Том Тыквер, аўтар мастацкай даганялкі «Бяжы, Лола, бяжы» зняў фільм, які паўгоду таму ніхто бы глядзець не стаў. Піша Павал Касцюкевіч.

Дзіва што: ці мала фільмаў пра імпэтнага і справядлівага агента «Інтэрпола», які выкрывае банкіраў, што аплялі сеткамі з даўгоў усе кіроўныя слаі свету? Адсутнасць яснага хэпі‑энду бянтэжыла б таксама. Тут яшчэ гожая галоўная гераіня займаецца з гожым галоўным героем выключна расследаваннем фінансавых махінацыяў.

Але, бач, пад чорным лесам спаткаўся чорт з бесам, сусветны фінансавы крызіс. Крах фінансавых імперыяў у краінах, дзе паход у банк мала не штодзённая завядзёнка і досвед, фільм міжволі прыцягвуў ўвагу гледачоў і крытыкаў да фільму. Не так даўно «Інтэрнэшнл» нават адкрываў Берлінскі кінафестываль.

Выйшла нешта кшталту журналісцкага расследавання, а адсутнасць гораў задымленых трупаў і лужын крыві ўпоравень з своечасовасці тэмы толькі дадалі стужцы жаданай злавеснасці ды інтрыгоўнасці. Памятаеце італьянскі серыял «Спрут» пра бясстрашнага камісара Катані? У «Інтэрнэшнле» нам яшчэ раз нагадваюць пра існаванне, цяпер захраслай у банках, поскудзі, хаця не даюць рэцэптаў для адцінання яе шчупальцаў.

Тэорыя змовы ў ідэале выглядае так: дзесятак старцаў недзе ў не вельмі слынным, але вельмі зацішным кутку вырашаюць лёс планеты.

У «Інтэрнэшэнле» тая тэорыя выглядае разгорнуцей і імаверней: у змовы заангажаваныя ўрады, палітычныя партыі і вядома, банкіры. Яны не прадажныя — яны проста не могуць інакш.
Яны не хочуць гандляваць зброяй, яны не хочуць сваіх кандыдатаў у парламенце. Усё, у чым яны зацікаўленыя, гэта, паводле словаў аднаго з герояў, «валодаць вашымі даўгамі». У «Інтэрнэшнле» закранутыя карані, але хіба не названыя імёны. І паліткарэктна, і «з сэнсам»: запэцканыя ўсе.

«Найлепшая кілбаса — гэта панчоха з грашыма». У Беларусі банкам грошы з уласнай волі нясуць хіба пенсіянеры. Таму фільм для нас не дужа актуальны, але шчымлівая, універсальная струнка ў фільме адчуваецца. Прынамсі ў словах былога агента «Штазі», а цяпер начальніка аховы ў буйным банку, які вырашае супрацоўнічаць з «Інтэрполам»: «Гэта я не для сябе раблю, гэта для душы сваёй». Адвечны выбар паміж сумленнем і самазахаваннем. Падрабязна апісваючы, як выйшаўшы за межы клеткі, ты ўсяго толькі патрапіш у яшчэ большую клетку, фільм увадначас цвердзіць, што ўсё адно гэты крок зрабіць трэба.

Чаму варта глядзець стужку «Інтэрнэшнл»

1.

Дзеля панарамных здымкаў Мілану
(горад не самы багаты на помнікі ў Італіі, але бадай адзін з самых тэхнагенных, бэтон ды шкло, цэнтраў Еўропы. Не забудзьце пра апошнія маркі машынаў у кадры).

2.

Дзеля новай клямкі расейскіх перакладчыкаў:
неангламоўныя паводле сюжэту людзі ў галівудскіх фільмах цяпер гавораць па‑расейску з разнастайнымі акцэнтамі: адны адчайна картавяць па‑нямецку, іншыя спяваюць з італьянскім акцэнтам. Гучыць досыць пацешна.

3.

Дзеля галоўнага актора Клайва Оўэна.
Ён адзін з тых актораў, якія чым неахайнейшыя, чым больш памятымі, адмачаленымі і непаголенымі выглядаюць, тым ім лепш. А сюжэт пляжыць Клайва і не дае яму пільнавацца распарадку дня па поўнай праграме.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0