21.02.2020 / 13:17

ЕГУ запрашае абітурыентаў у Вільню: можна цэлы тыдзень пажыць як сапраўдны еўрапейскі студэнт 14

30 сакавіка — 5 красавіка Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае старшакласнікаў і ўсіх ахвотных на вясновыя Дні адчыненых дзвярэй у Вільні, падчас якіх універсітэт прапануе абітурыентам стаць сапраўднымі еўрапейскімі студэнтамі на адзін тыдзень.

У чым жа можа сябе паспрабаваць абітурыент на працягу тыдня?

3D-анімацыя або анімацыя пяском

Маляванне, кампазіцыя, фатаграфія, пясочная анімацыя, 3D-анімацыя, стварэнне і апрацоўка відэа — наведаць воркшопы па гэтых напрамках могуць усе, хто цікавіцца дызайнам. Разам з выкладчыкамі і студэнтамі дэпартамента абітурыенты могуць стварыць свой першы творчы прадукт ці папоўніць сваё партфоліа.

Зняць ролік або напісаць маналог

Падчас Зімовых дзён адчыненых дзвярэй пісьменнік дацэнт Віктар Марціновіч і рэжысёр Аляксандр Марчанка запрашалі абітурыентаў да падрыхтоўкі ролікаў, прысвечаных адной са значных дат еўрапейскай спадчыны:

1. 250-й гадавіны са дня нараджэння Людвіга ван Бетховена. Чаму Бетховен? Чаму яго музыка стала гімнам Еўрапейскага саюза і гучыць ва ўсім свеце ў самыя ўрачыстыя моманты? Калі і як ён стаў вечным брэндам? Што сёння можа нам даць творчасць гэтага выдатнага музыканта? І што мы ведаем пра Людвіга ван Бетховена? На гэтыя і іншыя пытанні абітурыенты і студэнты ЕГУ працягнуць шукаць адказы ў час Вясновых дзён адчыненых дзвярэй, а паслухаць самы знакаміты твор Бетховена прапануем проста цяпер.

Першапачаткова «Месячная саната» насіла назву «Амаль фантазія», або проста «Саната для фартэпіяна No.14 до-дыез мінор». Яна была прысвечана юнай вучаніцы кампазітара графіні Джульеце Гуакардзі, у якую ён быў закаханы, аднак не ўзаемна. Папулярная назва «месячнай» умацавалася з ініцыятывы паэта Людвіга Рэльштаба, які ў 1832 годзе параўнаў музыку першай часткі санаты з пейзажам Фірвальдштэцкага возера ў месячную ноч. Як і ў выпадках са многімі кампазітарамі таго часу, саната была апублікавана толькі пасля смерці Бетховена.

2. 755-я гадавіна са дня нараджэння Дантэ Аліг'еры. «Боская камедыя», якая першапачаткова была проста «Камедыяй». Кніга, якую мала хто чытаў, але ўсе без выключэння ведаюць, што там пра пекла. Дантэ Аліг'еры — чалавек, якога часцей за ўсё малююць у лаўровым вянку, стваральнік італьянскай літаратуры і той, хто намаляваў усяму чалавецтву рай і пекла. Ён вёў палітычную барацьбу за ўладу, быў выгнанцам і стварыў адну з самых прыгожых гісторый кахання ў гісторыі чалавецтва. Што мы ведаем пра яго і што дзеецца ў дантаўскім пекле? Чаму сучаснаму гуманітарыю ён па-ранейшаму важны? Адказаць на гэтыя пытанні, а галоўнае, задаць сваё прапануе Дэпартамент гуманітарных навук і мастацтваў падчас Дзён адчыненых дзвярэй.

Майкл Паркес. Партрэты Дантэ і Беатрычэ, 1993 год. Фота archive.ru

3. 500 гадоў з пераезду Францыска Скарыны ў Вільню. Беларускі гуманіст першай паловы ХVI ст., вучоны-медык, пісьменнік, перакладчык, мастак, асветнік, першадрукар на ўсходнеславянскіх землях.

У 1520 годзе Францыск Скарына пераязджае з Прагі ў Вільню. Відаць, выдаваць кнігі ў Вільні было танней. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла магчымасць удзельнічаць у фінансавых аперацыях брата і атрымліваць фінансавую падтрымку ад праваслаўных членаў віленскага магістрата. Так Скарына выдае тут прыблізна ў 1522 годзе «Малую падарожную кніжыцу» і «Апостала» ў 1525-м. У 1526 годзе Віленская капітула прымае рашэнне ўзмацніць барацьбу з рэфармацыйнымі плынямі, паміраюць некалькі яго заступнікаў, Скарына паступае на пасаду сакратара віленскага біскупа Яна і пачынае займацца медыцынскай практыкай. 

Дом, у якім жыў Францыск Скарына. Фота delfi.lt

Стаць студэнтам на тыдзень ці проста здаць экзамены

Прыязджаць ранкам на заняткі, піць ранішнюю каву са студэнтамі на крэслах-падушках, чытаць, пытацца, спрачацца, заводзіць сяброў, абедаць у сталовых Віленскага ўніверсітэта і Акадэміі мастацтваў, шпацыраваць па старым горадзе каля дома, у якім жыў Скарына, хадзіць на бясплатныя выставы, канцэрты, слухаць пятнічную імшу ў касцёле Панны Марыі Суцяшэння, затрымлівацца ў бібліятэцы дапазна — жыць насычаным жыццём еўрапейскага студэнта цэлы тыдзень. А можна прыехаць толькі на выходныя, бясплатна здаць экзамены па замежнай мове, эсэ ці кампазіцыю і даведацца пра ўсё самае важнае з першых вуснаў.

Як прайшлі зімовыя дні адчыненых дзвярэй, глядзіце ў адмысловым відэа. 

Вясновыя дні адчыненых дзвярэй адбудуцца ў навучальным корпусе ЕГУ — у будынку Аўгусцінскага манастыра ў Старым горадзе Вільні. Пры рэгістрацыі да 23 лютага абітурыентам аказваецца візавая падтрымка.

Важна! Націсніце тут, каб зарэгістравацца

А што потым?

У 2020 годзе ЕГУ прапануе гранты для поўнага або частковага пакрыцця кошту навучання, а таксама стыпендыі для студэнтаў з Беларусі і іншых краін.

У рамках навучання на абноўленых праграмах ЕГУ студэнты будуць рэгулярна папаўняць асабістае прафесійнае і акадэмічныя партфоліа, якое дазволіць прайсці практыку ў прэстыжных міжнародных арганізацыях, а таксама значна павялічыць магчымасці на рынку працы пасля заканчэння навучання.

Навучанне ў ЕГУ ажыццяўляецца па мадэлі свабодных мастацтваў (англ. liberal arts), што дазваляе максімальна раскрыць крэатыўны і акадэмічны патэнцыял студэнтаў, развіць адаптыўнасць, навыкі крытычнага і крэатыўнага мыслення.

Навучальны працэс праграмы агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі ЕГУ грунтуецца на калектыўнай працы студэнтаў і выкладчыкаў. Акрамя класічных лекцый, студэнты ўцягнутыя ў такія сучасныя формы вучэбнай дзейнасці, як сімпозіумы, цьютараты і анлайн-заняткі.

Навучальны план студэнтаў праграм «Візуальны дызайн» і «Еўрапейскае спадчына» выбудоўваецца праз зварот да артэфактаў еўрапейскай культуры. Гэта ўдзел у палявых школах у гарадах, якія адносяцца да фарміравання еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі. Кожны курс навучання студэнты будуць працаваць над асабістым гадавым праектам, прысвечаным гарадам палявой школы: Вільні, Санкт-Пецярбургу, Фларэнцыі і Афінам.

Праграмы навучання спецыялізацый «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка» і «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза» грунтуюцца на звароце да праблематыкі сацыяльных трансфармацый у Беларусі і рэгіёне праз прызму еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі. Спалучаючы курсы агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі з перадавымі профільнымі дысцыплінамі ад практыкуючых спецыялістаў, праграмы фармуюць рознабаковых прафесіяналаў, якія атрымліваюць міжнароднае прызнанне і шырокія магчымасці ў кар'ернай сферы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

NN.by

3
Казік / Адказаць
19.02.2020 / 15:42
>Месячная саната
Пераклад-калька з няправільнага перакладу. "Mondscheinsonate" гэта "саната месяцовага святла"
18
Кажыма праўду / Адказаць
19.02.2020 / 16:15
Выдатныя (і зайздросныя для «савецкіх» пакалення) магчымасці для сучаснае моладзі.

P.S. На жаль, ЕГУ не стаўся, як адпачатку марылася, Нацыянальным Універсітэтам. Трэба мацаваць інстытуцыі БНР і пад яе эгідай рэалізоваць у тым ліку і праект Нац. Універсітэта.
39
Брыдкая пачвара / Адказаць
19.02.2020 / 16:56
А экскурсіі па начных клубах с пробным ужываннем траўкі, "экстазі"з віскі з папутным знаемствамі з мясцовымі чараўніцамі будзе?
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру