22.02.2020 / 16:12

Прадзюсару Алейнікаву збіралі $90 тысяч на лячэнне. А цяпер ён прадаў кватэру, каб падрыхтаваць гурт да «Еўрабачання» 8

Сёлета прадзюсар Максім Алейнікаў рыхтуе на «Еўрабачанне» гурт Chakras з зусім нязвыклай песняй «La-ley-la» без словаў. Ён упэўнены, што гэта якраз і зможа стрэліць у Еўропе.

«Вялізная памылка беларускіх удзельнікаў у тым, што яны імкнуліся паўтарыць нешта еўрапейскае. Дагнаць Еўропу. Так і хочацца сказаць: супакойцеся, вам гэта ўсё адно не ўдасца. Каб скарыць гэту вяршыню, трэба здзіўляць самабытнасцю, непадобнасцю», — расказвае Алейнікаў. Ён упэўнены, што гэтым задачам даць рады яго новы гурт.

Chakras — гэта тры дзяўчыны: Святлана Каўфман, Юлія Яначкіна і Вольга Грыгор’ева. Спявачкі валодаюць абсалютна рознымі галасамі: этнічным, эстрадным і класічным вакалам.

«Будзе яшчэ адзін раяль у кустах. Для таго, каб надаць кампазіцыі нейкую таямнічасць, я запрасіў якуцкую шаманку Олену Уутай. Яна вядома сваім гарлавым выкананнем, імітаваннем гукаў прыроды. Зараз шмат гастралюе па свеце. Яе ролікі на ютубе, на якіх яна спявае голасам каня, набіраюць мільёны праглядаў», — расказвае Максім Алейнікаў.

На сцэне падчас выступу будуць знаходзіцца пяць чалавек. Салісткі, якуцкая шаманка і бэк-вакаліст.

«Па праўдзе сказаць, шэсць чалавек. Святлана Каўфман чакае дзіця. Так што можна сказаць, што на нашым праекце з’явілася новае жыццё», — расказвае Максім.

Песня — гэта кот Шродынгера

«Гэта песня — мая асабістая гісторыя. Тры гады таму ў мяне была дэпрэсія. Нічога не адбывалася ў жыцці, не было ніякіх пачуццяў. І тут я заўважыў котку ў інтэрнэце, якой шукалі гаспадара. Я паехаў па яе, яшчэ па дарозе дадому прыдумаў ёй імя Чакра. І калі пад’язджаў да варотаў дома, у мяне ў галаве зайграла вось гэта мелодыя. Гэта так адбываецца: ты чуеш адразу завершаную рэч», — распавядае Максім Алейнікаў.

Пасля песня доўга чакала сваё пары. Максім Алейнікаў прапанаваў запісаць яе магілёўскаму гурту «Беатрыс». Доўга ўгаворваў спявачак, тыя аднекваліся, казалі, што ім незразумелая гэтая рэч. У выніку, вырашылі запісаць дэма песні, на якой замест словаў спявалі гукі «лэй-ла-ла».

«Калі гэта музычная кампазіцыя была запісана, я пачаў шукаць аўтара словаў. Думаў пра тое, што гэта песня павінна быць ці на беларускай мове, каб увабрала ў сябе наш нацыянальны код, ці на англійскай, каб быць зразумелай вялікай колькасці людзей. Але пасля зразумеў, каб быць беларускай песняй, неабавязкова, каб яна гучала па-беларуску. У гэтай музыцы ёсць нешта большае — наша нацыянальная ідэнтычнасць», — кажа Максім Алейнікаў.

Але з вялікай колькасці прапанаваных яму тэкстаў Максім так і не змог выбраць ніводнага.

«Усё не тое. Са словамі гэта станавілася проста песняй, а для мяне гэта было не проста. Ведаеце, песня без словаў — як кот Шродынгера. Ён і ёсць, і адначасова няма. Пакуль у песні няма словаў, яна можа быць пра што заўгодна, сэнсаў у ёй можа быць безліч. Гэта як часціцы ў квантавай фізіцы. Калі з’яўляецца назіральнік, толькі тады яны пачынаюць існаваць».

Такой незвычайнай музыцы, на думку прадзюсара, павінен адпавядаць і «смачны» відэашэраг.

