У канцэрне «Белнафтахім» заяўляюць, што пазіцыя буйных расійскіх нафтавых кампаній, якія захоўваюць мараторый на пастаўку нафты ў Беларусь, спрыяла прыняццю рашэння польскага аператара «Дружбы» аб запуску нафтаправода ў рэверс на беларускім кірунку, паведамляе interfax.by.
Фота Надзеі Бужан.
«Для Беларусі адкрываюцца яшчэ адны дзверы ў свет альтэрнатыўных крыніц паставак нафты. Гэта змяняе карціну. Па сутнасці, мы назіраем прыкметы тэктанічнага зруху на рынку нафты ў Еўропе, якому спрыялі не толькі каранавірус, але і пазіцыя буйных расійскіх гульцоў, якія накіравалі намаганні беларускага боку на пошук альтэрнатыўных крыніц», — гаворыцца ў каментары прэс-сакратара канцэрна «Белнафтахім» Аляксандра Цішчанкі.
«Мы вялі перамовы з PERN па гэтым пытанні. І калі раней магчымасць выкарыстоўваць гэты кірунак ацэньвалася як 50% на 50%, то цяпер ёсць вынік гэтых перамоваў — заява польскага аператара пра магчымасць рэверсу», — падкрэсліў ён.
«І гэта дазваляе больш дэталёва разглядаць гэты варыянт пастаўкі нафты (…). Гэта адкрывае для Беларусі магчымасць весці перамовы з пастаўшчыкамі сыравіны разам з яе транспарціроўкай па гэтай больш выгаднай маршрутнай схеме», — дадаў прэс-сакратар.
Як паведамлялася, польскі аператар магістральнага нафтаправода «Дружба» PERN заявіў аб магчымасці прапампоўкі нафты з Польшчы на тэрыторыю Беларусі.
Раней таксама паведамлялася, што дэлегацыя ўрада Польшчы наведала ЗША, дзе правяла кансультацыі аб механізме паставак нафты з ЗША ў Беларусь праз польскія парты.
Як паведамлялася, у пачатку лютага дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа пасля перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў аб гатоўнасці ЗША забяспечыць нашу краіну энергарэсурсамі на 100% па канкурэнтных цэнах.