У Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрзі) знаходзіцца беларуская праваслаўная царква імя Сьв. Еўфрасіньні Полацкай і вялікі будынак з паркам Беларускага грамадзка-культурнага цэнтру.

У горадзе й ваколіцах жыве цімала ўраджэнцаў зь Беларусі ды іхніх нашчадкаў.

Тут гадамі, ад пачатку 1960-х гг., замацавалася традыцыя вывешваць на галоўнай вуліцы гораду каля будынку музэю беларускі бел-чырвона-белы сьцяг на адзначэньне ўгодкаў абвешчаньня ў Менску 25 сакавіка 1918 году незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Такая ўрачыстасьць адбылася й сёлета.
Мінулае суботы 21-га сакавіка ўраньні каля будынку музэю, дзе стаіць помнік амэрыканскім вэтэранам, сабраліся прадстаўнікі гарадзкое ўправы ды амэрыканска-беларускіх арганізацыяў на ўрачыстасьць узьняцьця сьцягу. На флагштоку, на якім вісіць амэрыканскі сьцяг, быў узьняты і бел-чырвона-белы як сымбаль вольнай Беларусі.

Мэр гораду Саўт-Рывэру прачытаў дзьве праклямацыі: адну ад імя ўправы гораду, а другую, атрыманую ад губэрнатара штату Нью-Джэрзі.

У праклямацыях дзень 25 сакавіка 2009 году абвешчаны Днём Беларускай Незалежнасьці ў Саўт-Рывэры ды ў цэлым штаце з заклікам адпаведна ўшанаваць гэтыя ўгодкі.

Беларускі сьцяг у Саўт-Рывэры будзе вісець на працягу тыдня, а ў царкве сьв. Еўфрасіньні Полацкай будзе адслужаны адпаведны малебен за здароўе й дабрабыт беларускага народу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?