Добрыя гамбургеры робяць у Грузіі! Сяржант Глухаў перабег на грузінскі бок, бо ў расійскай арміі не было дзе мыцца.

Добрыя гамбургеры робяць у Грузіі! Сяржант Глухаў перабег на грузінскі бок, бо ў расійскай арміі не было дзе мыцца.

Неадэкватнасць Глухава несумненная, але я моцна сумняюся, што большасць салдатаў расійскага войска далі б яму сёння сур’ёзную фору. Піша Дзмітры Быкаў.

Гісторыя малодшага сяржанта 693‑га палку 58‑й арміі Аляксандра Глухава загадкавая і ў перспектыве нават пацешная, хоць ні Глухаву, ні Грузіі, якая прытуліла яго, ні здалёк пагражаючай яму Расіі сёння зусім не да смеху. Што рабіць ‑‑ не зразумела нікому. І, можа, у гэтым галоўны сэнс таямнічай гісторыі Глухава.

Расея патрабуе выдаць сяржанта і абяцае, што нічога яму не будзе. Грузія не спяшаецца, але куды яго падзець ‑‑ пакуль не прыдумала. Маці Глухава Галіна збіраецца па яго прыехаць, але пакуль паездка адкладаецца: незразумела, хто павінен плаціць. Грузінскі бок не разумее, чаму яму трэба не толькі карміць расійскага «срочніка», але яшчэ і забяспечваць яго сустрэчу з бацькамі. Расійскі бок не рвецца аплачваць спатканні дэзерціра з сям’ёй. Карацей, пат.

Глухаў — сын маляра‑тынкоўшчыка (маці) і беспрацоўнага (бацька). У яго дзве старэйшыя сястры, у адной эпілепсія, другая цяпер чакае дзіця. У малодшых класах у Глухава была дыягнаставаная затрымка псіхічнага (не разумовага!) развіцця ‑‑ гэта значыць аўтызм у лёгкай форме. У школе ён вучыўся не добра, сяброў не меў, пасля дзявятага класа сышоў у мясцовы радыётэхнікум. У ваенкамат з’явіўся добраахвотна ‑‑ «усё роўна забяруць». І адправіўся ў вучэбку пад Екацярынбургам, дзе, па ягоных аповедах, яму і астатнім курсантам нярэдка перападала па твары, нагах і іншых частках цела. На сняданак і вячэру там давалася па хвіліне. Ён бы ўжо адтуль збег, прызнаецца Глухаў, але вельмі ўжо ахоўвалі, ды і жылля вакол не было.

І вось яму пасля паўгоду ў вучэбцы прысвоілі чын малодшага сяржанта, і ён паехаў служыць у сяло Тарскае, дзе жылі ў намётах і не было нават страявога пляцу, затое было вельмі сыра і брудна. Там ім растлумачылі, што Грузія вельмі агрэсіўная, і некалькі разоў вывезлі на тэрыторыю Паўднёвай Асеціі ‑‑ рыць акопы. Гэта было яшчэ ў чэрвені‑ліпені ‑‑ да вайны.
На вайну не паслалі. А у канцы жніўня мінулага году стралок БМП Глухаў быў адпраўлены разам з іншымі ў Цхінвалі, што адбудоўваўся. Ізноў у намёт. Спачатку ‑‑ аднаўляць ваеннае мястэчка, потым ахоўваць яго. Пасля чаго іх перакінулі ў паселішча Ахалгоры, дзе было вельмі дрэнна з ежай і не было лазні. І там ён таксама ні з чаго не страляў. У асноўным заступаў у варту і калоў дровы для печак. Ненадоўга яго ўзяў да сабе ардынарцам камбат, але, незадаволены запаволенай рэакцыяй Глухава, вярнуў яго ў батальён. Назад Глухаву, мабыць, не хацелася.

І ён сышоў у сяло Ахалгоры, куды яго калегі часта бегалі па ежу і чачу. У яго было 26 тысяч рублёў баявых ‑‑ іх атрымлівалі ўсе вайскоўцы, якія апынуліся ў Асеціі, незалежна ад таго, удзельнічалі яны ў баявых дзеяннях ці не. На гэтыя грошы ён купіў грамадзянскую вопратку ‑‑ штаны, швэдар, і папрасіўся пажыць у адну сям’ю. Пражыў дзесяць дзён. Хадзіў па сяле вольна, ніхто яго не шукаў. Тады ён апрануў форму (цёплай грамадзянкі не было) і сышоў у бок Грузіі, дзе і быў затрыманы грузінскай паліцыяй. Гэта ў гадзіне язды ад Тбілісі. Яго прывезлі ў грузінскую сталіцу і прапанавалі зрабіць заяву. Ён папытаў палітычнага прытулку, не думаючы, што гэта назусім. Сказаў, што вернецца ў Расею, калі там «усё супакоіцца».

Пачаўся неверагодны кіпеж, прабачыце за жаргон, але я не ведаю, як гэта назваць інакш. Благасфера раскалолася ‑‑ яна расколваецца з любой нагоды. Адны сцвярджалі, што салдаты служаць у быдлячых умовах і што ўсё ён правільна зрабіў. Іншыя пыталі, як было наконт умоў пад Масквой у снежні 1941 году і што трэба было б зрабіць з салдатам, які адправіўся на нямецкі бок памыцца.

