Літаратурнай прэміяй «Гліняны Вялес» за 2008 год уганараваны празаік Барыс Пятровіч (Сачанка) за кнігу мініятураў «Жыць не страшна».
Прэмію яму ўручыў каардынатар яе прысуджэння Алесь Аркуш у суботу ў Полацку ў Музеі беларускага кнігадруку, у Міжнародны дзень паэзіі. Лаўрэата віталі дзесяткі палачанаў і гасцей старадаўняе сталіцы.

У Барыса Пятровіча «Вялес» – першая літаратурная прэмія. У сваёй ляўрэацкай прамове ён гаварыў пра сваё пакаленне ў беларускай літаратуры, пакаленне 50‑гадовых, як пра замоўчанае і незаўважанае.

Ураджэнец паўднёвае Гомельшчыны Пятровіч да пачатку 2000‑х працаваў спачатку ў «ЛіМе», пасля ў «Полымі». Пасля ўвядзення ў выданнях ідэалагічнага кантролю перайшоў на вольныя хлябы. Цяпер Барыс Пятровіч рэдагуе незалежны літаратурны часопіс «Дзеяслоў». Ён аўтар філасофскае прозы.

«Гліняны Вялес» быў заснаваны Таварыствам вольных літаратараў на пачатку 90-х як процівага занадта традыцыяналісцкім густам адбору на прэміі дзяржаўныя.
Прэмія прысуджаецца за найлепшую кнігу. Лаўрэата абірае кола крытыкаў. У мінулыя гады прэміяй былі адзначаныя як вядомыя творцы - Алег Мінкін, Людка Сільнова, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Ігар Бабкоў, так і нечаканыя аўтары з малых вёсак і гарадкоў, як Мікола Папека.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?