Свет1414

Былы польскі дыпламат звінаваціў спецслужбы і Агнешку Рамашэўскую ў тарпедаванні збліжэння Польшчы і Беларусі

Былы павераны ў польскай амбасадзе ў Мінску Вітальд Юраш апублікаваў артыкул, у якім у чарговы раз раскрытыкаваў цяперашнюю знешнюю палітыку Польшчы ў адносінах да Беларусі. Галоўнымі віноўнікамі адсутнасці нармальнага дыялогу з афіцыйным Мінскам Юраш назваў польскую разведку, кіраўніцу тэлеканала Белсат, а таксама некаторых супрацоўнікаў польскага Інстытута нацыянальнай памяці.

Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Артыкул Вітальда Юраша апублікаваў папулярны польскі партал Onet.pl.

Былы дыпламат назваў марш «выклятых жаўнераў», які адбыўся ў Гайнаўцы, цэнтры беларускай меншасці ў Польшчы, відавочнай правакацыяй. І без таго дрэнныя польска-беларускія адносіны атрымалі новае праблемнае пытанне. 

Вітальд Юраш адзначае, што апалагеты Рамуальда Райса «Бурага», аднаго з «выклятых жаўнераў», адказнага за забойства беларускага насельніцтва на Падляшшы, знайшлі сваіх хаўруснікаў у польскім Інстытуце нацыянальнай памяці — дзяржаўнай арганізацыі, якая цяпер знаходзіцца пад кантролем кіруючай партыі «Права і справядлівасць». Юраш у сваім артыкуле крытыкуе дзейнасць Інстытута, у якім некаторыя супрацоўнікі спрабуюць абяліць «Бурага». На яго думку, падобныя дзеянні псуюць беларуска-польскія стасункі, прычым спробы рэабілітацыі «Бурага» раздражняюць не толькі афіцыйны Мінск, але і беларускую дэмакратычную апазіцыю.

На пачатку праўлення права-кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» паспрабаваў весці дыялог з Беларуссю тагачасны кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі. Юраш са спасылкай на ананімныя крыніцы піша, што асобы, якія ўплывалі на прыняцце знешнепалітычных рашэнняў Польшчы, былі супраць спроб дыялогу з Мінскам, і палітыку Вашчыкоўскага проста сабатавалі. У структурах, адказных за ўсходнюю палітыку Польшчы, працавалі тыя ж самыя людзі, што фарміравалі знешнюю палітыку Польшчы і пры мінулых урадах, таму яны былі супраць дыялогу.

Таксама супраць спроб дыялогу з Мінскам выступалі і польскія спецслужбы, піша былы польскі дыпламат. Юраш адзначае, што спецслужбы тут шмат на сябе ўзялі, бо разведка і контрразведка павінны займацца зборам інфармацыі, яе аналізам і барацьбой з замежнымі агентамі, а не фарміраваць знешнюю палітыку дзяржавы.

Спецслужбы, якія захацелі дзейнічаць у неўласцівай для іх ролі, мелі амбіцыі генераваць знешнюю палітыку Польшчы і ўплываць на кадравыя пытанні. Яны не бачылі перспектыў у дыялогу з афіцыйным Мінскам, а толькі адчувалі пагрозу ад новага курсу, мяркуе Юраш.

Значную ролю ў фарміраванні польскай палітыкі адносна Беларусі таксама адыграла кіраўнік тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская, мяркуе Вітальд Юраш. Яна, піша ён у артыкуле, нібыта таксама тарпедуе дыялог Мінска і Варшавы.

«Як і ў выпадку з разведкай і контрразведкай, якія займаюцца тым, чым не павінны займацца, Агнешка Рамашэўская не абмяжоўвалася кіраваннем даручанага ёй тэлеканала і актыўна ўдзельнічала ў тварэнні знешняй палітыкі на беларускім кірунку» — піша былы польскі дыпламат.

Нядаўна экс-кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі напісаў у твітары, што Рамашэўская «заўзяты апанент усіх кантактаў» з Мінскам.

Былы павераны ў польскай амбасадзе ў Мінску піша, што ў эканоміцы сітуацыя яшчэ горшая, чым у палітыцы: Польшча нічога не магла і не можа прапанаваць Беларусі. Польскія фірмы не вельмі актыўныя ў Беларусі, таму афіцыйны Мінск ніколі не верыў, што Варшава гатовая да рэальнага дыялогу.

Яшчэ адна праблема, з якой сутыкнуўся экс-кіраўнік польскай дыпламатыі Вашчыкоўскі, калі хацеў наладзіць дыялог з Мінскам, была пазіцыя Яраслава Качыньскага. Кіраўнік кіруючай партыі «Права і справядлівасць» быў больш сфакусаваны на ўнутранай палітыцы — знешняя палітыка Качыньскага (у тым ліку на беларускім кірунку) не цікавіла.

Былы польскі дыпламат піша, што ёсць 2 варыянты адносін з Беларуссю. Першы — дыялог і пашырэнне поля для манеўру для Беларусі ва ўмовах расійскага ціску, другі — прызнанне Беларусі дэ-факта сатэлітам Расіі і «барацьба за дэмакратыю».

Юраш піша, што менавіта за другі варыянт выступіў у сваім артыкуле былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Чытайце таксама: «Які гарант, такая і дзяржаўнасць». Былы пасол Польшчы ў Беларусі лічыць, што нафтавы канфлікт закончыцца як і ў 2010-м

Юраш раскрытыкаваў такі падыход, бо, як ён піша, дэмакратыя ў Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве малаверагодная на думку саміх жа дэмакратаў, а на месца Лукашэнкі можа прыйсці яшчэ больш прарасійскі кіраўнік Беларусі.

«ЗША, Еўрасаюз, Германія і нават Кітай на беларускую рэчаіснасць глядзяць зусім па-іншаму. Большасць заходніх краін, якія бачаць пагрозу з боку Расіі для незалежнасці Беларусі, імкнуцца да дыялогу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі», — піша былы польскі дыпламат.

Юраш піша, што цяперашняя незалежнасць Беларусі, хай нават і абмежаваная, мае вырашальнае значэнне для бяспекі Польшчы.

Былы павераны мяркуе, што беларускае войска, нават калі яно інтэграванае з расійскай арміяй, нашмат лепшае для Польшчы, чым сама расійская армія на тэрыторыі Беларусі. Магчымае з'яўленне расійскага войска на тэрыторыі Беларусі ўскладніла б пазіцыі Украіны, піша Юраш.

Былы польскі дыпламат падсумоўвае, што кепскія польска-беларускія адносіны толькі на руку Маскве, а сабатаж дыялогу з Мінскам трэба разглядаць як глупства альбо акт здрады.

Вітальд Юраш мяркуе, што польская палітыка ў адносінах да Беларусі можа змяніцца, калі зменіцца падыход ЗША.

«Калі б ЗША змянілі падыход да Беларусі, ніхто ў Варшаве не адважыўся б весці іншую палітыку», — піша былы дыпламат.

Каментары14

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі3

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць