07.03.2020 / 13:35

У Віцебску праймерыз прайшлі з аншлагам, а сакрушальную перамогу атрымаў Севярынец 102

На першае галасаванне па абранні адзінага кандыдата ад апазіцыі ў Гарадку (самая поўнач Віцебскай вобласці) прыйшло ўсяго восем чалавек. Гэта стала нагодай для шматлікіх жартаў у інтэрнэце. Ды і самі імаверныя кандыдаты былі, здаецца, засмучаныя.

Лідар АГП Мікалай Казлоў па дарозе з Гарадка ў Віцебск расказаў пра спрэчку, якая была ўнутры партыі, колькі ж чалавек прыйдзе на першае спатканне. Сам Казлоў ставіў на 25 чалавек, а перамог дасведчаны Леў Марголін з Барысава, які паставіў на тое, што будзе менш за 10 чалавек.

Сам Казлоў прапаноўваў нават адмовіцца ад малых гарадоў на карысць большых. Кіраўнік руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч супакойваў, што з часам усё павінна змяніцца і людзей павінна прыйсці больш. З гэткімі думкамі кандыдаты і адправіліся на начоўку.

«Ложак быў жорсткі, ды і ўмовы нагадвалі Акрэсціна», — смяяўся Губарэвіч. А ноч на нядзелю кандыдаты правядуць ужо ў Наваполацку.

У Віцебску сустрэча адбывалася ў канферэнц-зале ў гатэлі «Лучоса». Арэнда каштавала 120 рублёў, але яна ўключала ў сябе і кава-паўзу на 50 чалавек. Зрэшты, людзей набілася столькі, што на ўсіх не хапіла крэслаў.

Нават кандыдаты вырашылі аддаць свае, а самі выступаць стоячы. «Глядзіце, якія ў нас кандыдаты, Аляксандру Лукашэнку крэслы падносяць, а нашы свае аддаюць», — вяшчаў Віталь Рымашэўскі.

Ён зноў быў вядучым мерапрыемства. У сваёй прамове Рымашэўскі зазначыў, што ўпершыню людзі самі абіраюць сабе кандыдата, а не падтрымліваюць ці не падтрымліваюць таго, каго адправілі з Мінска.

Удзельнікаў рэгістравалі аж пяцёра чалавек, але нават яны не спраўляліся з такімі тэмпамі, таму пачатак сустрэчы і зацягнуўся. Большасць удзельнікаў праймерыз усё ж былі пенсіянерамі, але хапала і маладзейшых.

Вольга Кавалькова для сустрэчы ў Віцебску змяніла адзенне: чырвоны пінжак, чорная спадніца. Мікалай Казлоў жа апрануў на гэты раз гальштук. Менавіта Казлоў паводле лёсавання пачаў выступаць першым.

Кіраўнік АГП каротка расказаў пра сваю біяграфію, справа ў тым, што перад мерапрыемствам да яго падыходзілі людзі і казалі, што нічога пра яго не ведалі.

«За сямнаццаць гадоў у міліцыі я раскрыў больш за тысячу спраў. У 2008 годзе я злавіў старшыню выбарчай камісіі, які ноччу ўкідваў бюлетэні. Пасля таго, як справу не завялі, я вырашыў сысці з міліцыі, хоць мог там працаваць яшчэ 5-7 гадоў. У 2010 годзе стаў чалавекам года паводле газеты «Наша Нівы».

Я ведаю дакладна, што Лукашэнка павінен сысці. І выбары — гэта легітымная магчымасць для гэтага», — сказаў Казлоў.

«Калі мы бачым столькі людзей ужо на другой сустрэчы, то значыць ёсць запатрабаванасць новых лідараў», — пачаў выступ Юрась Губарэвіч.

Цікава, што ў гэты момант у зале з’явіліся пяць сініх плакатаў, на якіх было напісана «Галасую за Губарэвіча!» Праўда, людзі нічога не выкрыквалі, вялі сябе ціха.

Падчас сваёй прамовы Юрась Губарэвіч уручыў прэмію імя Віктара Сырыцы віцьбічу Хрыстафору Жаляпаву. Менавіта ён быў адным з тых людзей з плакатамі.

Адзін з гледачоў на гэта запратэставаў, што агітацыя ў дзень галасавання павінна быць забароненая. Губарэвіч на гэта змаўчаў.

Аляксей Янукевіч зноў сказаў, што не будзе расказваць пра тое, што апазіцыя абавязкова пераможа на выбарах—2020. Асноўнае, на што ён зрабіў акцэнт, гэта праца пасля выбараў.

«Мы можам заняць новы плацдарм, каб думаць, як у найбліжэйшыя гады памяняць рэжым. Лукашэнка губляе падтрымку, але папулярнасць набірае Крэмль і Масква»,— гэта тэзісы кіраўніка Партыі БНФ.

Рымашэўскі ацаніў ягоную прамову, як «песімістычную, ці рэалістычную, гледзячы з якога боку паглядзець».

Калі Севярынец запытаўся, хто лічыць выбары ў краіне свабоднымі і прапанаваў падняць рукі, то ў зале раздаўся смех.

Прамова Севярынца нічым не адрознівалася ад таго, што ён гаварыў у Гарадку. Адзінае, што Севярынец не прапусціў магчымасці правесці невялікі мітынг.

