У сераду, 18 сакавіка, беларусы гуляюць са зборнай Нямеччыны ў Палацы спорту. Уваход свабодны.

Нямецкія гандбалісты прыехалі ў Мінск з добрым настроем і ў матчы з беларусамі будуць гуляць на перамогу, паведаміў БелаПАН галоўны трэнер зборнай Германіі Хайнер Бранд 17 сакавіка пасля трэніроўкі сваёй каманды ў Палацы спорту.

«У нас ёсць некаторыя пытанні, звязаныя з траўмамі шэрагу гульцоў. Матч будзе цяжкім, але мы хочам выйграць», — падкрэсліў трэнер. Ён згадзіўся з меркаваннем свайго беларускага калегі Георгія Свірыдзенкі, што траўмы нямецкіх гандбалістаў выгадныя гаспадарам. Паводле слоў Х.Бранда, сярод яго падапечных шмат маладых гульцоў.

Трэнер зборнай Германіі лічыць беларускую каманду моцным сапернікам: «Яна гуляла ў фінальнай частцы папярэдняга чэмпіянату Еўропы, дастойна выглядала ў плэй‑оф адборачнага турніру чэмпіянату свету супраць Расіі».

Х.Бранд зазначыў, што сочыць за выступленнямі гульцоў беларускай зборнай у нямецкай бундэслізе, назваўшы Сяргея Горбака і Андрэя Курчава; а таксама за клубам «Дзюсельдорф», які ўзначальвае Г.Свірыдзенка.

Настаўнік нямецкай зборнай лічыць фаварытамі адборачнай групы Германію, Славенію і Беларусь. «Дзве з гэтых трох зборных атрымаюць пуцёўкі ў фінал», — лічыць Х.Бранд.

Матч Беларусь—Германія пройдзе 18 сакавіка. Уваход у Палац спорту свабодны.

Становішча каманд у 5‑й групе: Славенія — 6 ачкоў (4 гульні; розніца мячоў 149‑98), Германія — 4 (2; 69‑37), Беларусь — 4 (2; 69‑59), Ізраіль — 2 (4; 121‑133), Балгарыя — 0 (4; 82‑163).

У лістападзе мінулага года беларусы двойчы перамаглі ізраільцян — 38:31 і 31:28.

У фінальную частку ЧЕ‑2010, якая адбудзецца ў Аўстрыі, выйдуць дзве лепшыя каманды кожнай з сямі кваліфікацыйных груп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?