20.02.2020 / 19:46

На польскіх нацыяналістаў, якія запалохваюць беларусаў Гайнаўкі, паскардзіліся ў пракуратуру 18

На арганізатараў маршу нацыяналістаў у Гайнаўцы падалі скаргу ў пракуратуру Варшавы. У анонсе нядзельнага шэсьця ўтрымліваюцца заклікі да нянавісьці, лічаць аўтары пазову, піша Радыё Свабода.

Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы адбудзецца пяты раз. Яго ўдзельнікі ўшаноўваюць пасьляваенных жаўнераў антыкамуністычнага падпольля ў Польшчы — «Выклятых жаўнераў». Адзін з цэнтральных герояў шэсьця — Рамуальд Райс «Буры». Яго атрад адказны за забойства 79 беларусаў Падляшша.

Ранейшыя шэсьці праходзілі ў атмасфэры скандалаў. Мясцовыя ўлады маршы забаранялі, але ўлады Падляскага ваяводзтва забарону касавалі. Першыя тлумачылі, што праводзіць шэсьце ў месцы, дзе жывуць ахвяры бойняў «Бурага» — немаральна. Другія спасылаліся на свабоду слова і сходаў. У дзень маршу ў Гайнаўку прыяжджалі актывісты польскай арганізацыі «Грамадзяне Рэспублікі Польшча» і намагаліся перашкодзіць нацыяналістам.

«Жыхароў Гайнаўкі назвалі камуністамі і зьвязалі гэта з нацыянальнасьцю»

Сёлета праціўнікаў маршу абурыў анонс мерапрыемства, разьмешчаны на Фэйсбук-старонцы нацыяналістычнай ініцыятывы «Падляскі нацыянальны агляд».

Прадстаўнік арганізацыі «Грамадзяне РП» Ігар Ісаеў падаў на гэтым тыдні пазоў у варшаўскую пракуратуру. Ён просіць пракуратуру праверыць, ці гэтым допісам не былі парушаныя польскія законы.

«У допісах на сваіх профілях арганізатары маршу пісалі пра нацыянальнае паходжаньне жыхароў Гайнаўкі, называлі іх русінамі і ставілі пад сумнеў іх ляяльнасьць да польскай дзяржавы. Іх называлі камуністамі і зьвязвалі гэта з нацыянальнасьцю. Там наўпрост гаворыцца, што з гэтым трэба змагацца», — распавёў у інтэрвію Свабодзе Ігар Ісаеў.

«Прыйшоў і наш час — час палякаў»

Пра што пішуць арганізатары маршу ў сваім анонсе? Аўтары гучнага допісу называюць Гайнаўку адзіным горадам у Польшчы, дзе ганьбіцца «добрае імя жаўнераў незалежніцкага падпольля». І дзе «польскіх герояў называюць бандытамі і злачынцамі». «Менавіта там людзей судзяць за лёзунг «Прэч камуністаў!» або за меркаваны актыўны напад на супрацоўніка паліцыі.

Менавіта там да апошняга моманту не вывешваюць польскіх сьцягоў на дзяржаўныя ўрачыстасьці. Менавіта ў гэтай Гайнаўцы адбываліся шэсьці на 1 траўня, замест урачыстасьцяў, зьвязаных з нацыянальным днём памяці «Выклятых жаўнераў». [Сама назва «выклятыя жаўнеры» ўжываецца пачынаючы з 1993 года, калі яно было выкарыстана ў назве выставы, прысвечанай антыкамуністычнаму пасляваеннаму падпольнаму руху ў ПНР.] І менавіта там шмат жыхароў называе сябе русінамі, а гэтыя землі, паводле іх, акупаваныя. Гайнаўка зьяўляецца часткай польскай дзяржавы. Таму наш маральны абавязак — каб нарэшце на гэтай чырвонай (камуністычнай — РС) зямлі перамагла польская ідэя».

Далей ў допісе гаворыцца: «Усё мае свой пачатак і канец. Таму цяпер прыйшоў час на нас — палякаў. Рашучых людзей, якія хочуць зрынуць апошні бастыён камунізму ў Польшчы. Паступова, крок за крокам. Каб зьнесьці гэты бэтон патрэбны кожны з вас. Ваша прысутнасьць у гэты дзень у Гайнаўцы пакажа чырвоным уладам і іх прыхільнікам, што іх погляды і час беззваротна мінулі».

«Ужо чатыры гады на гэтым шэсьці гучаць заклікі да нянавісьці»

Гэта заклік да варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы, лічыць Ісаеў і пералічвае тры артыкулы Крымінальнага кодэксу Польшчы, якія могуць быць парушаныя ў тэксьце падляскіх нацыяналістаў — 119, 256 і 257.

