Выйшаў у свет першы з трох тамоў «Вялiкага гiстарычнага атласа Беларусi». Гэта ўнікальнае картаграфiчнае выданне, роўнага якому не зрабілі яшчэ ні палякі, ні ўкраінцы.

— Праца над атласам вядзецца з 2004 года, — расказвае галоўны рэдактар РУП «Белкартаграфiя» Людмiла Кампанец. — Яе арганiзавала i прафiнансавала менавіта гэтае прадпрыемства. Галоўны рэдактар атласу — дырэктар Беларускага навукова‑даследчага цэнтра электроннай дакументацыi, кандыдат гiстарычных навук Вячаслаў Насевiч. Рэдакцыйную калегiю ўзначалiў старшыня Дзяржкамiтэту па маёмасцi Беларусi Георгiй Кузняцоў. У распрацоўцы i рэцэнзаваннi мапаў для першага тому бралi ўдзел вядомыя гісторыкі.

У аснову перыядызацыi тамоў атласу пакладзены вырашальныя моманты этнагенезу беларусаў, iх шляху да стварэння ўласнай дзяржавы.

Першы том асвятляе найбольш раннiя перыяды — ад каменнага веку да часоў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Храналагiчна ён абмежаваны канкрэтнай датай — 1569 годам, калi ў вынiку Люблiнскай унii беларускiя землi ўвайшлi ў склад Рэчы Паспалiтай. Том змяшчае 67 гiстарычных картаў, схем i планаў, распрацаваных сучаснымi даследчыкамi, а таксама рэпрадукцыi 22 старажытных мапаў.

Упершыню надрукавана генеральная карта «Беларускiя землi ў ХVI стагоддзi» на 51 аркушы, на якой пазначаны ўсе тагачасныя населеныя пункты, якiя паддаюцца лакалiзацыi, а таксама межы паветаў, валасцей i маёнткаў.

У першым томе атласу змешчаны таксама 7 тлумачальных нарысаў, храналогiя гiстарычных падзей ад старажытнасцi да 1569 года i гiсторыка‑геаграфiчны паказальнiк, у якiм прыводзяцца звесткi пра час першай згадкi пра паселiшчы, iх гiстарычныя i сучасныя назвы, прыналежнасць на 1567 год.

Другi том будзе ахоплiваць больш за два стагоддзi iснавання Вялiкага Княства ў складзе Рэчы Паспалiтай i часоў, калi беларускiя землi былi ўключаныя ў Расiйскую iмперыю. Верхняя храналагiчная мяжа тома вызначае момант, калi фармiраванне беларускай нацыi набыло яскравую выразнасць. Гэтая мяжа ўмоўна адпавядае даце рэформы 1861—1864 гадоў, якая адкрыла шлях да развiцця капiталiстычных адносiнаў. Другi том атласу павiнен выйсцi з друку ўжо ў 2010 годзе.

Трэцi том прысвечаны часу ад зараджэння беларускага нацыянальнага руху да нашых дзён. Храналагiчна гэты час прападае на апошнiя дзесяцiгоддзi Расiйскай iмперыi, савецкi перыяд i гiсторыю суверэннай Рэспублiкi Беларусь. Стваральнiкi атласу плануюць завяршыць яго выданне не пазней як у 2012 годзе.

У свабодным продажы сталiцы першы том Вялiкага гiстарычнага атласа Беларусi выстаўлены па кошце каля 195 тысяч рублёў.
У спецыялiзаванай кнiгарнi Белкартаграфii ў Мiнску першы том атласа можна набыць за 183 тысячы 730 рублёў, арганiзацыi ж могуць заказаць па безнаяўным разлiку за 152 тысячы рублёў.

Для вывучэння попыту ўзоры тому накiраваны ў суседнiя краiны. У Польшчы ўжо прададзена 6 першых тамоў Вялiкага гiстарычнага атласа Беларусi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?