25.02.2020 / 22:43

«Гэта скульптура ў прыватным двары». Хто дазволіў усталяваць помнік сербскаму бізнэсмену на вуліцы Станюты? 48

Помнік заснавальніку Dana Holdings Срэтэну Карычу ў Менску

У Міністэрстве культуры і ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкама паведамілі, што не давалі дазволу на ўсталяваньне помніка сэрбскаму бізнэсоўцу Срэтэну Карычу на вуліцы Стэфаніі Станюты ў Менску, піша «Радыё Свабода».

У Міністэрстве сказалі, што «ніякіх рашэньняў на гэты конт не прымалі і ў гэтым выпадку не патрабавалася ўзгадненьне з Міністэрствам культуры». Паводле ўпраўленьня культуры, «гэтае пытаньне ў Менгарывканкаме не разглядалася». Помнік Срэтэну Карычу, заснавальніку Dana Holdings, усталяваны ў катэджным пасёлку на вуліцы Стэфаніі Станюты, уваход на якую звычайным грамадзянам забаронены.

«Я проста ў шоку»

Аўтар скульптуры Яраслаў Філіповіч сказаў, што гэта скульптура ўсталявана за ўласныя грошы заказчыка на тэрыторыі, якая належыць прыватнай асобе. Ён выказаўся адносна нэгатыўнай рэакцыі ў сеціве на ўсталяваньне скульпутры.

«Я наогул не разумею прэцэдэнта, што каму і чаму не падабаецца. Калі я пастаўлю ў сябе ў агародзе садовага гноміка і нейкаму мінаку не спадабаецца, скажа: чаму ён чырвоны, а не зялёны, прыбяры яго — вам не падаецца гэта дзіўным? Гэта скульптура ў прыватным двары».

Яраслаў Філіповіч сказаў, што гэта была прыватная замова, дэталі якой ён ня можа раскрываць.

«Былі пажаданьні заказчыка. Я пазнаёміўся з біяграфіяй, сваякамі, улічыў іх пажаданьні і стварыў вобраз. Выява з распасьцёртымі абдымкамі, ён быў душа-чалавек і гэта было пажаданьне заказчыка, нібыта ён сустракае сваякоў».

Паводле аўтара, яму вельмі непрыемна тое, што адбываецца вакол усталяваньня скульптуры.

«Я проста ў шоку», — кажа Яраслаў Філіповіч.

Ён кажа, што ня супраць таго, каб у Менску ўсталявалі помнікі Стэфаніі Станюце, Васілю Быкаву і іншым знакамітасьцям.

«А гэта ж прасьцей за ўсё напісаць недзе ў фэйсбуку, што скульптуру трэба прыбраць. Калі хочаце паставіць побач помнік Стэфаніі Станюце, пастаўце, хто ж вам перашкаджае. Але ж гэта трэба напружвацца, шукаць грошы. Прасьцей сядзець на канапе і падымаць нейкую хвалю».

На відэа выглядае, што помнік Срэтэну Карычу ўсталяваны не ў двары, а менавіта на вуліцы.

На платформе petitions.by працягваецца збор подпісаў пад пэтыцыяй у Менгарывканкам з просьбай патлумачыць, кім ініцыявана ўстаноўка «дадзенага твора манумэнтальнага мастацтва» і прывесьці абгрунтаваньне неабходнасьці яго ўстаноўкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
Валерый / Адказаць
25.02.2020 / 22:56
Грошай боль няма!
6
Вацлаў / Адказаць
25.02.2020 / 23:00
Гэта скульптура ў прыватным двары
Пан Філіповіч дурня ўключыў. Гэтае ганьбішча ня ў прыватным двары, а на прыватнае вуліцы ва прыватным раёне ў часткова прыватным горадзе, адабраным у грамадзян.
То і прэмію за апраўданьні пан і сябр сям'і наўрад выпіша.
7
Кажыма праўду / Адказаць
25.02.2020 / 23:08
скульптура ўсталявана за ўласныя грошы заказчыка на тэрыторыі, якая належыць прыватнай асобе
Гэта што, святую Беларускую Зямлю распрадаюць замежным багацеям? Кастусь, раскачагарвай бульдозер!
Паказаць усе каментары/ 48 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру