У Віцебску 18 чэрвеня адбылося агульнагарадзкое літаратурнае сьвята, прымеркаванае да 82-й гадавіны з дня нараджэньня Васіля Быкава. Санкцыяванае ўладамі мерапрыемства прайшло ў цэнтральным парку культуры і адпачынку «Мазурына» з ініцыятывы абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Ушанаваць памяць пісьменьніка прыйшлі каля 500 жыхароў гораду.

Сьвята пачалося з выступу актораў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа, якія сыгралі ўрывак з спэктаклю «Стрэл у тумане» па матывах аднайменнага твору Быкава ў пастаноўцы Міхала Краснабаева. Затым выступілі вядомыя літаратары: старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (СБП) Алесь Пашкевіч, намесьнік старшыні СБП Анатоль Кудравец, паэты Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, рэдактар часопісу «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.

Уласныя творы, прысьвечаныя Быкаву, прачыталі віцебскія літаратары, з каторымі прысутных пазнаёміў старшыня абласной арганізацыі СБП Франц Сіўко. Пад воплескі гледачоў А.Пашкевіч уручыў білет сябра СБП віцебскай паэтцы Людміле Сіманёнак, якая нядаўна ўступіла ў шэрагі гэтай пісьменьніцкай арганізацыі.

Аляксандар Мілінкевіч сярод слухачоў

На сьвяце прысутнічала ўдава В.Быкава Ірына і лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч. Жонка пісьменьніка са сьлязьмі на вачох падзячыла жыхарам Віцебску за цёплы прыём і памяць. А.Мілінкевіч адзначыў, што «асоба Быкава – апостальская для беларускай гісторыі» і што «менавіта ад такіх выдатных людзей ідзе хваля пазбаўленьня ад страху і пачынаецца шлях да свабоды».

Гаворыць Ірына Быкава.

Пад гукі гімну «Магутны Божа» прысутныя ўсталі, былі ўзьнятыя 12 бел-чырвона-белых сьцягоў. Сьвята скончылася выступамі барда Віктара Шалкевіча і ўручэньнем беларускіх кніжак пераможцам літаратурнай віктарыны, прысьвечанай жыцьцёваму і творчаму шляху В.Быкава.

Пад гукі гімну «Магутны Божа» моладзь узьняла сьцягі.

Нягледзячы на тое, што мерапрыемства было дазволена гарвыканкамам, супрацоўнікі міліцыі правяралі сумкі шмат у каго, хто ішоў на сьвята ў парк «Мазурына». У прыватнасьці, асабістыя рэчы пераглядаліся ў паэта Давіда Сімановіча і апазыцыянэра Барыса Хамайды.

Як паведамляе БелаПАН, перад ад’ездам на радзіму В.Быкава, у вёску Бычкі Вушацкага раёну, госьці сьвята наведалі віцебскі Літаратурны музэй, дзе адкрылася выстава, прысьвечаная пісьменьніку.

Тацяна Чабатарова, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0