«На нашу думку, аўтары гэтых допісаў пагражаюць жыхарам Гайнаўкі. Браць пад увагу варта і кантэкст мінулых маршаў. Арганізатары шэсьця абзываюць жыхароў гораду «камунякамі». Падчас маршу неаднойчы паўтараецца лёзунг «На дрэвах замест лісьця вісець будуць камуністы». Арганізатары наўпрост ня кажуць пра беларусаў, бо ведаюць, што ім за гэта давядзецца адказваць. Яны нібыта далікатна пераводзяць стрэлкі. І іх лёзунгі пра камуністаў, якія будуць вісець на дрэвах, — гэта заклік да злачынства», — перакананы Ігар Ісаеў.

Ён дадае, што позва ў варшаўскую пракуратуру, а не ў беластоцкую, была накіраваная невыпадкова. У «Грамадзянаў РП» няма даверу да тамтэйшай пракуратуры. Яны лічаць, што пракуратура ў Беластоку выконвае замовы ўладаў.

Гэта не адзіны зварот праціўнікаў шэсьця. Яны зьвярнуліся і да бурмістра Гайнаўкі, а таксама мясцовай паліцыі з заклікам азнаёміцца з тэкстам арганізатараў у сацыяльных сетках і, улічыўшы яго, забараніць шэсьце:

«Ужо чатыры гады на гэтым шэсьці гучаць заклікі да нянавісьці. І тут няма гаворкі пра свабоду слова. Эўрапейскія і польскія законы наўпрост кажуць, што свабода слова не распаўсюджваецца на заклікі да нянасьвіці».

«Мы кіруемся любоўю, а не нянавісьцю і хочам сьвяткаваць польскія сьвяты»

Свабода скантактавалася з асобай, якая вядзе профіль «Падляскага нацыянальнага агляду». Падчас тэлефоннай размовы спадар Дарыюш запэўніў, што арганізатары нядзельнага шэсьця не кіруюцца нацыянальнай прыкметай.

— Кожны мае права на сваё меркаваньне. Мы кіруемся любоўю, а не нянавісьцю. Мы гаворым пра складаную гісторыю гэтых мясьцін і ўшаноўваем сваіх герояў. Шмат гадоў у Гайнаўцы гэта дазвалялася рабіць. Я бачыў відэа на ютубе, дзе нехта кажа, што гэта Русь, што гэтыя землі знаходзяцца пад польскай акупацыяй. Так нельга. Мы праводзім гэтыя маршы пяць гадоў. Нікога за гэты час мы не пабілі і не павесілі. Але праўда такая, што тут дагэтуль яшчэ жывуць асобы, якія з надзеяй глядязяць на Ўсход.

— Ці лічыце вы, што Гайнаўка, дзе жывуць сем’і забітых, гэта адпаведнае месца для такога маршу?

— Гэтых людзей ніхто не забіваў. Гэтыя людзі загінулі падчас пажараў.

— Ёсьць шмат сьведчаньняў, што людзей пыталіся пра нацыянальнасьць, і калі адказам было «беларус», то яго забівалі.

— Бабка сказала, бабка бачыла. Раптам невядома адкуль зьявілася шмат сьведак. Гэта быў час вайны. Кожны адказвае перад Богам. Гэта складаная гісторыя. Гайнаўка — гэта Польшча. Там павінны адзначацца польскія сьвяты. А нам не даюць гэтага рабіць. Хтосьці хоча зарабіць на гэтым палітычны капітал.

МЗС Беларусі выказвае расчараваньне

МЗС Польшчы паведаміў, што атрымаў ліст ад зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі ў справе нядзельнага маршу ў Гайнаўцы. «Беларускі бок выказаў расчараваньне з нагоды дазволу шэсьця мясцовымі ўладамі Гайнаўкі, заявіўшы, што будзе сачыць за хадою гэтай падзеі», — гаворыцца ў камэнтары польскага МЗС.

Актывісты арганізацыі «Грамадзяне Польшчы» зьбіраюцца ў нядзелю ў Гайнаўку, каб назіраць за шэсьцем нацыяналістаў. Яны заяўляюць, што калі ўлады гораду і паліцыя ня будуць рэагаваць на лёзунгі і плякаты, якія ўтрымліваюць заклікі да нянавісьці, то праціўнікі шэсьця будуць яго блякаваць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

7
bell / Адказаць
20.02.2020 / 19:56
Польскія нац....
8
Кажыма праўду / Адказаць
20.02.2020 / 19:58
пісалі пра нацыянальнае паходжанне жыхароў Гайнаўкі, называлі іх русінамі і ставілі пад сумнеў іх лаяльнасць да польскай дзяржавы
Так, гэта адвечная спрэчка двух народаў. Адзін, імперскі, жадае скарыць другі, што проста хоча жыць у сваёй дзяржаве ды сваім розумам.

Беларусіны, вышэй уздымайма штандар змагання за нашу пракаветную мару. За наш Беларускі Дом.
2
Генэрал Голад / Адказаць
20.02.2020 / 20:01
Беларусаў можа і мусіць абараніць толькі беларуская дзяржава. А гэткай дзяржавы няма. Прыкры факт. 
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру