У суботу пад Сочы Мядзведзеў і Лукашэнка абмяркоўвалі тое, пра што не паспелі пагутарыць (ці, хутчэй, не дамовіліся) двума днямі раней ў Завідаве.

«Па замежнапалітычных аспектах, вядома, вельмі пажадана пагутарыць, каб не было ніякіх розначытанняў» — дэманстратыўна засведчыў лаяльнасць Лукашэнка. Насамрэч, трэба думаць, ніякага жадання трымаць перад маскоўскімі таварышамі адказ за еўрапейскія справы ў госця не было.

Вожыку зразумела, што ўлучэнне Беларусі ва «Усходняе партнёрства» Маскве не пад нос. Суботні «Коммерсант» падае гэтую падзею пад красамоўным загалоўкам: «Еўрасаюз умяшаўся ў саюзныя справы Расіі». Залез, так бы мовіць, на кананічную тэрыторыю.

«Тое, што «Усходняе партнёрства» ў пэўнай ступені мае антырасійскую скіраванасць, ёсць сакрэтам Полішынеля», — кажа беларускі палітолаг Андрэй Фёдараў. Ён адзначае, што

Крэмль сур’ёзна ўзяў у абарот слабыя звёны новай праграмы ЕС — Малдову і асабліва Беларусь.

Аналітык лічыць вельмі імаверным, што мара Какойты з Багапшам збудзецца ўжо на пачатку веснавой сесіі палаты прадстаўнікоў.

Па задуме Масквы, прызнанне Мінскам самаабвешчаных каўказскіх рэспублік сапсуе маліну ў яго дачыненнях з Бруселем, увалье ладную лыжку дзёгцю ў бочку «Усходняга партнёрства». Туды ж, не забывайма, запрасілі Грузію! Карацей, Лукашэнку не выпішуць білет у Прагу, ён пакрыўдзіцца — і пайшло-паехала. «Кому война, а кому мать родна».

Тым часам расійскі міністр замежных спраў Лаўроў у Бруселі сёння зноў чыхвосціў чэшскага калегу Шварцэнберга (Чэхія, нагадаю, старшынюе ў ЕС). Нашто, маўляў, той ставіць суверэннай Беларусі ультыматумы, каб не прызнавала Паўднёвую Асецію з Абхазіяй?

Дарэчы, аўтар гэтых радкоў таксама не надта разумее, чаму хітрамудрыя еўразвязаўскія дзеячы так дубова паводзяць сябе акурат у тым пытанні, у якім беларускі афіцыйны кіраўнік падпаў пад найбольшы ціск Масквы. Тым самым яны толькі распальваюць яе спартовы інтарэс: даціснуць!

Еўропе куды слушней было б найперш патрабаваць ад Лукашэнкі, каб адкручваў гайкі ўнутры краіны, дзе ён поўны гаспадар і дзе каліва лібералізацыі не такое ўжо і пагрозлівае для сістэмы.

Калі ж Мінск упрэцца рогам у пытанні мяцежных правінцый, то Масква проста закруціць кранік. У кабінетах ЕС не могуць не разумець гэтай форс-мажорнасці для Лукашэнкі — і ўсё адно педалююць тэму. Нашто? Каб потым яшчэ раз пачувацца як мыла з’еўшы?

Згадайма: перад восеньскімі выбарамі дзяўблі: развіццё дачыненняў мажлівае толькі пры ўмове, што парламент будзе абраны дэмакратычна, празрыста. Атрымалі анучай па твары — выцерліся і… прыпынілі санкцыі супраць чыноўнікаў. Перад самітам 19—20 сакавіка таксама гучаў рэфрэн: болей рэформаў і ўсё такое. Ніякіх саступак не дачакаліся — і ўсё адно ўлучылі «апошнюю дыктатуру» ў новы праект, бо гэта было ўжо запраграмавана.

Тым болей давядзецца выцерціся, калі пад Сочы Лукашэнку змусяць ужо ў найбліжэйшыя дні парадаваць Багапша ды Какойты. У Бруселя няма іншага выйсця, акрамя як праглынуць пігулку.

Увогуле ж, кладучы руку на сэрца, неба на зямлю не ўпадзе. Пытанне мае сімвалічную, а не рэальную геапалітычную вагу. І потым, не сталі ж выкідаць з «Усходняга партнёрства» Азербайджан, дзе Аліеў толькі што, лічы, аформіў сабе пажыццёвае цараванне!

Дарэчы, што да прызнання/непрызнання. Вось вам красамоўны працэс, што распачаўся днямі ў «мяккай падбрушыне» Еўропы. Сербія з Харватыяй рэзка ўзяліся ўладгоджваць стасункі, здавалася б, безнадзейна сапсаваныя пасля таго, як летась Заграб прызнаў Косава. Жыццё бярэ сваё. Харватыя, дарэчы, паабяцала Сербіі паспрыяць у набліжэнні да ЕС.

Дадамо: сам Еўрасаюз у спрэчным косаўскім пытанні расколаты ў прапорцыі 22:5. Іспанія, напрыклад, сытая па горла сепаратызмам баскаў і каталонцаў, катэгарычна супраць прызнання Прышціны. І не цягаюць жа еўрапейскія лідэры праз гэта адзін аднаго за чубы на самітах! :)

Ну а тэму «Беларусь і прызнанне каўказскіх рэспублік» некаторыя дзеячы Еўрасаюзу акцэнтуюць, як падаецца, яшчэ і таму, што за кошт гэтага можна эфектна абмалявацца ў вачах еўрапейскіх бюргераў, напалоханых леташняй вайной на Каўказе.

Звыш таго, еўрапейскія палітыкі хапаюцца за тое, што на паверхні, на вуснах абываталяў, бо не маюць прадуманага спісу патрабаванняў да беларускага боку. Той самай дарожнай карты, пра якую яшчэ з восені дзяўблі аналітыкі.

Пра рэальныя вынікі размоў пад Сочы мы даведаемся найхутчэй што праз некалькі дзён. Адно што без «розначытанняў», пра непажаданасць якіх заявіў Лукашэнка, у любым выпадку не абыдзецца і надалей.

Калі хочаце, менавіта на «розначытаннях» ён будуе ўсю сваю палітыку манеўравання між Масквой і Бруселем.

І, рызыкнем спрагназаваць, не адмовіцца ад яе, нават калі ў пытанні мяцежных правінцый капітулюе (што яшчэ не факт). Дарэчы, гэты прэсінг лішні раз паказвае яму, як важна мець еўрапейскі тыл.

Еўропа ж магла б болей тонка скарыстоўваць гэты інтарэс і болей прадумана выбіраць пункты, на якія варта дазавана, але сістэмна ціснуць. Бог з імі, тымі каўказскімі справамі! Нам важней, каб нешта мянялася ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?