Да 25 Сакавіка, Дня Волі, дня першага абвяшчэння незалежнасці Беларусі, — застаецца тыдзень. Незалежныя палітычныя партыі дружна называюць гэты дзень найважнейшым нацыянальным святам. У гэты дзень традыцыйна тысячы, а часам, як у 1996 ці 2006-м, дзесяткі тысяч людзей выходзяць на вуліцы сталіцы для ўдзелу ў традыцыйным святочным шэсці. Аднак нідзе ў Мінску няма афішак ці налепак, якія б запрашалі жыхароў гораду на свята, хоць арганізатары даўно заклікалі сабрацца а 18-й гадзіне каля Акадэміі навук і прайсціся шэсцем па галоўным праспекце. У чым прычына такой пасіўнасці палітыкаў?

НН звярнулася да кіраўнікоў палітычных партый і арганізацый з пытаннем, што іхнія структуры зрабілі для інфармавання людзей пра Дзень Волі.

Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ: «Не спяшайцеся — будзе дазвол, будуць і ўлёткі. Чаму няма яшчэ? Усё вельмі проста: бо палітычныя сілы, у якіх ёсць грошы, вырашылі праігнараваць гэтую акцыю».

Аляксандр Мілінкевіч, лідэр Руху за Свабоду: «На гэты раз аргкамітэт быў створаны адной арганізацыяй — Партыяй БНФ. Нас не запрасілі да абмеркавання. Я лічу прыватызацыю Дня Волі непрымальнай. Вы абсалютна маеце рацыю, калі кажаце, што аргкамітэт гэта адна справа, а свята — зусім іншае. Таму я абавязкова выйду на вуліцу 25 Сакавіка. Разам з тым, я яшчэ дакладна не ведаю маршруту, не ведаю, што будзе ў выпадку адмовы. Калі нехта не хоча раіцца з намі, то гэта іхнія праблемы».

Анатоль Ляўковіч, старшыня БСДП: «Скажу шчыра, што БНФ нас на іхнюю акцыю не запрашаў. Нашы сябры будуць адзначаць свята ў рэгіёнах. Думаю, што недзе там улёткі ёсць. Чаму ў Мінску няма, вам трэба званіць генералу Фралову. Кажаце, што ён за космас ужо адказвае? Мы ведаем гэта, але ж ён па-ранейшаму кіраўнік гарадской арганізацыі».

Уладзімір Навасяд, старшыня аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу: «Мы праводзім традыцыйную штогадовую акцыю ў Магілёве, на месцы пахавання Цішкі Гартнага. Там будзе збірацца наш актыў. У Магілёве друкаваная прадукцыя ёсць. Накіроўваем людзям паштоўкі з запрашэннем далучыцца да нас».

Сяргей Калякін, старшыня ПКБ: «Асобныя нашы сябры будуць удзельнічаць у святкаванні 25 Сакавіка, але партыя ў аргкамітэт не ўваходзіла. Гэта традыцыйна, што арганізацыяй займаецца БНФ. Асабіста мяне ў гэты дзень у Мінску не будзе».

Павел Севярынец: сустаршыня аргкамітэту БХД: «Наша віна, былі занятыя з’ездам і падачай дакументаў на рэгістрацыю БХД. Аднак на Дзень Волі прыйдзем».

Віктар Гарбачоў, лідэр кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва»: «Мінск — гэта асобная краіна. Мы адразу сказалі, што няхай сталіцай займаюцца тыя, хто там жыве. Наша ж прадукцыя распаўсюджваецца па рынках усёй краіны, ад Віцебску да Гомелю, ад Крупак да Рэчыцы».

Наста Палажанка, намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту»: «Абурае, як праводзіцца падрыхтоўка да святкавання. Партыя БНФ прыватызавала гэты дзень. На прэс-канферэнцыю па падрыхтоўцы не былі запрошаныя сябры моладзевых арганізацый, якія робяць найбольшую мабілізацыйную працу».

Юры Беленькі, намеснік старшыні КХП-БНФ: «Спачатку няхай афіцыйны адказ дасць Мінгарвыканкам, а потым мы разгледзім пытанне, ці варта вырабляць друкаваную прадукцыю».

Анатоль Лябедзька, лідэр АГП: «Мы выпусцілі. Наклад, праўда, не той, які хацелася б. Таксама выйшла газета «Глоток воздуха», прысвечаная гэтай даце. Свой унёсак у інфармацыйнае асвятленне Дня Волі мы зрабілі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?