А прыкрамлёўская прэса ў дзень расійска-беларускіх перамоваў адзначае: сабекошт Беларусі як саюзніка працягвае расці.
Напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнка з прэзідэнтам Расіі расійская прэса актыўна абмяркоўвае еўрапейскі гамбіт галоўнага саюзніка Масквы і задаецца пытаннем, што будзе рабіць стратэгічны саюзнік Расіі далей ды колькі ж насамрэч каштуе братэрская любоў Беларусі.
Так, разглядаючы з дапамогай экспертаў апошнія тэндэнцыі ў замежнай палітыцы спадара Лукашэнка, «Незавісімая газета» у артыкуле «Лукашэнка між Усходам і Захадом» робіць выснову, што Расіі, для таго, каб утрымаць Беларусь у сваіх саюзніках, спатрэбяцца значныя фінансавыя ўліванні.
Эксперты, апытаныя НГ, выказалі меркаванне, што ізаляцыя Беларусі ўжо ў мінулым, сама «палітыка балансавання паміж Усходам і Захадам эфектыўная»,а сабекошт Беларусі як саюзніка працягвае расці. У якасці высновы «НГ» цытуе аднаго з апытаных экспертаў, які зрабіў прагноз, што пакуль у Расіі не будзе распрацавана стратэгія датычна адносін з Беларуссю, «Лукашэнка як ласкавае цялятка, можа дзве маткі ссаць».
У сваю чаргу Газета.ru інфармуе, што ЕС дазволіў Аляксандру Лукашэнка ўезд у Еўропу і робіць выснову, якая прэзідэнту Беларусі ўжо вядома – ЕС жадае з ім сябраваць. Як паведаміла выданне санкцыі супраць 42 беларускіх чыноўнікаў на чале з прэзідэнтам былі яшчэ раз прыпынены на паседжанні міністраў замежных спраў ЕС у Брусэлі, на гэты раз тэрмінам на 9 месяцаў.
Разгляду вынікаў рашэння 27 міністраў замежных спраў ЕС і беларуска‑еўрапейскіх «гульняў» для беларуска‑расійскіх адносін заняўся «Коммерсант». Як піша газэта, ЕС пайшоў насустрач Беларусі, нягледзячы на ігнараванне беларускімі ўладамі шэрагу патрабаванняў, і рашэнне ЕС даць Мінску «яшчэ адзін шанец» дазволіць Лукашэнка граць і далей на супярэчнасцях паміж Захадам і Масквой.
«Мы павінны даць шанец беларускаму народу, бо ў адваротным выпадку ціск Расіі (на Беларусь) будзе ўзрастаць», — цытуе словы міністра замежных спраў Эстоніі «Коммерсант».
Сітуацыя ў трохкутніку Беларусь‑Расія‑ЕС, якую стварыў сам Лукашэнка, яго ж цалкам задавальняе, — мяркуе газета, бо дазваляе атрымліваць фінансавую дапамогу ад абодвух бакоў, але выданне сумняецца, што бакі (і ў першую чаргу Расія) будуць доўга цярпець двайныя гульні Лукашэнка, а развязка можа наступіць ужо ў траўні падчас саміту ЕС у Празе і не на карысць беларуска‑еўрапейскіх адносін.
Аднак
з меркаваннямі мэйнстрымаўскай прэсы не пагаджаецца Kasparov.ru, які ўжо бачыць Беларусь праз пяць год старшынёй Рады Еўропыі дае адказ на пытанне, чаму нават «апошні еўрапейскі дыктатар» разварочвае свае лыжы ў бок Еўропы. Сцвярджаючы, што апошні фарпост Расіі ў Беларусі ў хуткім часе падзе, Kasparov.ru піша, што прычынай гэтага з’яўляецца жаданне Лукашэнка захаваць уладу любымі сродкамі і Расія з яе «суверэннай дэмакратыяй» з’яўляецца большай пагрозай для амбіцый прэзідэнта Беларусі, чым еўрапейская ліберальныя каштоўнасці. І, хоць выбар Лукашэнка яшчэ не зрабіў, Kasparov.ru далучаецца да арміі фанатаў навыкаў палітычнай мімікрыі кіраўніка Беларусі.