«Я запрасіў украінскага рэжысёра Максіма Літвінава, які ставіў нумары Navi, Злаце Агневіч, Джамале. Ён — рэжысёр украінскага «Х-Фактара». У Беларусі рэжысёраў з такім партфоліа проста няма. Я не выключаю, што ёсць таленавітыя маладыя рэжысёры. Але тут важна разумець, што патрэбны менавіта рэжысёр тэлевізійных праектаў. І стаўкі вельмі высокія, каб даверыцца камусьці невядомаму», — лічыць Максім Алейнікаў.

Максім Літвінаў таксама стаў рэжысёрам кліпа да песні «La-ley-la». Кліп выйдзе 25 лютага.

«Гэтую ўсю працу я раблю толькі з адной мэтай — перамога на Еўрабачанні», — удакладняе Максім Алейнікаў.

Ён тлумачыць, што Беларусь ніколі не перамагала на Еўрабачанні, таму што ніколі і не ставіла сабе такой мэты.

«Проста паглядзіце на нацыянальны адбор. Хоць пра якую песню вы можаце сказаць, што гэта песня-пераможца? Адказ відавочны — не. Уся мэта Беларусі — гэта трапіць у фінал. Не перамагчы, а проста трапіць», — кажа Максім Алейнікаў.

Другой прычынай таго, што Беларусь церпіць няўдачы на «Еўрабачанні», Максім Алейнікаў бачыць у тым, што ў беларускім шоу-бізнэсе няма асяроддзя, дзе б магла з’явіцца пераможная песня.

«Паглядзіце на тых, хто перамагае ў гэтым конкурсе. Гэта песні, якія крыху апярэджваюць час. У іх ёсць нешта новае, свежае. А адкуль у Беларусі з’явіцца штосьці свежае, калі да гэтага ў нас пануюць саладухі і дарафеевы. Гэта і ёсць наша культура. Як можна з гэтым спаборнічаць з моднымі еўрапейцамі?» — разважае Максім Алейнікаў.

З гэтай прычыны Максім Алейнікаў і вырашыў, што рабіць трэба штосьці сваё, адметнае, а не спаборнічаць з Еўропай.

Трэцяя прычына — у талерантнасці беларусаў.

«Калі мы кажам пра самавыяўленне, то вось гэты ўнутраны стан талерантнасці — а значыць, і адсутнасці смеласці і свабоды — вельмі дрэнна адбіваецца на творчасці. Так і адбываецца, што ў нашых выканаўцаў вельмі добрыя галасы, але харошы выканаўца — гэта не голас, гэта смеласць. А яе вельмі не хапае нашым спевакам», — лічыць Максім Алейнікаў.

Каб падрыхтаваць гурт Chakras да ўдзелу ў адборы на «Еўрабачанне», Максім Алейнікаў прадаў сваю кватэру.

«Я наогул пра гэта не думаю. Так, кватэру прадаў, бо большую частку сродкаў на падрыхтоўку нумара вымушаны траціць я», — адказвае Максім Алейнікаў.

Пяць гадоў таму ў яго абвастрыўся хранічны гепатыт, тады грамадой збіралі на яго лячэнне $90 тысяч. То-бок на ўласнае здароўе Алейнікава збіралі грошы, а для ўдзелу ў «Еўрабачанні» можна было і прадаць кватэру?

«Я не збіраў грошы. Я ляжаў у бальніцы, мне было вельмі дрэнна. І гэта была ініцыятыва маёй дзяўчыны і маіх сяброў. У выніку ўсе гэтыя грошы пайшлі на дабрачыннасць. Мне яны не спатрэбіліся. Я трапіў у праграму тэставання лекаў, і мяне вылечылі. Цяпер я здаровы чалавек. Самае важнае ў гэтым тое, што я адчуў, якой колькасці людзей не ўсё роўна. Маральная падтрымка нашмат важнейшая», — тлумачыць Максім Алейнікаў.

Прадзюсар кажа, што зараз ён поўны сіл. І праект Chakras не скончыцца адным «Еўрабачаннем».

«Гэта новы канцэпт музыкі без словаў. Я думаю, што трэба даць яму шанец на існаванне», — падсумаваў Максім Алейнікаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

10
ПАК / Адказаць
22.02.2020 / 16:29
Как бы я не относился к Алейникову, номер получился довольно неплохой. Подкрепить крутым видеорядом - и можно кайфовать от просмотра и прослушивания. Вокалистки молодцы.
7
Войт / Адказаць
22.02.2020 / 17:39
Гэта найлепшае, што было ад Беларусі
1
гоблін / Адказаць
22.02.2020 / 17:52
Его мать, его, если не ошибаюсь, хороший человек. Она малышам, попавшим в беду, помогает. Дай ей Б-г здоровья! 
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру