Трэці выпадак каранавіруса ў Беларусі быў знойдзены ў Віцебску ў дызайнеркі Таццяны Яфрэмавай, якая ў канцы лютага па працы была на выставе ў Мілане. Ніякіх скаргаў на здароўе ў пацыенткі не было, але яе праверылі, як цяпер правяраюць усіх турыстаў, што прыбылі з Італіі, і западозрылі каранавірус. Таццяна паведаміла Tut.by, што ў яе стан лёгкай прастуды. Яна ляжыць у боксе інфекцыйнай бальніцы, муж і чацвёра дзяцей — у суседстве.

Таццяна Яфрэмава. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by

Таццяна Яфрэмава. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by

Таццяна Яфрэмава распавяла, што ў яе не было высокай тэмпературы ці іншых прыкмет віруснага захворвання. 20 лютага яна вылецела з Мінска ў Мілан разам з яшчэ двума дызайнерамі, таксама супрацоўнікамі Віцебскага футровага камбіната, каб трапіць на выставу. Вярнулася 23 лютага праз Варшаву.

Таццяне патэлефанавалі з санэпідслужбы, папрасілі прайсці тэст у інфекцыйнай бальніцы. 29 лютага яна прайшла абследаванне, і яе шпіталізавалі яшчэ да вынікаў тэсту: лекар, які аглядаў пацыентку, звярнуў увагу на хворае горла. 1 сакавіка Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што выяўлены трэці выпадак у Беларусі каранавіруса, гаворка ішла пра Таццяну.

— У мяне пакуль што стан лёгкай прастуды, — кажа суразмоўца. — Лячэнне звычайнае ў такіх выпадках: палашчу горла і нос, раблю ўсё, як пры віруснай інфекцыі. У маіх двух калегаў вынік тэсту адмоўны, але зараз усіх змяшчаюць на двухтыднёвы каранцін.

Таццяна знаходзіцца ў асобным боксе Віцебскай інфекцыйнай бальніцы. А ў суседстве з ёй — яе сям'я: чацвёра дзяцей і муж. У іх, па словах Таццяны, вынік адмоўны.

— Бачыцца мы не можам, гаворым па відэасувязі, — распавяла суразмоўца. — Сюды можна адпраўляць перадачы, але нічога назад перадаваць нельга. За два тыдні да паездкі я ляжала ў інфекцыйнай бальніцы з малодшым дзіцём — і вось мы зноў тут. Старэйшыя дзеці ўсё разумеюць, двое малодшых пакуль што ўспрымаюць тое, што адбылося, як прыгоду. Уявіце, яны ж як у зняволенні: муж і чацвёра дзяцей у адным памяшканні. Пакуль што не ведаем, колькі тут прабудзем, але спадзяёмся, што ўсё будзе добра.

Па словах Таццяны, калі яна прыляцела ў Мілан, ніякай трывогі не адчувалася, усё было ў працоўным рэжыме.

— Гэта ўжо пазней з'явілася інфармацыя, што адмяняюцца паказы мод або што яны праходзяць без гледачоў. Калі мы былі ў Мілане, нічога незвычайнага не заўважылі.

Цяпер апытваюць акружэнне Таццяны, высвятляюць, з кім яна кантактавала і просяць усіх прайсці тэст. Вядома, што ў Віцебску шпіталізавалі 26 чалавек, якія кантактавалі з ёй.

— Жанчына, у якой падазрэнне на каранавірус, знаходзіцца ў асобным боксе. Яна не кантактуе ні з кім. У гэты бокс асобны ўезд, — паведаміў начальнік Віцебскага аблздароўя Юрый Дзяркач. — Выхад з гэтага бокса немагчымы: там ёсць адпаведныя шлюзы і замкнёны абмен паветрам. То-бок, гэтая жанчына некантактная. Усе астатнія шпіталізаваныя кантактныя. Але размяшчаюцца таксама ў боксах з асобным выхадам. Тых, у каго адмоўныя вынікі, будзем выводзіць з ізаляцыі ў інфекцыйнай бальніцы. Але яны будуць знаходзіцца ў медустанове 14 дзён. У прынцыпе, гэтых людзей, якія кантактавалі з працаўніцай футравага камбіната, можна было назіраць і дома, але пайшлі на варыянт поўнай ізаляцыі, каб выключыць усе магчымыя праблемы.

На прадпрыемстве, дзе працавала Таццяна, падкрэсліваюць: у яе калегаў каранавірус не пацвердзіўся, яны працуюць у штатным рэжыме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?