Былы старшыня Партыі БНФ, удзельнік праймерыз Аляксей Янукевіч — адзін з нямногіх апазіцыйных палітыкаў, які выступае за правядзенне вайсковых парадаў у цэнтры Мінска. У інтэрв'ю «НН» ён патлумачыў сваю пазіцыю.

«НН»: Чаму вы падтрымліваеце правядзенне парадаў з танкамі на праспекце?

АЯ: Таму, што гэта адзін з найбольш моцных спосабаў фармавання патрыятызму, гонару за сваё войска і за сваю краіну, асабліва ў моладзі, падлеткаў. І я лічу, што класна, калі праз такую форму дзеці прасякаюцца патрыятызмам.

«НН»: А ці не лепш патраціць гэтыя грошы на дарогі, бальніцы, паліклінікі?

АЯ: Канечне, не лепш.

Бальніцы і паліклінікі — гэта важна. Але ўсё роўна ёсць нейкія рэчы нематэрыяльныя. І вось гэта дабаўленая вартасць ад парадаў не вымяраецца матэрыяльна. Яна вымяраецца ўпэўненасцю грамадзянаў у тым, што войска ёсць, яно абароніць краіну, значыць гэта краіна сур’ёзная, яна ўпэўнена глядзіць у будучыню, не трэба з яе з’язджаць.

«НН»: То-бок калі танкі ў чарговы раз выязджаюць на праспект, вы адчуваеце гонар?

АЯ: Я адчуваю гонар за краіну, так. Прычым не толькі танкі — мы танкі свае пакуль што не вырабляем. Але, калі тыя ж «Волаты», «Паланэзы» едуць па праспекце, я адчуваю гонар за краіну, абсалютна.

«НН»: Таксама вы за тое, каб захаваць усеагульную вайсковую павіннасць. А самі служылі?

АЯ: Так сталася, што не служыў. Але калі быў падлеткам, то я хацеў паступаць у вайсковую вучэльню, моцна да гэтага рыхтаваўся. І, верагодна, лёс бы так і склаўся. Але два паваротныя моманты былі.

Я джыу-джытсу займаўся даволі сур’ёзна і праз гэта зацікавіўся рознымі ўсходнімі духоўнымі практыкамі. І быў кароткі перыяд, пару гадоў, калі я лічыў, што служба — гэта ўсё штучнае. Я паступіў тады ў наргас. Але даволі хутка у мяне прайшоў гэты пацыфізм, і я думаў пасля ўніверсітэта пайсці ў сілавыя структуры працаваць. Але пакуль вучыўся, прыйшоў Аляксандр Лукашэнка да ўлады, і тады стала зразумела, што не.

Але ў будучыні адна з пасадаў, якая мяне прыцягвае, — гэта міністр абароны, напрыклад. Я бы за гэтую працу быў гатовы брацца, і, думаю, мы б вярнулі войску беларускаму гонар, ролю ў грамадстве і павагу з боку суседзяў.

Чытайце. Аляксей Янукевіч расказвае пра сорам за апазіцыю, любоў да парадаў і трошкі пра нявесту. Гутарка Наталлі Лубнеўскай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0