суша. 

Каментары9

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі1

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі

Усе навіны →
Усе навіны

«Трэба разварочваць аўтобусы». Перавозчыкі дамовіліся змагацца з людзьмі, якія перасаджваюцца на мяжы9

Італія плануе пабудаваць найдаўжэйшы падвесны мост у свеце — у Сіцылію6

Азербайджан і Арменія адкрыюць транспартны калідор пры ўдзеле ЗША і без удзелу Расіі6

«Адчуванне — фантастычнае». Ігар Кулей здзейсніў дзіцячую мару і стаў прыватным пілотам у Польшчы5

Сергеенка носіць гадзіннік «Смерць шпіёнам», а Вакульчыку жонка не дазволіла6

У Мінску мужчына чапляўся да маладога хлопца на прыпынку. Хлопец аказаўся амапаўцам17

Ціханоўская адказала, чаму дагэтуль не вывучыла літоўскую мову10

«У банку пацвердзілі, што яны сапраўдныя». Беларуска купіла на Wildberries даляры па нечаканым курсе6

За дзецьмі ў школах будуць пільна сачыць па камерах — каб яны не карысталіся тэлефонамі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі1

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць