23.02.2020 / 14:52

Алексей Янукевич рассказывает, как стыдится за оппозицию, любит парады и немножко о невесте. Интервью Натальи Лубневской 54

У кватэры Аляксея Янукевіча рамонт. Намеснік старшыні БНФ паказвае кухню, аформленую ў скандынаўскім стылі, і падлогу — зачышчаныя дошкі, пакладзеныя яшчэ ў 1970-я. Кажа, што многае зрабіў сваімі рукамі.

На апазіцыянеры майка-пола з лагатыпам футбольнага клуба «Тарпеда» і парфума Іў Сэн Ларан. Хоць цішоткі Аляксей носіць зрэдку — больш любіць кашулі. А гарбату любіць больш, чым алкаголь.

У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Янукевіч распавёў, як насіў бронекамізэльку ў 2006-м, што думае пра канкурэнтаў па праймерыз, за што любіць парады і чаму дагэтуль нежанаты.

«Цяжка абмежавацца ад той ерасі, якой вельмі шмат калегі-апазіцыянеры выдаюць у эфір»

«Наша Ніва»: Вы неяк казалі, што гатовы былі адразу дамовіцца аб адзіным кандыдаце і паступіцца ўласнымі амбіцыямі. Вы не верыце ў сваю перамогу?

Аляксей Янукевіч: Я веру ў сваю перамогу і веру, што буду прэзідэнтам, але думаю, што не ў 2020-м. Думаю, што ў 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка застанецца пры ўладзе. А тое, што можна зрабіць, — гэта скансалідаваць і змабілізаваць нацыянальна-дэмакратычную частку грамадства. І на гэта не так шмат часу застаецца.

Наша прапанова — не проста давайце любога, абы-каго. Павел Севярынец, на нашу думку, ён якраз мог бы быць таксама тым чалавекам, які зможа скансалідаваць нацыянал-дэмакратаў. Наша логіка была такая: ён прадстаўляе правацэнтрыстаў, ім прасцей будзе на яго пагадзіцца, чым на Янукевіча з БНФ, таму давайце так. Але не спрацавала, на жаль.

«НН»: Навошта вам ісці ў прэзідэнты?

АЯ: Таму што я маю вельмі выразнае бачанне, як павінна існаваць і працаваць краіна дзеля таго, каб беларусам добра жылося і каб нацыя сапраўды была моцнай і квітнеючай. Я хачу гэта зрэалізаваць і пост прэзідэнта зручны для гэтага.

«НН»: Севярынец склікае людзей на плошчы, Канапацкая піярыцца рэзкімі выказваннямі. Чым вы галасы будзеце прыцягваць?

АЯ: Думаю, тым шматлікім людзям, якія мяне падтрымліваюць, мне давяраюць, імпануе мая палітычная, чалавечая манера, яснасць, адкрытасць, сумленнасць. Ну і камунікаваць з грамадствам, піярыцца, канечне, трэба, і таксама гэта будзем рабіць. Без нейкіх скандальных рэчаў — гэта не нашы метады.

«НН»: Думаеце, у апазіцыі прывабны імідж?

АЯ: Канечне, непрывабны.

«НН»: І што рабіць?

АЯ: Апазіцыі трэба мяняцца, мяняць сваю рыторыку. Разумееце, у чым праблема БНФ? Хто што з апазіцыі ні кажа — гэта ўсё роўна прыпісваюць нам. З іншага боку, усё, што мы кажам, часам прыпісваюць іншым апазіцыянерам.

То-бок вельмі цяжка абмежавацца ад той ерасі, якой вельмі шмат, на жаль, калегі-апазіцыянеры выдаюць у эфір, тым самым прыносячы шкоду і свайму іміджу, і ў прынцыпе вобразу дэмакратычных сілаў.

Нічога з гэтым не паробіш. Мы, зрэшты, імкнёмся людзям тлумачыць, што БНФ — гэта БНФ. Ёсць АГП, яшчэ нехта — гэта іншыя людзі. Не запытвайце ў нас, чаму Лябедзька робіць нейкія рэчы, мы не адказваем за яго. Але не толькі Лябедзька.

«НН»: За каго вам яшчэ сорамна?

АЯ: Ведаеце, вялікі спіс. Не тое, што сорамна. Але тое, што я чую ад калег, пакідае ўражанне не такое, як мне б хацелася і, думаю, як хацелася б таму, хто такія рэчы кажа, у галовах людзей.

«НН»: Так а хто ў гэтым спісе выдаўцоў ерасі?

АЯ: Ну… вельмі шмат людзей. Пераважная большасць нават маіх канкурэнтаў цяперашніх у праймерыз.