«Давайце скажам яму: Лукашэнка, сыходзь». І людзі дружна адказвалі: «Сыходзь». «І калі мы з вамі, у першую чаргу мужчыны, абаронцы айчыны, павінны будзем рызыкнуць і выйсці, хай атрымаем штраф ці 15 сутак, але затое потым не будзем жыць пры дыктатуры». Пасля гэтага актывісты Севярынца сталі раздаваць аркушыкі людзям, каб тыя напісалі свае прапановы, што трэба змяніць у краіне.

«Мы тут для таго, каб пачуць, што хвалюе простых беларусаў. У пад’ездзе, дзе жыве мой тата, палова мужчын ужо памерлі, не дажыўшы да 50 гадоў. Я лічу, што ў мужчын не павінен быць пенсійны ўзрост больш, чым яны жывуць. А ўлады цікавіць толькі набіванне кішэняў і Еўрапейскія гульні», — сказала Вольга Кавалькова. Другі раз запар выпала, што менавіта адзіная жанчына сярод кандыдатаў выступала апошняй.

Што пыталіся людзі? Аляксандр Кузняцоў з Партыі БНФ спытаў, ці плануюцца люстрацыі ў выніку прыходу да ўлады.

Язэп Дулеба, былы кіраўнік віцебскага БНФ, спытаў у Севярынца, што ён робіць у такой кампаніі, а ў Казлова спытаў, чаму АГП не распрацавала больш-менш прыстойную праграму, калі ў іх былі такія пытанні.

Выкладчык Віцебскага ўніверсітэта Міхайлаў падзякаваў Севярынцу, што пры яго дапамозе атрымалася спыніць акупацыю.

Спадар, які не прадставіўся, цікавіўся, ці выводзіў хто з кандыдатаў людзей на вуліцы. Марына Васільева казала, што большасць людзей за саюз з Расіяй, як яны будуць абараняць іх правы, а таксама ці будуць кандыдаты выступаць супраць чыпізацыі людзей. Ірына Яскевіч з АГП спытала, якую праграму будуць прымаць кандыдаты ў выпадку перамогі.

Кіраўнік партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук спытаў, ці сартуюць кандыдаты смецце і ці трэба забараняць пакеты. Былы жыхар выспы Сахалін спытаў пра адносіны да саюза з Расіяй. Павел Левінаў пытаўся пра стаўленне да смяротнага пакарання.

Мікалай Казлоў лічыць, што люстрацыя павінна тычыцца ўсіх, хто парушаў закон, але не ўсе чыноўнікі гэта рабілі. Сярод прыкладаў ён назваў міліцыянера Ігара Яўсеева, ён, дарэчы, не так даўно ўзначальваў УУС Віцебскага аблвыканкама. «Мы можам ламаць сцэнар, але толькі не байкот, калі мы не пойдзем, то Лукашэнка зробіць, што захоча з Гайдукевічам і Караткевіч», — сказаў Казлоў.

Губарэвіч прапаноўвае, што прызыўнікі могуць начаваць дома ў час, калі няма збораў. Пра міліцыю ён сказаў: «Больш участковых, але менш генералаў».

«Я прынцыпова за люстрацыю, каб былі зададзеныя маральныя нормы. Людзі, якія фальсіфікавалі выбары, саджалі людзей за краты, павінны быць пакараныя», — лічыць лідар БНФ Аляксей Янукевіч.

Павел Севярынец гаварыў, што ў выпадку нерэгістрацыі кандыдата трэба рыхтаваць нацыянальную забастоўку. «З Расіяй мы павінны сябраваць, а не так, як кожнага 31 снежня робіць Лукашэнка», — адзначае Севярынец.

«Вы не сказалі нічога, не сказалі нічога пра ўжыўленне чыпаў, людзям збіраюцца ўжыўляць чыпы», — закрычала на выступе Севярынца спадарыня Васільева. Севярынец праігнараваў гэта.

«Дзякуй Богу, я добра ажаніўся, і мая жоначка навучыла мяне сартаваць смецце», — адзначыў Севярынец. «Мы народ геніяў, народ ваяроў», — пранікнёна казаў кандыдат ад БХД.

«Я за мараторый на смяротнае пакаранне. Расія ці Еўрасаюз — гэта людзі павінны рашаць на рэферэндуме. Я гатовая ўзначаліць сёння любы пратэст, які патрэбны людзям», — сказала Вольга Кавалькова.

Галасаванне доўжылася каля 20 хвілін. Галасы падлічвалі ў адкрытую, ніякага хавання бюлетэняў. У галасаванні прыняў ўдзел 101 чалавек. Яшчэ трынаццаць чалавек зарэгістраваліся на мерапрыемства, але вырашылі не галасаваць.

Вынікі галасавання наступныя:

Севярынец — 66 галасоў

Губарэвіч — 15

Казлоў — 15

Янукевіч — 4

Несапраўдны бюлетэнь — 1

Кавалькова — 0

Таксама 7 сакавіка адбудзецца сустрэча ў Наваполацку.

У нядзелю кандыдаты будуць у Мёрах, Шаркаўшчыне і Паставах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Зміцер Панкавец, фота Сяргея Гудзіліна

95
19БНР18 / Адказаць
07.03.2020 / 13:40
Читаю статью, а в голове почему то играет музыка из шоу Бенни Хилла)
17
меркаванне / Адказаць
07.03.2020 / 13:47
19БНР18, можа філармонію наведай? 
16
Адыкватник) / Адказаць
07.03.2020 / 13:53
19БНР18, ты на те же грабли что и апазияцыя!! музыка для умных дурак не пойме!! апазицыя для умных!! у нас дуракоу 80%  хто што для их прапануе!!
так и выходить што лукашэнка для 80 працэнтау дуракоу
 
Паказаць усе каментары/ 102 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру