У сувязі з пандэміяй каранавіруса Нарвегія забараніла выезд медычнага персаналу за мяжу, паведамляе vg.no.
Гэтае рашэнне было прынятае з прычыны пандэміі каранавіруса.
На сёння колькасць выяўленых у гэтай скандынаўскай краіне носьбітаў віруса перавысіла 700.
Аналагічнае рашэнне прыняла Венгрыя, якая ўвяла рэжым надзвычайнай сітуацыі. Будапешт закрыў межы краіны з Аўстрыяй і Славеніяй, а таксама забараніў на час эпідэміі выезд з краіны медыкаў, супрацоўнікаў сілавых структур, устаноў гігіены, мытнікаў і падатковікаў.
У Венгрыі пакуль зарэгістравана толькі 16 выпадкаў заразы, урад краіны імкнецца засцерагчыся ад пашырэння.
Меры надзвычайнага характару прыняла таксама Славаччына: яна закрыла аэрапорты краіны.
Славенія закрыла мяжу з Італіяй.
ЗША закрылі межы для ўезду з краін Еўрапейскага саюза.
Літва, Украіна, Данія і Нарвегія адправілі на каранцін усе школы і ўніверсітэты.
Найгоршая эпідэміялагічная сітуацыя ў Еўропе на сёння адзначаецца ў Ісландыі, Італіі, Нарвегіі, Даніі, Швейцарыі.
У Беларусі колькасць выяўленых заражэнняў на душу насельніцтва пакуль невысокая.