Можа быць, у меншай ступені Павел Севярынец. У яго свае, канечне, закідоны, але ў Паўла ёсць тое, што мне падабаецца, — яўнае стратэгічнае бачанне, які эфект ад сваіх словаў ён чакае. Хаця б здавалася, што ён такі фундаменталіст, але ён вельмі прагматычны палітык.

«НН»: Ваша цытата: «Трэба прымусіць Крэмль лічыцца з той часткай беларускага грамадства, для якой важны каштоўнасці незалежнасці і нацыянальнага адраджэння». Як збіраецеся гэта рабіць?

АЯ: Як я казаў, трэба вярнуць суб’ектнасць палітычную ў Беларусі нацыянальна-дэмакратычным сілам. Тую суб’ектнасць, якой валодаў БНФ на пачатку 1990-х, якая пасля яшчэ неяк існавала да 2010 года, але, на жаль, пасля знікла. Такую абстрактную апазіцыйную суб’ектнасць мне не шкада. Але мне шкада, што нацыянальна-дэмакратычны рух быў аслаблены і рэпрэсіямі, і пэўнымі сваімі памылкамі, і памылковымі чаканнямі палітычнай падтрымкі Захаду, якая была важная і знікла, і гэта таксама нанесла шкоду існаванню дэмакратычнай апазіцыі тут.

Таму што частка актывістаў сапраўды адчула моцнае расчараванне. Калі нас тут ціснулі моцна, але Захад казаў: «Беларуская апазіцыя, мы з вамі, вы рана ці позна пераможаце, не перажывайце, працягвайце змагацца», — гэта адно. А тут рыторыка памянялася, і тыя ж заходнікі пачалі або цалкам ігнараваць, або казаць: «Вы ўжо стамілі нас, не можаце даць рады Лукашэнку, таму не чакайце, што будзеце камусьці цікавыя».

А некаторыя наогул лічаць, што тая апазіцыя, якая існуе, павінна знікнуць, і павінны паўстаць новы, сапраўдны, не атручаны негатыўным досведам паразаў рух. Окей, няхай паўстане. Як спяваў Грэбеншчыкоў, «дзе тая маладая шпана, што сатрэ нас з твару зямлі». Але не з’яўляецца. Тыя новыя рухі, якія ўвесь час узнікаюць, сканчваюцца нічым. Іншай апазіцыі не будзе.

«НН»: А ці ёсць у вас бачанне, што рабіць з нашай эканомікай? Зараз назіраем, што толькі скараціліся пастаўкі нафты з Расіі — і ВУП упаў.

АЯ: Канечне, ёсць. Тое, што адбываецца з беларускай эканомікай, не катастрофа, але шлях да катастрофы, таму што шмат у чым эканоміка завязаная на выбіванні. Я не кажу, што гэта міласць расейская, ёсць свой кошт неграшовы ў тым, што Расея атрымлівае за сваю нафту і газ ад Беларусі.

Трэба выходзіць з Мытнага звязу, Еўразійскага эканамічнага звязу, трэба адназначна перыарыентоўвацца ў тым ліку на рынкі Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Беларусы могуць рабіць якасныя тавары, абсалютна канкурэнтназдольныя. Не трэба баяцца, што нас ніхто не чакае ў Еўразвязе — там ніхто нікога не чакае, туды проста трэба прабівацца.

Канечне, праблема рэструктурызацыі эканомікі, то-бок раздзяржаўленне. Трэба адмовіцца ад усіх банкрутных прадпрыемстваў і даць магчымасць працаваць нармальна механізму банкруцтва. Даць незалежнасць судам, эканамічным у тым ліку, таму што са справядлівых судоў пачынаецца ўсё: гарантыі прыватнай уласнасці, інвестыцыі ў краіну, малы і сярэдні бізнэс. Я думаю, што прыватны бізнэс, малы, сярэдні — гэта тое, што пацягне Беларусь наверх.

«НН»: А трактары «Беларус» каму пастаўляць будзеце?

АЯ: Трактары будзем прадаваць паўсюль. У тым ліку і ў Ангельшчыну. Я некалькі гадоў таму быў там, бачыў гандлёвы дом з беларускімі трактарамі.

Нельга камплексаваць, што нашы тавары апроч Расеі ніхто не купіць. Дый Расея ўжо нашы тавары не набывае, таму што ў іх ёсць пункцік імпартазамяшчэння, яны ўсё хочуць мець сваё. Плюс Кітай расейскі рынак запаўняе капітальным чынам, і пакуль што ніхто ў свеце не можа з кітайцамі па коштах спаборнічаць. Але ў катэгорыі кошт-якасць і аўтобусы нашы, і грузавыя аўтамабілі, і камбайны канкурэнтаздольныя, і ўсё з імі ў парадку. Пэўныя тэхналогіі, канечне, трэба абнавіць, але гэта вырашальна.

