Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Інфармацыя з адкрыцьця новага будынку Нацбібліятэкі выклікала жаданьне хутчэй паехаць на ст.м. «Усход», каб замовіць як мінімум тры кнігі.

1. «Расстрэльная каманда».

«...пстрычка клявішы скіроўвае замову ў электронны мозак, які, выдаткаваўшы долю хвілі, – гэтак «Саўбелка» апісвае дзеяньне бібліятэчнага пэрпэртуўм-мобіле, – аддае каманду аўтамату... Ледзь чуваць гул вазка, які плыве з-пад столі і сьведчыць аб тым, што замова выкананая... Вы бераце вашу кніжку і пагружаецеся ў сьвет новых ведаў...»

Цікава, як адрэагуе гэты цудоўны аўтамат, калі закінуць у яго замову кнігі «Расстрэльная каманда» або «Слуханьні ў Эўрапарлямэнце аб зьніклых у Беларусі». Мяркую, што той вазок адразу прыплыве з позвай – зьявіцца ў суд, каб адказаць паводле строгасьці закону за брыдкую лаянку ў жаночай прыбіральні бібліятэкі.

2. «Валодзя і гусі» Зоі Васкрасенскай. Усе выданьні.

Ягоная фраза пра тое, што на працягу жыцьця ён сустракаў тры розныя трактоўкі інфармацыі аб кіраўніках СССР – спачатку праўда, потым 80 адсоткаў праўды і цяпер амаль татальная хлусьня, – проста інтрыгуе.

Упэўнены: першай друкаванай крыніцай інфармацыі аб савецкіх правадырах для АРЛ, як і для ўсіх савецкіх людзей, былі папулярныя маленькія апавяданьні кшталту кніжкі «Валодзя і гусі». На яе старонках будучы правадыр сусьветнага пралетарыяту мужна абараняў кнігі, якія нёс ад сястры, ад атакі свойскага птаства. Цяжка ўявіць, што напрыканцы 90-х улюбёнаму гаранту паправак у Канстытуцыю трапіла на вочы інтэрпрэтацыя таго апавяданьня, дзе захавалася толькі 80% праўды: Валодзя тут нёс не макулятуру, а, скажам, пустую бутэльку з-пад піва «Синебрюховъ» на пункт прыёму шклатары, якую намагаліся адабраць бамжы-канкурэнты. Нарэшце, зэніт інсынуацыяў – сучасная інтэрпрэтацыя твору Васкрасенскай: ня гусі прычапіліся да Валодзі, а Вова да гусей. Усё таму, што сапраўднае прозьвішча яго бацькі – Панікоўскі.

3. «Эстэтычны слоўнік».

«Алмаз», «алмаз», «алмаз»... Штохвіліны чулася зь «яшчыка» ў рэпартажах з адкрыцьця кнігасховішча. Які алмаз? Архітэктурны цуд усе, каго прынамсі ведаю, называюць «чупа-чупс» або «стакан». Дажыліся – акрамя канфлікту палітычных забабонаў, беларусы блізкія да канфрантацыі эстэтычных густаў!

Каб не палярызоўваць грамадзтва яшчэ і ў гэтай сфэры – трэба будучыя архітэктурныя візытоўкі рэжыму будаваць зь відавочнай алегорыяй на нейкі прадмет, які падабаецца ўсёй нацыі. Напрыклад, тэлевізійная вежа ў форме вялікага пашпарта РБ з гадавой шэнгенскай візай і г.д.

Інакш хочацца толькі маліцца, каб наступны шэдэўр бацькаўскай архітэктуры, спартовы комплекс Менск-Арэна, не выглядаў, як конусападобны будынак сьветла-карычневага колеру зь няяснымі формамі, які «Саўбелка», натуральна, абзаве «новай пірамідай Хэопса», а простыя людзі...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0