Пакуль яшчэ нельга ацаніць усе наступствы рэзкага зніжэння цэн на нафту і дэвальвацыі расійскага рубля. Пра гэта БЕЛТА заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, каментуючы сітуацыю на адпаведных рынках і тое, як гэта ўплывае на Беларусь.

Даляр падскочыў адразу на дзеcяць капеек да 2,35 беларускага, а еўра ўжо 2,67

Цэны на нафту абрынуліся да 31 даляра: на 30%

«Думаю, зараз яшчэ нельга ацаніць усе наступствы дэвальвацыі расійскага рубля і рэзкага зніжэння цэн на нафту. Будзем глядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Расіяне выпусцілі заяву, што Мінфін будзе прадаваць валюту. Гэта такое неардынарнае рашэнне. І першыя некалькі дзён гэтага тыдня пакажуць, як будзе развівацца сітуацыя з расійскім рублём. Адпаведна, і наш Нацыянальны банк, зыходзячы з гэтага, будзе выбудоўваць сваю стратэгію», — адзначыў прэм'ер-міністр.

«У любым выпадку, Нацыянальны банк будзе прытрымлівацца рынкавых тэндэнцый і не будзе штучна стрымліваць беларускі рубель», — заявіў Сяргей Румас.

Адказваючы на ​​пытанне, ці будуць задзейнічаны нейкія рэзервы, кіраўнік урада сказаў: «Калі Нацыянальны банк будзе арыентавацца на рынкавую кан'юнктуру попыту і прапановы, то гэта не будзе прыводзіць да залішняга расходавання золатавалютных рэзерваў. У гэтым заключаецца яго стратэгія».

Сяргей Румас таксама адказаў на пытанне, якія плюсы ці мінусы для Беларусі нясе ў сабе падзенне цэн на нафту ў свеце. «Гэта сёння дадатковыя магчымасці дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй. Бо сітуацыя, якая ёсць сёння, значна адрозніваецца ад сітуацыі ў снежні або студзені», — сказаў ён.

Прэм'ер-міністр пацвердзіў, што гэта такім жа чынам уплывае і на перамовы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0