І МЗКЦ без Расеі нармальна пражыве… Арабы вельмі шмат зброі набываюць, і нашая тэхніка ім будзе дарэчы.

«Бронекамізэлька ляжыць у гаражы, да горшых часоў»

«НН»: Чулі, у 2006-м вы насілі бронекамізэльку. Адкуль яна ў вас?

АЯ: Хлопцы знаёмыя дапамаглі. Я звярнуўся, сказаў: знайдзіце. Знайшлі. Але яна не трафейная, не.

«НН»: Навошта яна была патрэбная?

АЯ: Насамрэч не было зразумела, як будзе разгортвацца сцэнар падзей Плошчы. З сакавіка ў 2006 годзе ў мяне рэальна было перакананне, што магчыма здзейсніць пералом, праз Плошчу дамагчыся таго, што ўлада адступіць, што Мілінкевіч зможа стаць прэзідэнтам. Калі б такі момант наступіў, нельга было выключаць і таго, што будуць страляць.

«НН»: А ахоўнікам Мілінкевіча вы не былі?

АЯ: Не. Я заўсёды побач з Мілінкевічам быў у той кампаніі, таму што адказваў за арганізацыю ягоных сустрэч ў Менску і рэгіёнах. І адзін з варыянтаў развіцця падзей, якія я меў у галаве: калі раптам пачнуць страляць, можна будзе проста аддаць яму гэту камізэльку, каб ён яе на сябе надзеў. Ён такі вялікі, як мішэнь, канечне, зручны (усміхаецца).

«НН»: Зараз гэту камізэльку надзяваеце калі-некалі?

АЯ: Не, ляжыць у гаражы пакуль што, да горшых часоў.

«НН»: Калі самі будзеце кандыдатам у прэзідэнты, ці будзеце наймаць ахову?

АЯ: Паглядзім па сітуацыі. Паўтаруся, што цяпер я не бачу нейкай сілы, якая магла б змусіць Аляксандра Лукашэнку сысці. Такой сілай могуць быць нейкія знешнія абставіны, вельмі жорсткія, і я не бачу іх, або ўнутраны ціск, але таксама абсалютна не бачу патэнцыялу, што народ пойдзе на вуліцы і скажа: усё, досыць. Або гэта можна быць нейкі кулуарны пераварот, але, прынамсі з тых крыніц інфармацыі, якія даступныя, выглядае, што Аляксандр Лукашэнка камфортна кантралюе сваю вертыкаль і яна застаецца лаяльнай.

Таму на гэтых выбарах зразумела, што хутчэй за ўсё для Аляксандра Лукашэнкі не будзе стаяць пытанне аб тым, каб страціць уладу, і адпаведна не будзе нагодаў для яго ці людзей з ягонага атачэння рабіць замахі на канкурэнтаў. Калі будзе весціся гутарка за змаганне за сапраўдную ўладу і будзе шанец у Лукашэнкі яе страціць, а ў мяне атрымаць, канечне, абавязкова будзе ахова.

«НН»: Колькі чалавек?

АЯ: Думаю, што кіраўнік аховы гэта вызначыць (усміхаецца).

«Калі «Паланэзы» едуць па праспекце, я адчуваю гонар за краіну»

«НН»: Чаму вы падтрымліваеце правядзенне парадаў з танкамі на праспекце?

АЯ: Таму, што гэта адзін з найбольш моцных спосабаў фармавання патрыятызму, гонару за сваё войска і за сваю краіну, асабліва ў моладзі, падлеткаў. І я лічу, што класна, калі праз такую форму дзеці прасякаюцца патрыятызмам.

«НН»: А ці не лепш патраціць гэтыя грошы на дарогі, бальніцы, паліклінікі?

АЯ: Канечне, не лепш.

Бальніцы і паліклінікі — гэта важна. Але ўсё роўна ёсць нейкія рэчы нематэрыяльныя. І вось гэта дабаўленая вартасць ад парадаў не вымяраецца матэрыяльна. Яна вымяраецца ўпэўненасцю грамадзянаў у тым, што войска ёсць, яно абароніць краіну, значыць гэта краіна сур’ёзная, яна ўпэўнена глядзіць у будучыню, не трэба з яе з’язджаць.

«НН»: То-бок калі танкі ў чарговы раз выязджаюць на праспект, вы адчуваеце гонар?

АЯ: Я адчуваю гонар за краіну, так. Прычым не толькі танкі — мы танкі свае пакуль што не вырабляем. Але, калі тыя ж «Волаты», «Паланэзы» едуць па праспекце, я адчуваю гонар за краіну, абсалютна.

«НН»: Таксама вы за тое, каб захаваць усеагульную вайсковую павіннасць. А самі служылі?

АЯ: Так сталася, што не служыў. Але калі быў падлеткам, то я хацеў паступаць у вайсковую вучэльню, моцна да гэтага рыхтаваўся. І, верагодна, лёс бы так і склаўся. Але два паваротныя моманты былі.

Я джыу-джытсу займаўся даволі сур’ёзна і праз гэта зацікавіўся рознымі ўсходнімі духоўнымі практыкамі. І быў кароткі перыяд, пару гадоў, калі я лічыў, што служба — гэта ўсё штучнае. Я паступіў тады ў наргас. Але даволі хутка у мяне прайшоў гэты пацыфізм, і я думаў пасля ўніверсітэта пайсці ў сілавыя структуры працаваць. Але пакуль вучыўся, прыйшоў Аляксандр Лукашэнка да ўлады, і тады стала зразумела, што не.

Але ў будучыні адна з пасадаў, якая мяне прыцягвае, — гэта міністр абароны, напрыклад. Я бы за гэтую працу быў гатовы брацца, і, думаю, мы б вярнулі войску беларускаму гонар, ролю ў грамадстве і павагу з боку суседзяў.

«Да 14 гадоў каштаваў самагонку на вёсцы і піва «Жыгулёўскае»

«НН»: У гарбаце вы сталі разбірацца таксама падчас усходніх практык?

АЯ: Не, пазней. Калі я цікавіўся ўсходнімі практыкамі, я не еў мяса, вырашыў, што не буду піць алкаголь, і да гэтага часу не п’ю. Мяса ем. Спаў без падушкі, падымаўся а пятай раніцы, займаўся ёгай.

«НН»: Ад алкаголю чаму адмовіліся?

АЯ: Ад алкаголю і ад мяса — таму, што гэта некарысна. 

«НН»: Але ж да мяса вярнуліся. Што прымусіла?

АЯ: Неяк я з цягам часу больш традыцыяналістам станавіўся. Падумаў, што ўсе продкі елі мяса, у нас клімат яшчэ такі, таму трэба есці.

«НН»: А алкаголь дагэтуль каштавалі? Вы, здаецца, з 14 не п’яце.

АЯ: Можа, якіх пяць разоў. Ну што я каштаваў? Самагонку на вёсцы, піва «Жыгулёўскае», «Савецкае шампанскае».

«НН»: Як тады расслабляецеся, калі не п’яце?

АЯ: Скажам так: я не адчуваў патрэбу да адносна нядаўняга часу ў расслабленні. Мне падабалася цалкам кантраляваць, што са мной адбываецца. І неяк гэта ў мяне не з’ядала зашмат энергіі. Але вось цяпер мне часам хочацца расслабіцца. Ну не ведаю — паспаць або фізічныя практыкаванні зрабіць, на прыродзе пабываць. Класна перазагружае.

«Біцца за раён хадзіў толькі адзін раз»

«НН»: Вы раслі ў Чыжоўцы. Як яно?

АЯ: Вельмі класна. Я шчаслівы, што рос у Чыжоўцы. Канечне, тут рознага кшталту людзі жывуць. І наўрад ці ў цэнтры такое ёсць, што ты можаш вяртацца да хаты і паміж другім і трэцім паверхам будзе ляжаць п’янае цела.

У Чыжоўцы былі бойкі за ўсё. Дом на дом, двор на двор, школа на школу, наша Чыжоўка-5 на яшчэ нейкую Чыжоўку. Былі дзве самыя моцныя Чыжоўкі — пятая і другая. З «Матугай» (гэта вучэльня грамадзянскай авіяцыі) Чыжоўка таксама пастаянна білася, з Серабранкай.

«НН»: Вы ўдзельнічалі ў бойках?

АЯ: Тое, што называецца «за раён», я хадзіў толькі адзін раз. Таму што ўсё ж такі гэта троху адмірала, калі я рос. Але двор на двор рэгулярна бывалі бойкі.

«НН»: А за любоў да клуба «Тарпеда» можна было адхапіць?

АЯ: Ведаеце, можна было і ў адказ адхапіць. Тут дынамаўцы былі таксама, але тарпедаўцаў усё ж такі больш.

«НН»: Кім бацькі працавалі?

