Фота Волі Афіцэравай

Фота Волі Афіцэравай

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла, што зладзіць сёння пад вечар адзіночны пікет каля Дома ўрада ў Мінску.

Яна апублікавала ў сваім тэлеграм-канале зварот да ўрада: «Паважанае спадарства, не бярыце грэх на душу — абвясціце ў краіне каранцін, закрыйце межы».

Ганна Канапацкая сказала карэспандэнту «Свабоды», што «калі ўлады так не рэагуюць, то трэба рэагаваць нам».

«Адзіная ўпаўнаважаная асоба, якая можа прыняць гэтае рашэнне, — урад у асобе прэм’ер-міністра альбо віцэ-прэм’ера, якія адказваюць за ахову здароўя. Сёння я не бачу гатоўнасці беларускай медыцыны процістаяць эпідэміі, якая ўжо адбываецца ў Беларусі. На ўвесь Мінск у нас адна інфекцыйная лякарня для дарослых, пабудаваная ў 1913 годзе на 200 ложкаў. Гэта ненармальна. Лічу, што наша ўлада не гатовая супрацьстаяць сур’ёзным выклікам», — сказала Канапацкая.

Яна лічыць, што каранцін трэба было ўводзіць «яшчэ ўчора».

«А калі казаць у прынцыпе аб праблемах у ахове здароўя, то трэба было будаваць не новую лякарню для выбраных чыноўнікаў, а інфэкцыйную. І трэба праводзіць сур’ёзную структурную рэформу ў ахове здароўя», — сказала Канапацкая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0