Палітычны прагматызм і «ідэю Айчыны» няможна ставіць вышэй за маральныя прынцыпы і «ідэю свабоды». Піша Сяргей Сінькевіч на сайце bellintellectuals.com.

Знаны палітоляг, аналітык, паліттэхноляг, публіцыст, гісторык і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута апублікаваў нядаўна дужа цікавы артыкул «Краіна глухіх. Айчына ў небясьпецы!» («НН», №22).

Асноўная тэза гэтага твору даволі простая: калі айчына ў небясьпецы, мы мусім забыцца пра ўсё, што было ў мінулым, і стаць пад адныя штандары з былымі апанэнтамі і ворагамі. У гэтым разе маецца наўвеце наступнае: перад пагрозай небясьпекі аншлюсу Беларусі Расеяй нам (то бок апазыцыйнай частцы беларускага грамадзтва) прапаноўваецца стаць пад адны штандары разам з сп.Лукашэнкам.

Тут праглядаецца прынцып: «вораг майго ворага – мой сябра». У ім няма нічога новага, што магло б прыцягнуць асобную ўвагу. Сам прынцып стары як сьвет, аднак цікавы той аргумэнт, які прапаноўвае знаны палітоляг і літаратуразнаўца.

Дык што гэта за аргумэнт? Аналітык Фядута ў якасьці аргумэнту выбраў гістарычную аналёгію... з Сталіным. Маўляў, калі Гітлер напаў на сталінскі СССР, дык народ паўстаў на абарону ня Сталіна, а Айчыны. Разам з тым «бацька народаў» разумеў, што выйграць вайну, працягваючы бясконцыя рэпрэсіі, немагчыма (такая сыстэма ня здольная процістаяць небясьпецы звонку), таму ён прытармазіў рэпрэсіўны махавік, даўшы людзям трошкі свабоды і дазволіўшы ім быць больш ініцыятыўнымі і незалежнымі. Калі для будаўніцтва «камуністычнай будучыні» можна было цалкам здаволіцца страхам рэпрэсіяў, разбаўленым рэвалюцыйным энтузіязмам, то каб сабраць усе рэсурсы для процістаяньня вонкаваму агрэсару, гэтага было ўжо недастаткова. Патрэбны былі больш трывалыя падмуркі: культура, гісторыя і рэлігія, то бок тое, што месьціць у сабе крыніцу жыцьцёвай энэргіі. Сталін узнавіў некаторыя нацыянальныя сымбалі, заклікаў на дапамогу яшчэ ня ўшчэнт зьнішчаную царкву і т.п.

Фядута: «Дарэчы, Сталін гэта зразумеў. У першыя дні паразаў ён і царкву вырашыў адрадзіць, і ціск на культуру стаў трохі меншы. Так, не крытычна, – але ўсё-такі было».

От і наш «бацька» таксама так зробіць, мяркуе палітоляг і публіцыст Фядута: «Давядзецца «ворагаў народу» выпускаць з турмаў і гета, дазваляць газэты і сайты».

«Бацька» разумее, што лепей даць трошкі вальней уздыхнуць апазыцыі, дазволіць колькі сайтаў, чым ісьці на сьмяротную рызыку поўнай страты ўлады.

Лёгіка падаецца бездакорнай. Аднак калі падумаць трохі болей часу, чым тое неабходна, каб дачытаць Фядутаў тэкст да канца, дык можна ўзгадаць, чым скончылася гісторыя пад назвай «идет война народная, священная война». Калі ў літаратуразнаўцы Фядуты ня ўсё ў парадку з гістарычнай памяцьцю, то варта нагадаць, што як толькі Сталін зноў набыў пачуцьце сілы, то першай і галоўнай задачай стала зьнішчэньне свабоды, прыдбанай коштам такіх агромністых і часта бессэнсоўных ахвяраў, зьнішчэньне ледзь узноўленага пачуцьця ўласнае годнасьці. Рэпрэсіўная машына мусіла была запрацаваць з новай сілай, каб адразу стала ясна, што ў доме адзін гаспадар, адзін «бацька народаў», адзін «бацька» і што вайна была выйграная толькі дзякуючы Яго ратнаму генію, Яго волі і Яго мудрасьці.

У некаторым сэнсе можна сказаць, што і ў гісторыка Фядуты ёсьць гістарычнае чуцьце. Яго аналёгія ў вышэйшай ступені дарэчная і дакладная. З кім жа яшчэ параўноўваць Лукашэнку, калі не са Сталіным?

Гістарычная амнэзія – хвароба, якая ўразіла нашае грамадзтва і якая мела фатальныя наступствы для ледзь абазначанага дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. Свабода, што літаральна звалілася зь неба, закружыла галаву шматлікім разумным і адораным людзям, да ліку каторых, бессумнеўна, належыць і Аляксандар Фядута. Аднак галавакружэньне стала прычынай таго, што была забытая адна шаблённая ісьціна: свабода заўжды ёсьць адказнасьцю, а адказнасьць непарыўна зьвязаная з маральнымі прынцыпамі, парушэньне каторых непазьбежна прыводзіць да наступстваў, празь якія потым даводзіцца шкадаваць.

Калі «палітычны прагматызм» (як гэта было ў 1994 годзе) ці «ідэя Айчыны» (як гэта бачым зараз) ставяцца вышэй маральных прынцыпаў – асобы як найвышэйшай каштоўнасьці і зьвязаных зь ёю ідэяў свабоды, годнасьці і гонару, – то становіцца мажлівай такая зьява, як сталінізм ва ўсіх ягоных варыянтах і мадыфікацыях.

Гісторыя не даруе памылак, асабліва памылак, зьвязаных з маральнай неразборлівасьцю і кампрамісамі з уласным сумленьнем. Цана, што плаціцца за гэтыя памылкі, – гэта чалавечыя жыцьці, лёсы цэлых пакаленьняў.

Аўтарытарныя і таталітарныя тэндэнцыі заўсёды буйна квітнеюць на глебе страты гістарычнай памяці, занядбаньня культурных каранёў і недахопу маральных і інтэлектуальных сілаў у якім-кольвек грамадзтве. Таму даводзіцца, як гэта ні сумна, канстатаваць: складзены ў Беларусі рэжым у гэтым сэнсе цалкам заканамерны. Праблема аўтарытарызму – гэта ў першую чаргу праблема гістарычнай і культурнай самасьвядомасьці і маральнай сталасьці, і толькі ў другую – эканамічная, палітычная і г.д.

Ці здолее Беларусь стаць на шлях дэмакратычнага эўрапейскага разьвіцьця – залежыць ад таго, ці паднялося грамадзтва на неабходны ўзровень маральнай сьпеласьці, ці знойдзе яно ў сабе сілы ўзнавіць перарваную на доўгія два стагодзьдзі «повязь часоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0