АЯ: Мама мая была выхавацелькай і гадоў, напэўна, 25 працавала да пенсіі загадчыцай дзіцячага садка ў Зялёным лузе. Прычым мама была апантаная гэтай справай. За савецкім часам з нейкімі творчымі пастаноўкамі ў Маскву вазіла дзяцей, і на ВДНГ яны нейкія прызы бралі. У мамы ўсё было пастаўлена «чотка». У мяне з дзяцінства такія ўспаміны: бацька па вечарах сядзеў і маляваў на ватманах плакаты для дзяцей у мамін садок.

А бацька мой працуе да гэтага часу, яму 81 год. Ён адзін з самых лепшых спецыялістаў па канічных шасцернях у былым Савецкім Саюзе. І да гэтага часу ездзіць у камандзіроўкі ў Расею. Цяпер на заводзе шасцерняў працуе. А дагэтуль вельмі доўга працаваў у Мінскім праектна-канструктарскім тэхналагічным інстытуце ў Дражні. Але, як адкрылі мяжу пасля развалу Саюзу, шмат ягоных калег-яўрэяў выехалі ў Штаты, Ізраіль. Паадкрывалі фірмы, клікалі бацьку. Памятаю, што бацькі абмяркоўвалі ў 90-х — ехаць-не ехаць. Але бацька патрыёт: «Як я паеду, а на заводзе хто будзе?»

«НН»: Наколькі ведаю, вашай мамы рана не стала. Што здарылася?

АЯ: У 2005 годзе мама памерла, ад анкалогіі. У яе рак лёгкіх быў. Ёй 66 было.

«Калі палітыка ў маргінальным стане, не можа асноўная апазіцыйная партыя быць у шакаладзе»

«НН»: Чаму пайшлі ў палітыку? Маглі б быць добрым эканамістам ці выкладчыкам.

АЯ: Я паўшоу, бо не думаў, што гэта надоўга насамрэч. Я памятаю 1996 год, калі я актыўна ўключыўся ў гэта ўсё: акцыі, заява ў БНФ. Сябрам казаў: «Я ж вучуся на эканаміста, і каб мець магчымасць эканоміку будаваць, трэба вярнуць на нармальны шлях краіну. Два, ну тры гады я патрачу, затое пасля ўсё будзе класна». Рэальна верылася, што гэта пытанне некалькіх гадоў.

Але паступова набраў на сябе нейкіх абавязкаў, уцягнуўся. З аднаго боку, ёсць адчуванне, што трэба, каб нехта рабіў гэта ў краіне, і хто, калі не я. А з іншага — спадабалася. Усё ж такі гэта энергія, якую ты ў стасунках атрымліваеш. Так і застаўся ў палітыцы.

«НН»: Але не пра такую кар’еру вы марылі?

АЯ: Не. У падлеткавым узросце марыў пра кар’еру вайскоўца, калі ў інстытуце вучыўся, марыў пра бізнэс, пасля — пра кар’еру ў дзяржаўнай структуры як чыноўнік… Думаю, у мяне былі нармальныя шанцы ў міністэрства знешнеэкамічных сувязяў уладкавацца, тады Марыніч быў міністрам. І калі мяне ўсё ж не ўзялі, ён намякнуў, што вышэй на мяне быў негатыўны водгук.

Нават калі я ў БНФ уступіў, абсалютна не думаў пра палітычную кар’еру.

«НН»: Чым зараз зарабляеце на жыццё? Нейкі бізнэс?

АЯ: Не, бізнэсу пакуль што няма свайго. Гэта вельмі шмат сілаў і часу. Нейкі час ўжо я вагаюся: калі рабіць свой бізнэс, ці не адарве гэта цалкам ад палітыкі. Пакуль што я не ўяўляю, як можна займацца напалову адным, напалову іншым. Але думкі ёсць, што можа і варта пачаць бізнэс. Залежыць ад таго, як хутка будуць магчымыя перамены. Паглядзім на 2020 год, як народ сябе павядзе.

А як зарабляю… Дапамагаю сябрам рознымі рэчамі — ад перакладаў да кансультацый, напісання артыкулаў эканамічных. З мэбляй нешта раблю.

«НН»: Як ІП дзейнічаеце?

АЯ: Не. Працоўная кніжка ляжыць у партыі. Але ясна, што партыя не можа плаціць грошы, каб за іх жыць.

«НН»: Што з фінансавым становішчам партыі?

АЯ: Складанае фінансавае становішча. Гэта, дарэчы, таксама паказчык, бо БНФ — народная партыя ў тым плане, што ў нас вельмі розныя людзі ёсць: і бізнэсоўцы, і інтэлігенцыя, і простыя працоўныя. Ужо некалькі гадоў мы бачым, што ў людзей стала значна менш сродкаў, каб ахвяраваць у партыю.

Калі раней шмат якія арганізацыі ў рэгіёнах проста маглі ўтрымліваць свой офіс, то цяпер яны вымушаны былі ад іх адмовіцца, бо падаюць даходы. І арэнды, канечне, часам шалёныя, неапраўданыя. Не кожны бізнэс рызыкне здаваць офіс БНФ. Тыя, хто не баяцца ці маюць згоду ад улады, канечне, карыстаючыся момантам, выстаўляюць немалыя рахункі.

На дзейнасць таксама цяжэй грошы шукаць. Але я думаю, што ў нейкай ступені гэта справядліва.

Калі палітыка ў Беларусі знаходзіцца ў маргінальным стане, не можа асноўная апазіцыйная партыя быць у шакаладзе. Такія часы.

«НН»: А даходы партыі — гэта што? Членскія ўнёскі, гранты?

АЯ: Гэта ахвяраванні. Частка — ахвяраванні сябраў партыі, частка — людзей, якія проста прыхільнікамі з’яўляюцца. Прычым гэта абсалютна розныя сумы бываюць. Даволі шмат людзей нам па 10 рублёў кідаюць, а бывае 500, 1000 рублёў ахвяруюць.

Грантаў няма. Гэта такі міф. На нейкіх этапах, у 90-х, калі фонд Сораса працаваў, сапраўды былі грошы. Ізноў жа: іх не давалі наўпрост палітычным партыям, але было шмат розных праграмаў, і за кошт іх шмат якія накірункі дзейнасці можна было ажыццяўляць. Але гадоў 10 дакладна ўжо няма гэтага ўсяго. Партыям даводзіцца выкручвацца самім. І гэта нармальна, здарова. Калі мы хочам ажыццяўляць палітыку ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі, то, мне здаецца, справядліва, што мы не выкарыстоўваем рэсурсы іншых краін, у якіх свае нацыянальныя інтарэсы, якія могуць часам супярэчыць беларускім.

«НН»: А што з офісам на Чарнышэўскага? Ці пагасілі запазычанасць?

АЯ: З вялікай залі нас праз суд выселілі за тое, што мы запазычылі занадта шмат грошай, і не да канца тая запазычанасць яшчэ пагашаная.

«НН»: Колькі вісіць?

АЯ: Дакладна не скажу, але некалькі тысяч беларускіх рублёў. Але ў нас засталіся астатнія памяшканні — два пакоі і кухня — і за іх мы рэгулярна плоцім. Там запазычанасці з аднаго на іншы месяц могуць з’явіцца, але ў выніку мы іх усё роўна закрываем. То-бок там доўг не накапліваецца. І ў гэтым плане сам офіс на Чарнышэўскага абаронены.

«Фатаграфую самалёты і збіраю пасадачныя талоны»

«НН»: Раскажыце пра сваё захапленне самалётамі. Адкуль яно?

АЯ: Яно ўзнікла, калі я першы раз паляцеў. Прычым гэта было позна, мне было 22 гады. І я настолькі ўразіўся гэтым момантам — калі самалёт адарваўся ад паласы, яго троху страсянула, і я фізічна адчуў момант, калі крыло лягло на паветра. Я ў прынцыпе аэрадынаміку і фізіку разумею, але ўсё роўна для мяне гэта выглядае нейкім цудам кожны раз. Быццам бы самалёт — партал у іншы свет. 

Прычым захапленне прагрэсуе. Спачатку мяне цікавілі самі палёты і назіранне за імі, пасля стала цікава разбірацца ў механіцы: як самалёт уладкаваны, за кошт чаго ён ляціць. Пасля стаў адсочваць бартавыя нумары, шляхі, дзе які борт у дадзены момант знаходзіцца. Далей спрабаваў фатаграфаваць самалёты, ездзіць на авіясалоны.

«НН»: Што ў вашай калекцыі?

АЯ: Самае каштоўнае — гэта, напэўна, фотаздымкі. Я побач з менскім аэрапортам здымаў, на розных авіяшоу, на Баравой, у Баранавічах, у Мачулішчах, Лідзе. І за мяжой, калі бывае вольны дзень, езджу — прабіваю праз спотарскія сайты кропкі, дзе добры ракурс. Вось у Варшаўскім аэрапорце здымаў, у Хітроў, у Ле-Бурже на авіясалоне. Але я аматар, не пастаянна гэтым займаюся.

Я збіраю пасадачныя талоны. Хоць зараз яны электронныя і зайшло ў тупік гэта хобі (усміхаецца).

Бартавыя часопісы збіраю. Раней з кожнага палёту прывозіў, але занадта шмат іх стала, таму цяпер — толькі з новых авіякампаній, якімі лячу. Калі «Белавія» абнаўляе парк і дадае ў бартавы часопіс новы самалёт, тады я таксама бяру яго ў калекцыю.

«НН»: Ці ёсць у вас любімая авіякампанія?

АЯ: Я вельмі люблю «Белавію». Мне падабаецца, як яна развіваецца. Мне, праўда, больш падабаецца старая ліўрэя. Унутры новы дызайн класны, але вонкавы ўсё ж такі шаблонны, на маю думку. Стары — мала таго, што бел-чырвона-белыя элементы ў сабе ўтрымліваў — троху вінтажны, але стылёвы. Калі на ТУ-154 трапляў, пакуль яны яшчэ лёталі, гэта быў асаблівы кайф.

Аб’ектыўна самая класная ў плане арганізацыі працэсу — гэта Lufthansa. Таксама вельмі падабаюцца скандынаўскія авіялініі і амерыканскія — United, Delta.

«НН»: Ці ёсць у вас нейкія прымхі, што вы на пэўнай мадэлі самалёта не лятаеце?

АЯ: Не. Хіба што на Superjet я б адчуваў сябе некамфортна. Усё ж такі расейцы робяць харошыя вайсковыя самалёты, а пасажырскія — па-мойму, яны згубілі сваю старую школу. Асабліва «Сухой», які дагэтуль не рабіў грамадзянскія самалёты, гэты Superjet — страмнаватая штука.

«Асабісты дзённік пішу толькі ад рукі»

«НН»: Чытала, што Васіль Быкаў параіў вам весці дзённік. Што гэта за гісторыя была?

АЯ: Гэта быў 1999 год. Я паехаў у Хельсінкі на адну са сваіх першых палітычных канферэнцый. І тады Васіль Быкаў жыў у Хельсінкі. Знаёмая беларуска, якая таксама была ў Маладым Фронце, Аліна Бельская, мела стасункі з сям’ёй Быкавых і прапанавала арганізаваць сустрэчу.

Мы пабачыліся на кватэры ў Быкавых і з тры гадзіны размаўлялі. Пра рознае — ён распавядаў пра сваё жыццё, распытваў пра мяне, пра Малады Фронт, пра Беларусь. Пачаў гаварыць пра ветэранаў. Што яны зараз многія хваляць Сталіна, хаця пасля вайны па-іншаму лічылі. Але пражылі шмат гадоў у асяроддзі прапаганды, якая ўсхваляе Сталіна, і ў іх саміх у галаве сказіліся ўспаміны. Таму, кажа, ты, пакуль малады, запісвай, што думаеш, каб пасля не адбылося такога. Мяне тады гэта сапраўды ўразіла.

«НН»: І вы дагэтуль вядзеце дзённік?

АЯ: Так. Пішу толькі ад рукі.

«НН»: Колькі тамоў ужо?

АЯ: Не шмат, можа з пяць. Я не кожны дзень вяду дзённік. Запісваю важныя думкі, важныя падзеі.

Аляксей Янукевіч з Васілём Быкавым падчас той сустрэчы ў 1999-м

«Штамп у пашпарце не такі важны, як касцёльны шлюб»

«НН»: Вам 43 і вы не жанаты. Чаму?

АЯ: Ну, так пакуль што сталася.

«НН»: Палітыка перашкаджае?

АЯ: Не. Хаця можа і перашкаджае, цяжка сказаць.

«НН»: Ці вы проста не верыце ў штамп у пашпарце?

АЯ: Не, я вельмі веру. І ў касцёльны шлюб, бо гэта на ўсё жыццё. Штамп у пашпарце, канечне, не такі важны, як касцёльны шлюб.

«НН»: Калі мы дамаўляліся на інтэрв’ю, вы казалі, што абмяркоўвалі з нявестай, што разам не свеціцеся.

АЯ: Не, гэта маё рашэннне — пра нявесту, яе наяўнасць, адсутнасць я пакуль што не хацеў бы гаварыць.

«НН»: Чаму? Навошта такая скрытнасць?

АЯ: Ну, я лічу, што трэба ажаніцца, а пасля гаварыць. Пакуль не ажаніўся, няма чаго трапацца.

«НН»: Чаму тады не ажэніцеся?

АЯ: Вось пост хутка пачынаецца, таму пакуль нельга жаніцца.

«НН»: Гэта ж несур’ёзны адказ.

АЯ: Нічога сабе несур’ёзны! Ідзіце паспрабуйце ў пост ажаніцца.