Алею ў агонь падліло інтэрв’ю Глухава ў «Макдональдзе» у цэнтры Тбілісі: там сяржант паўтарыў агенцтву Ройтэрз сваю няхітрую адысею, але над гамбургерам, які ён прагна еў, не прыкалоўся толькі гультаяваты. Гэта быў геніяльны піяр‑ход грузінскага боку, які шчасліва супаў з яго ўбогімі фінансавымі магчымасцямі: і грошай шмат не выдаткавалі, і продаж Радзімы за гамбургер паказалі.

Міністэрства абароны Расеі выступіла ў традыцыйным жанры. Спачатку паведамілі, што Глухаў быў выкрадзены і апрацаваны псіхатропнымі прэпаратамі. Адначасова была высунутая версія, што ён быў папросту дрэнным салдатам, таму што добрага не выкрадуць. Версія аб ягоным плахізме існавала ў двух варыянтах: па‑першае, ён нібы пачаў дзедаваць. У яго ўзнік канфлікт, і ён сышоў. Жорсткі дзед, які сыходзіць з часткі пасля канфлікту з маладымі, ‑‑ гэта пяць! Але другая версія сталася яшчэ круцейшай. Аказваецца, Глухаў быў замешаны ў нейкіх фінансавых махінацыях і таму сышоў. Тады ўжо лепш ‑‑ здаўся грузінам перспектыўным кадрам у сэнсе фінансавых афёр і быў выкрадзены для выратавання грузінскай эканомікі!

Добра яшчэ, што Глухаў першым выкарыстаў аргумент наконт лазні, таму што звычайная прэтэнзія Міністэрства абароны да дэзерціраў, збітых салдатаў або самагубцаў палягае ў тым, што яны не любілі мыцца. Я не ведаю, чаму ў войску надаюць такое значэнне ахайнасці, але мноства разоў назіраў гэты жалезны аргумент падчас расследавання вайсковых ЧП.

Але Глухаву цяжка было б памыцца: ён з сярэдзіны снежня па канец студзеня быў у лазні адзін раз.

А ўсе, каго апыталі ў яго родным горадзе, адклікаліся аб ім як аб паталагічным чысцюлю з маніяй ахайнасці, што таксама ёсць адной з прыкмет аўтызму, але ў Сарапульскім ваенкамаце, верагодна, такога слова не ведалі.
Там ведалі слова «план».

Супрацоўнікі грузінскага МУС, да якіх я звярнуўся, каб мне дазволілі сустрэчу з Глухавым, не рабілі ніякіх перашкод. Я прыехаў у шкляшку «Тбілісуры» на пляцы Волі, і праз дзесяць хвілін туды прывезлі Глухава. Я дзве гадзіны абцугамі выцягваў з яго падрабязнасці службы, але так і не даведаўся нічога сенсацыйнага. Грузінскаму боку ён таксама відавочна без патрэбы: аб тым, што вайну пачала Расія, тут і так дзень і ноч талдычаць усё СМІ. Аб тым, што Саакашвілі даў загад абстрэльваць Цхінвалі з «Граду», не кажуць зусім. Аб тым, што Расія рыхтуецца да вайны, у Тбілісі таксама казалі ўсё лета, а таму выкарыстаць Глухава як сведку ваенных прыгатаванняў ізноў жа няма ніякага сэнсу. Ён можа, вядома, распавесці, як бедна жыве яго сям’я ў Сарапуле, але любая грузінская вёска за дзесяць кіламетрах ад Тбілісі жыве не багацей.

Карацей, што з ім рабіць ‑‑ не ведае ніхто.

Сам ён спадзяецца ўладкавацца ў Тбілісі на пасаду праграміста. У Расеі яго ніхто асабліва не чакае ‑‑ сям’я хіба што, але яна страшна напалоханая гэтым здарэннем. У маім нататніку ён піша, што ніхто яго «не похищал носильно». Носильно, разумееце?

Для мяне неадэкватнасць Глухава несумненная, але я моцна сумняюся, што большасць салдатаў расійскага войска далі б яму сёння сур’ёзную фору. Войска фармуецца па рэшткавым прынцыпе ‑‑ туды трапляюць тыя, хто не здолеў збегчы, заплаціць або адкасіць. У гэтага войска няма ні ідэолагаў, ні бацькоў‑камандзіраў, ні выразнага разумення сваіх мэт. Глухаў неяк неспадзявана, як Швейк, выявіў увесь абсурд сучаснай расійскай і калярасійскай сітуацыі. Ён шчыра не разумее, што здзейсніў вайсковае злачынства і сышоў да суперніка. Ён не разумее, што Грузія ‑‑ чужая краіна, але ж і большасць расійскіх палітыкаў не разумее гэтага.

Глухаў жа не проста так вырас такім. Ён нарадзіўся ў 1987 годзе, ягонае дзяцінства прыпала на дзевяностыя, ён выхоўваўся ў ідэалагічным вакууме, ён не ведае, для чаго жыве і з кім ваюе. Ён звычайнае дзіцё эпохі распаду. Аб тым, што дзеці гэтай эпохі не змогуць ні працаваць, ні ваяваць, было яшчэ тады моўлена‑перамоўлена. Надышоў час у гэтым пераканацца. І па‑добраму ўсім нам ‑‑ Расеі, Грузіі, левым, правым, маладым, старым, ‑‑ варта б зірнуць на справу рук нашых, у жаху загаласіць і кінуцца сябар да сябра: таварышы, да чаго мы дайшлі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?