Для падтрымкі маларэнтабэльнай галіны ўводзяцца маркіроўка абутку і абмежаваньні асартымэнту сэканд-хэндаў.

У Беларусі штогод вырабляецца 7,5 млн параў абутку. Колькі пры гэтым увозяць «левага» тавару празь мяжу з Расеяй – невядома. Каб кантраляваць гэтую галіну, Саўмін выдаў пастанову, згодна зь якой з 1 сьнежня ўвесь абутак мусіць быць маркіраваны. Паводле словаў Эдуарда Нарышкіна, старшыні канцэрну «Беллегпрам», гэтыя зьмены былі ўзгодненыя з прадпрымальнікамі і не паўплываюць на рынак. «Празь мяжу з Расеяй увозіцца ня толькі расейскі абутак, а шмат іншага, у тым ліку і з Кітаю, – заявіў на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай Дню работніка лёгкай прамысловасьці, Эдуард Нарышкін. – Дык сплачвайце пошліны, як за кітайскі. Мы патрабуем сумленнай гульні».

Акрамя гэтага, у падтрымку лёгкай прамысловасьці рыхтуецца шэраг указаў прэзыдэнта. Адзін зь іх, «Аб экспэрымэнце ў скурна-абутковай прамысловасьці», прадугледжвае вызваленьне ад ПДВ, бязмытны ўвоз абсталяваньня і адтэрміноўку ад сплаты ПДВ за сыравіну на 60 дзён. Таксама ўказам мусіць быць замацавана патрабаваньне ад мясцовых уладаў населеных пунктаў з 50-тысячным (і болей) насельніцтвам знайсьці памяшканьне пад магазын абутку канцэрну «Беллегпрам». «Шукаем магазын, каб арэндаваць. Называюць плату 11 эўра; тое прыбавілі, гэтае – на выхадзе выходзіць 30 эўра за мэтар. Трэба падтрымліваць свайго вытворцу. Мы ж не патрабуем, каб не было іншых прадаўцоў у горадзе. Няхай яны гандлююць побач, але ж дайце і нам працаваць», – растлумачыў сп.Нарышкін.

Нагадаем, што з 17 чэрвеня ўступіла ў сілу яшчэ адна пастанова Саўміну, якая мае зьнізіць асартымэнт «сэканд-хэндаў». Продажу не падлягаюць прадметы асабістай гігіены, нацеліва швейнае і трыкатажнае, панчохі-шкарпэткі, прадметы жаночага туалету, тавары для немаўлят, пасьцельная бялізна, цацкі і інш. «У выніку перасьледу «сэканд-хэндаў», падняцьця мытаў рэчы ўжо падаражэлі ў 2–3 разы, – скардзіцца ўладальніца менскага магазыну Ларыса. – Пасьля абмежаваньня асартымэнту ўвогуле ня ведаю, ці рэнтабэльна будзе займацца гэтым бізнэсам. Гэта робіцца ня дзеля простых людзей, іх проста хочуць прымусіць купляць беларускую прадукцыю. Забарона продажу патрыманай пасьцельнай бялізны супярэчыць цьвярозаму розуму, яе выкарыстоўваюць і ў больніцах, і ў гатэлях, і ў цягніках».

На пытаньне «НН», ці не лабіруе «Беллегпрам» свае інтарэсы праз саўмін, сп.Нарышкін адказаў вельмі сьціпла: «Мы нічога не лабіруем. Канечне, калі спыталі пра нашыя меркаваньні, мы былі дзьвюма рукамі «за»... Хопіць насіць вопратку замежных грамадзян. Трэба мець нацыянальны гонар».

Мець гонар – гэта добра. Было б добра, каб яшчэ мелі чым ганарыцца.

Тацяна Гацура

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0