«НН»: Ну тут жа справа не аднаго года.

АЯ: Чаму не ажаніўся да гэтага часу? Так склалася. Не магу сказаць, што была нейкая перашкода непераадольная.

«НН»: А можа, справа ў тым, што нявеста не хоча вянчацца ў касцёле і для вас гэта пункт, па якім не можаце дамовіцца?

АЯ: Можа быць і ў гэтым, я не хацеў бы каментаваць.

Калі я буду зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты, я ўсім усё распавяду. Нават магу паабяцаць, што «Нашай Ніве» першай усё раскажу.

«НН»: Вы рамантык?

АЯ: Канечне.

«НН»: А ў чым гэта выяўляецца?

АЯ: Ну вось свечка стаіць (жартуе). Думаю, рамантыка — не столькі пра ўчынкі, бо ўчынкі — гэта ўжо знешняя форма. Гэта пра ўспрыманне жыцця. Я на шмат якія рэчы гляджу, як на хвалюючыя таямніцы, і прыгожы момант можа прынесці мне найвялікшае эмацыйнае і эстэтычнае задавальненне. Шмат якія дробязі важныя, яны надаюць сэнс жыццю.

«НН»: А якой вы бачыце сваю будучую сям’ю?

АЯ: Я не магу сказаць, што ў мяне ёсць малюнак, шаблон — жонка, дом, дзве дачкі, кот ці сабака. Для мяне галоўнае — еднасць душэўная, калі ёсць адчуванне блізкасці, што гэта мая сям’я, мы трымаемся разам, абараняем адно аднаго, падтрымліваем у любой сітуацыі.

«НН»: І ходзіце разам па нядзелях у касцёл.

АЯ: Не толькі па нядзелях і не толькі ў касцёл. Ходзім разам у тэатр, на прыроду — паўсюль.

Post Scriptum

У гардэробе Аляксея шмат гальштукаў — штук 20 дакладна.

«Мне здаецца, гэта нармальна.

Памятаю, гадоў пяць таму Франак Вячорка напісаў у інтэрнэце: я палічыў, у мяне там столькі гальштукаў. Дагэтуль да мяне ніколі не прыходзіла думка палічыць свае. Стала цікава. Тады іх было 37.

Ясна, што гальштукі сыходзяць. Некаторыя выходзяць з моды, некаторыя брудзяцца — на жаль, іх вельмі складана адмыць. Разам з тым новыя з’яўляюцца. Не ведаю, колькі іх зараз.

Я і мятлікі люблю — у мяне з дзясятак ёсць. І гэта, думаю, значна больш мяне вылучае сярод многіх іншых мужчын. У мяне была гісторыя: на прыёме адзін пісьменнік вядомы, не буду прозвішча называць, раптам запытаў пра мятлік: а завязваць умееце? Я кажу: умею. Развязаў, адразу завязаў. І такую павагу ў ягоных вачах пабачыў. Пасля сам неяк стаў заўважаць, што многія людзі апранаюць мятлік на гумцы.

Мне проста падабаецца такі класічны стыль у вопратцы — строі, кашулі. І я даволі зрэдку ў майках-пола хаджу. Нават дома часта ў кашулі, бо мне кафортна, падабаецца. Вось і гальштукі з мятлікамі адтуль, бо гэта адзін з цэнтральных элементаў класічнага мужчынскага гардэроба».

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

42
падарожны / Ответить
23.02.2020 / 11:44
Каго вы нам сунеце? Гэтае абы што, якое развалила БНФ?
36
Той самы / Ответить
23.02.2020 / 12:08
А за сябе яму не сорамна? Можа яшчэ і з Дзьмітрыевым размову пачытаем...

Сорамна чытаць аб гэтай вікаўскай  "апазіцыі".


17
Чужак / Ответить
23.02.2020 / 12:16
«НН»: Таксама вы за тое, каб захаваць усеагульную вайсковую павіннасць. А самі служылі? АЯ: Так сталася, што не служыў. «НН»: А ці не лепш патраціць гэтыя грошы на дарогі, бальніцы, паліклінікі? АЯ: Канечне, не лепш. НН»: А трактары «Беларус» каму пастаўляць будзеце? АЯ: Трактары будзем прадаваць паўсюль. У тым ліку і ў Ангельшчыну. Я некалькі гадоў таму быў там, бачыў гандлёвы дом з беларускімі трактарамі. М-да...Вот ЭТО теперь называется оппозицией. Дилетантизм и популизм. Сдается мне, что в Беларуси на первых же свободных выборах победит АГЛ #2. А то и #1.
Показать все комментарии/ 54 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера