Гуляючы 19 сакавіка з Мядзведзевым па лесе ля рэзідэнцыі «Русь», Лукашэнка быў у камуфляжы. Закамуфляванай выглядае і сутнасць сустрэчы.

Зрэшты, не трэба быць вялікім аналітыкам, каб зразумець, што беларускаму кіраўніцтву зараз пад любой маркай патрэбны грошы.

Масква ж, паводле «Коммерсанта», не гарыць жаданнем праплочваць хітраватую палітыку хаўрусніка. Газета цытуе словы аднаго з крамлёўцаў у кулуарах учарашніх перамоў: «…Нас зусім не цешыць, што беларускія ўлады займаліся папулізмам за наш кошт».

Але, памуштраваўшы ўчора гасцей, сёння Масква палагоднела

і вуснамі міністра фінансаў Кудрына паведаміла: вось-вось дадуць 500 мільёнаў долараў — рэшту двухмільярднага крэдыту, «абмяркоўваюцца іншыя формы падтрымкі». Магчыма, маецца на ўвазе жаданы для Мінска крэдыт на 100 мільярдаў рублёў з дзвюхгаловым арлом: нібыта пад пераход на расійскую валюту ва ўзаемаразліках.

Зразумела, што пернікі — не за прыгожыя вочкі. Супольная працоўная група, паводле «Коммерсанта», складзе спіс нашых актываў, прывабных для расійскага бізнэсу.

Масква, карыстаючыся фінансавымі цяжкасцямі беларускага ўраду, фарсуе пытанне аб выкупе акцый «Белтрансгаза». Ну і па дробязях там: расійскі капітал нацэліўся, у прыватнасці, на нашу малакаперапрацоўку.

20 сакавіка гэта фактычна пацвердзіў беларускі прэм’ер Сідорскі. Маўляў, мы зацікаўлены «у болей актыўнай працы расійскага капіталу ў краіне». І ў прыватнасці, два ўрады «актыўна працуюць у пытанні ўдзелу расійскіх інвестараў у праектах у перапрацоўчай прамысловасці Беларусі, малочнай галіне». Звыш таго, Расія ўсё шчыльней падступаецца да будаўніцтва АЭС.

Разам з тым адметна, што па выніках учарашняга саміту

крамлёўцы маўчаць як рыбы наконт такой адчувальнай для іх праблемы, як еўрапейская гульня Лукашэнкі.

Зрэшты, фобіі афіцыйнага кіраўніцтва выразна прагаворваюцца расійскімі палітолагамі: маўляў, Брусель ціхай сапай возьме сінявокую рэспубліку, спакваля выведзе з зоны расійскага ўплыву, замкне санітарны кардон на ўсходніх межах ЕС!

Толькі ў інфармацыі БЕЛТА праз коску згадана, што ў Завідаве абмяркоўвалася сярод іншых і тэма ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрасаюзам. Прычым «ва ўсіх пытаннях дасягнута ўзаемаразуменне бакоў». Але — nota bene! — тут жа: «Прэзідэнты дамовіліся прадоўжыць размову ў самы найбліжэйшы час».

Калі ў прынцыпе пра ўсё дамовіліся, дык нашто пераліваць з пустога ў парожняе? Дробязі могуць улагодзіць і падначаленыя, не царская гэта справа.

Мусіць, нешта ўсё ж засталося вісець у паветры. Беларускаму кіраўніку, зрэшты, нічога не застаецца, як манеўраваць, валаводзіць у непрыемных пытаннях, што накідае расійскі бок. Найперш гэта тычыцца пытання аб прызнанні Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі, адчувальнага для Бруселя. Не хацелася б падносіць еўрапейскім дзеячам чарговую горкую пігулку менавіта зараз, калі вызначаецца фармат удзелу Беларусі ў новым праекце ЕС «Усходняе партнёрства».

Наколькі моцна выкручвалі ў Завідаве рукі наконт мяцежных грузінскіх правінцый, мы даведаемся неўзабаве.

Калі пытанне аб самаабвешчаных рэспубліках пажарна ўваб’юць ў парадак дня сесіі Палаты, што пачынаецца 2 красавіка, — значыць, Лукашэнку даціснулі. Хаця тут бабка надвая варажыла.

Зрэшты, Брусель хоць і драматызуе гэту тэму, але нават у горшым выпадку наўрад ці стане зачыняць перед носам Беларусі дзверы ва «Ўсходняе партнёрства».

Увогуле, ужо мільён разоў аглядальнікі патэтычна заяўлялі, што Лукашэнка апынуўся між молатам і кавадлам, але ён раз-пораз даводзіць няслушнасць метафары. Абсяг для манеўравання застаецца.

І рэч не толькі ў ягоным спрыце.

Па-першае, супярэчнасці між Расіяй і Еўропай запраграмаваны на доўгую перспектыву. І на іх можна пісьменна граць. Сёння мы бачым, што і Брусель, і Масква засцерагаюцца перагнуць кій.

Па-другое,

ні Крэмль, ні Еўрасаюз, калі разабрацца, так і не выпрацавалі сапраўды моцнай палітыкі ў беларускім пытанні.

Маскве ўвесь час і хочацца і колецца. Яна ўжо не верыць у саюзны праект і разам з тым праз шэраг прычын не здольная сёння на грубую інкарпарацыю. У выніку — ні два ні паўтара.

Еўропа жа па-ранейшаму хоча быць «трошкі цяжарнай» беларускім пытаннем. Грошай на «Усходняе партнёрства» адшкадавалі з вераб’ёву дзюбу: прыпадае па мільёнаў дзесяць за год на краіну — адзін лядовы палац! Так што нібыта і пазначылі жаданне гуляць на беларускім полі — але ж не той маштаб, каб перакупіць гульню!

Кажуць: ласкавае цяля дзвюх матак ссе. Беларускі кіраўнік паставіў эксперымент і высветліў, што нават і асаблівай ласкі выяўляць не варта. Перыядычна то Масква атрымлівае анучай па твары, то Брусель — але выціраюцца.

Што адзін, што другі цэнтр сілы вядуць адносна Беларусі лінію чакання, пакуль кліент саспее. Тым часам кліент пакрысе стрыжэ купоны.

Уявіць жа, што Масква і Захад дамовіліся супольна вырашыць беларускае пытанне, — гэта са сферы фантастыкі. Ні для тых, ні для іншых Лукашэнка, зразумела, не падарунак.

Але меркаванні геапалітыкі пераважваюць пытанне персоны і ўсталяванага ў краіне ладу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?