А ў лютым з хлопцам звязаліся супрацоўнікі амбасады і паведамілі, што яму адмоўлена. Выявілася, што Жодзінская падатковая інспекцыя знайшла нясплачаныя падаткі на даходы з-за мяжы за два гады.

«Я быў шакаваны, як такое наогул магчыма. Улічваючы, што я ніякіх грошай ніколі не атрымліваў», — абураецца Аляксей.

Калі ў падатковай яму назвалі даты, у якія нібыта паступаў даход, ён вывучыў свой банкаўскі рахунак. І пабачыў, што ў тыя дні яму вярталі грошы розныя замежныя сэрвісы.

Напрыклад, $23 прыйшло ад платформы па здыму арэнднага жылля Airbnb. Калі Аляксей адпачываў на Мальце, ён браніраваў жыллё праз гэты сэрвіс. Але з апартаментамі былі праблемы, таму гаспадыня вяртала хлопцу на картку частку сплочанай сумы.

У даходы запісалі таксама $7 і $6, вернутыя Apple Music. 

«Я купіў падпіску, суму здымаюць на месяц наперад. Потым вырашыў перастаць карыстацца сэрвісам, вось і вярнулі кошт месячнай падпіскі», — тлумачыць Аляксей.

У выпіску трапілі таксама даты, калі хлопец праз інфакіёск у Мінску паклаў сабе на картку $25. А таксама калі атрымаў назад заклад, сплочаны за ўдзел ў адукацыйнай праграме.

Агулам назбіралася каля $100 «даходаў».

Хлопец дадае, што яму давялося пісаць тлумачэнні па кожным пункце, адпраўляць лісты ў Міністэрства па падатках і зборах.

«Два дні я апраўдваўся. Толькі на адныя званкі патраціў даляраў 30», — наракае ён.

Атрымліваецца, падатковая аўтаматам разглядае вяртанне грошай замежнымі сэрвісамі як даход?

«Мы бачым, што даход атрыманы ад нейкай замежнай юрасобы — мы ж не ведаем сутнасць гэтага пераводу»,

— каментуе начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб Жодзінскай падатковай інспекцыі Уладзімір Стрыгун.

Ён кажа, што, каб у органаў не ўзнікла пытанняў да гэтых аперацый, трэба даваць тлумачэнне па кожнай. Інакш гэтыя грошы палічаць аплатай за працу і патрабуюць з вас падатак.

«Фізічная асоба можа прыйсці ў падатковую інспекцыю і даць пісьмовае тлумачэнне. Можна падаць яго праз асабісты кабінет на партале міністэрства ці даслаць па пошце. Калі ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што чалавек пералічыў грошы, а потым тая юрасоба іх вярнула, значыць, трэба іх прыкласці», — апісвае механізм Уладзімір Стрыгун.

Такія тлумачэнні па атрыманых з-за мяжы грошах падаюцца раз на год не пазней за 31 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?