У Беларусі новы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання. Паведамляе тэлеграм-канал Пул першага. Ім стаў Іван Крупко.
Такім чынам ранейшы міністр Анатоль Хацько правёў на пасадзе менш за год.
Гаворачы пра прычыны замены кіраўніка міністэрства, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што для гэтай пасады спатрэбіўся больш дасведчаны кіраўнік. Лукашэнка разлічвае, што вопыт работы Івана Крупко, атрыманы за час кіраўніцтва Мінскім раёнам, дазволіць надаць большую дынаміку развіццю сельскай гаспадаркі ў Беларусі.
«Сам разумееш: спакойна там нельга працаваць, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да міністра. — Там заўсёды трэба будзе варушыцца, ды яшчэ як варушыцца».
Што наконт ранейшага міністра Анатоля Хацько, ён пяройдзе на іншую працу. «У яго прафесія добрая. У нас у жывёлагадоўлі праблем хапае. Страціць яго ні ў якім разе нельга, трэба даць працу», — сказаў Лукашэнка.
Іван Крупко нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Бурлевічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут у 1998 годзе і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі ў 2007-м.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1998 годзе, быў галоўным заатэхнікам калгаса «Рассвет» ў Нясвіжскім раёне. З 2003 года перайшоў у Нясвіжскі райвыканкам, дзе спачатку займаў пасаду начальніка аддзела па арганізацыі вытворчасці і перапрацоўцы прадукцыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а з 2006 года — першага намесніка начальніка ўпраўлення, начальніка аддзела. У 2010-м кіраваў гэтым ўпраўленнем, быў першым намеснікам старшыні Нясвіжскага райвыканкама. У 2010—2018 гадах узначальваў гэты райвыканкам.