І чаму мы, быць можа, будзем яго бараніць. Піша ў «Gazecie Wyborczej» па прыезьдзе зь Беларусі Леапольд Унгер.

Лукашэнка як кіраўнік сувэрэннай Беларусі ў выпадку эканамічнай супольнасьці з Расеяй захоўвае ўладу без гаспадарчых стратаў, але як кіраўнік адной з расейскіх губэрняў губляе ўсё – і ўладу, і прывілеі. Можа, варта абараніць дыктатара?

Калі ў сакавіку 1995-га Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Беларусі, наведаў Брусэль, навязваючы свой першы кантакт з Захадам, найбольшае ўражаньне, як ён сам мне прызнаўся, на яго зрабіла сустрэча з каралём Бэльгіі. Прайшло 11 гадоў, у Бэльгіі ўжо іншы кароль, а Лукашэнка застаўся пры сваёй пасадзе, хоць з новым сувэрэнам сустрэцца ўжо ня можа, бо кіраўніку Беларусі забаронена ўяжджаць на тэрыторыю Эўразьвязу.

А мне забаронена ўяжджаць на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Але не на тэрыторыю Беларусі. Адмыслоўцаў зь Менску гэта вельмі дзівіла, бо яны перакананыя, што беларускія і расейскія службы працуюць сынхронна і што беларуская заходняя мяжа – гэта ўсё адно што расейская, таму ў сталіцу Беларусі мяне ўпусьціць ня мусілі. Такім чынам, мая прысутнасьць на арганізаванай Польскім інстытутам у Менску міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай стагодзьдзю зь дня нараджэньня ў Менску Ежы Гедройца, стала бясспрэчным доказам сувэрэннасьці Беларусі.

Галоўны тэзіс маіх кулюарных суразмоўцаў – «усё, што заўгодна, нават Лукашэнка, – лепш, чым Расея». Калі і ёсьць згода на эвэнтуальную інтэграцыю сувэрэннай Беларусі ў сфэру эканамічнага ўплыву Расеі (гэта вельмі добры бізнэс-праект), то ніводзін чалавек, з Лукашэнкам на чале, не пагаджаецца на «ўваход Расеі ў склад Расейскай Фэдэрацыі».

Кожны, зразумела, з сваіх прычынаў. Лукашэнка як кіраўнік сувэрэннай Беларусі ў выпадку эканамічнай судружнасьці з Расеяй захоўвае ўладу без гаспадарчых стратаў, але як кіраўнік адной з расейскіх губэрняў губляе ўсё – і ўладу, і прывілеі. Для дэмакратычнай апазыцыі далучэньне Беларусі да расейскай дзяржавы азначае канец адраджэньня свабоднай нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, якія прагнуць дэмакратыі і незалежнасьці, але паміж сабою дагэтуль размаўляюць збольшага па-расейску.

Як ня трапіць у абдымкі да Пуціна, для якога, паводле меркаваньня маіх суразмоўцаў, Беларусь ёсьць апошнім даступным кавалкам постсавецкай тэрыторыі, пасьля «страты» Ўкраіны і Грузіі, а значыць, і апошнім, здабытым гвалтам ці газавым шантажом, шанцам рэканкісты – адбудовы імпэрыі? Перабольшваем? Чаму ж? Пуцін першы постсавецкі кіраўнік Расеі, які адкрыта прызнаў, што распад СССР – гэта «найвялікшая геапалітычная трагедыя XX стагодзьдзя».

Захад, кажуць суразмоўцы, мусіць паставіцца да гэтага сур’ёзна. На думку дэмакратаў зь Менску, забараніць купцы беларускіх «намэнклятуршчыкаў» падарожнічаць у Эўропу ці заблякаваць іх заходнія (трэба прызнаць, умела схаваныя) рахункі – някепскі захад, але гэта несур’ёзна. Патрэбныя рашучыя крокі, і перадусім рэальныя эканамічныя санкцыі. Яны патрабуюць, каб заходнія краіны вырашылі лёс прыгнечанай Беларусі на ўжо блізкім спатканьні G7 (так у тэксьце. – Рэд.) з Пуціным у Пецярбургу.

Ідэя, на першы погляд, лягічная, бо справа нібыта датычыць усяе Эўропы. Але гэта таксама несур’ёзна. Улада Пуціна сілкуецца паловай сусьветных запасаў газу, і ён не расчуліцца, а адкажа спажыўцам свайго газу так, як і тым журналістам, што крытыкавалі ціск свабоды прэсы ў Расеі: «У мяне іншае меркаваньне».

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр беларускай апазыцыі, параўнаў імпэрскія расейскія амбіцыі з аншлюсам, то бок з «уваходам» Аўстрыі ў склад гітлераўскай Германскай імпэрыі ў 1938 годзе. Французы кажуць, параўнаньне не заўсёды праўда. Гэта так, але яно тлумачыць, чаму ж мы, быць можа, будзем змушаныя бараніць Лукашэнку. Парадокс? Вядома. Гісторыя любіць парадоксы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0