Міністр статыстыкі Ўладзімір Зіноўскі (злева)
і намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Photo.bymedia.net
Другі месяц запар статыстыка завышае паказчык тэмпаў росту ВУП, заніжаючы дэфлятар. У рэальнасці тэмпы падзення ВУП дасягнулі амаль 6%. Піша эканаміст Аляксандр Чубрык.
Быў такі савецкі эканаміст Ханін, які распрацоўваў альтэрнатыўныя ацэнкі аб’ёмаў гаспадаркі Савецкага Саюзу, а пасля й Расеі. Ягоныя артыкулы ды кнігі публікаваліся нават за савецкім часам, нават у часопісе «Коммуніст», хоць высновы, якія ён рабіў, сведчылі аб вялізнай ступені фальсіфікацыі статыстыкі тэмпаў эканамічнага росту ў СССР. Адзін з ягоных артыкулаў называўся «Лукавая лічба». Працы Ханіна ўзгадаліся, калі была апублікаваная лютаўская статыстыка аб стане беларускай эканомікі.
Вось якія звесткі прыводзіць агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на Белстат:
1) у студзені‑лютым рэальны ВУП вырас на 2,3% у параўнанні з адпаведным перыядам 2008 году.
2) Гэта менш, чым у студзені (4,2% у параўнанні з студзенем мінулага году).
3) Дэфлятар ВУП у студзені‑лютым склаў 10,4%.
4) Гэта менш, чым у студзені – 19,6%.
Тутака хочацца сказаць велькі дзякуй, што падалі сапраўдную лічбу дэфлятару за студзень. З яе шляхам элементарнага арыфметычнага выліку вынікае, што ВУП у студзені ўпаў на 4,1%, а не вырас на 4,2%, як (НН амаль не памылілася, калі ацэньвала пра падзенне на 5%).
Затое
лічба дэфлятара за студзень‑люты, роўная 10,4% — з разраду неймавернага.У 2008 годзе дэфлятар складаў 20,6%, у студзені — 19,6%. Дэфлятар ніякім чынам не мог так рэзка знізіцца ў пераліку за студзень‑люты ў параўнанні са студзенем. Кан’юнктура рынкаў у студзені і лютым мала рознілася. У рэальнасці дэфлятар за студзень‑люты мала розніўся ад студзеньскага.
Дарэчы тут будзе патлумачыць, што азначае эканамічны тэрмін «дэфлятар» і нашто ён выкарыстоўваецца. Гэта індэкс сярэдняга росту цэнаў у кошыку, які ўключае ў сябе не толькі спажывецкія, крамныя цэны, але і цэны прамысловых вытворцаў, цэны будаўнічых паслуг і г.д. Аб’ём эканомікі вылічваецца ў бягучых цэнах (у студзені‑лютым ён склаў 18307 млрд рублёў), але кожны чалавек разумее, што 1 рубель у студзені 2009 каштаваў меней, чым у студзені 2008, што за яго меней можна было купіць, ён быў умоўным эквівалентам меншае вартасці. Таму рост ВУП заўжды разлічваецца не ў бягучых, а ў супастаўных цэнах, з пералікам праз дэфлятар.
Калі рэальны дэфлятар за студзень‑люты быў роўны прыкладна тым самым 19,6%, атрымліваем скарачэнне ВУП за гэтыя два месяцы на 6% у параўнанні з студзенем‑лютым 2008 году.Гэта значыць, што ў лютым ВУП змяншаўся яшчэ хутчэйшымі тэмпамі, чым у студзені.